Беларусь аказалася сярод краінаў з найтаньнейшым шырокапалосным доступам у інтэрнэт

Ілюстрацыйнае фота

Брытанская кампанія cable.co.uk правяла дасьледаваньне сярэдніх цэнаў на шырокапалосны доступ у інтэрнэт у 196 краінах сьвету. У сярэднім у сьвеце давядзецца заплаціць 78,4 даляра за месяц хуткага інтэрнэту.

Сярод краінаў з самым танным доступам да хуткага інтэрнэту аказалася Беларусь: яна на 7-м месцы ў сьвеце з 12,77 даляраў (каля 25,5 рубля) за месяц шырокапалоснага доступу да інтэрнэту. Яшчэ таньнейшы — у суседніх Малдове (4-е месца з 10,8 даляра), Расеі (3-е месца з 9,93 даляра), Украіне (2-е месца з 5,51 даляра). Крыху даражэйшы — у Польшчы (13-е месца з 19,03 даляра) і Латвіі (16-е месца з 19,6 даляра), заўважна даражэйшы — у Эстоніі (29-е месца з 27,31 даляра) і Літве (122-е месца з 69,6 даляра).

Самы танны інтэрнэт аказаўся ў Іране — там за шырокапалосны доступ просяць толькі 5,37 даляра на месяц. Праўда, калі ў Беларусі хуткі інтэрнэт мае роўна траціна жыхароў, у Іране — толькі 11,6%. Самы дарагі інтэрнэт — у Намібіі (440 даляраў за месяц), Папуа — Новай Гвінэі (597 даляраў) і Буркіна-Фаса (961 даляр). Паўночная Карэя, дзе доступ да інтэрнэту для звычайных грамадзянаў фактычна забаронены, у рэйтынгу адсутнічае.

Цэны на шырокапалосны інтэрнэт у розных краінах сьвету паводле cable.co.uk. Выява: Statista.com

Танны, але несвабодны

Інтэрнэт у Беларусі танны, але, паводле дакладу Freedom House, несвабодны: ёсьць абмежаваньні кантэнту, блякаваньні доступу (у тым ліку забарона сродкаў ананімнага доступу), парушэньні правоў карыстальнікаў, у сацсетках і на форумах дзейнічаюць у тым ліку крамлёўскія тролі. Таксама несвабодны інтэрнэт у Іране і Расеі, але часткова свабодны — ва Ўкраіне.

Беларусь таксама назвалі 32-й у сьвеце ў разьвіцьці ІТ і камунікацыяў. У рэйтынгу кібэрбясьпекі Беларусь тым часам мае даволі высокае 39-е месца. Але ў рэйтынгу самых «разумных» гарадоў сьвету няма беларускіх.