Гандлёвы цэнтар «Тытан» у Менску нагадвае гэтымі днямі фантастычны фільм: тут можна пабачыць робатаў, якія сьпяваюць, танцуюць, робяць цацкі і вядуць зь людзьмі паўнавартасныя размовы. Свабода наведала выставу робататэхнікі, дзе ўзяла інтэрвію ў беларускамоўнага робата.
«Баль робатаў» працягваецца ў Менску ўжо другі месяц. Каля дваццаці робатаў сабраныя з усяго сьвету дзеля адной выставы. Інтэрактыўныя робаты выконваюць розныя функцыі: вызначаюць сумяшчальнасьць людзей, сьпяваюць і чытаюць вершы на запыт, танцуюць.
Адзін з робатаў — R.Bot 100 — вядзе размовы з наведнікамі. Ён ужо мае вялікую базу магчымых пытаньняў і адказаў. А гаворыць з дапамогай моўнага сынтэзатара.
Родная мова Барыса, як называе сябе робат, — расейская. Але яго можна навучыць і іншым мовам. Адмыслова для Свабоды арганізатары беларусізавалі Барыса. Што ён думае пра каханьне, курс даляра праз год і робата-прэзыдэнта, глядзіце ў відэаінтэрвію.
Акрамя забаваў, робаты такога тыпу могуць выкарыстоўвацца ў якасьці інфарматараў, кансультантаў, гідаў. Ужо сёньня праходзіць экспэрымэнт па дыстанцыйным навучаньні з дапамогай робата.
«Такіх робатаў можна паставіць замест лектараў ці настаўнікаў, яны могуць распавядаць інфармацыю студэнтам, — кажа Арцём Варанкоў, адміністратар выставы. — Таксама яго можна выкарыстоўваць як робата-няню».