Магчыма, ён адзіны ў Беларусі рэстаўратар-мэцэнат, які сваім коштам рэстаўруе старажытныя абразы і ахвяруе іх цэрквам і касьцёлам. Госьцем перадачы — Ігар Сурмачэўскі.
— Спадар Ігар, а калі вы адрэстаўравалі свой першы абраз? Зь якім пачуцьцём вы да яго падступаліся?
— Усё маё дзяцінства, а вырас я ў Вязані і Фаніпалі пад Менскам, праходзіла ў прысутнасьці каталіцкага абраза Маці Божай Вастрабрамскай, які вісеў у нашай хаце. А першы крок да разуменьня сакральнага мастацтва я зрабіў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе мне пашчасьціла быць вучнем Міхася Раманюка. Менавіта ад яго мы, студэнты, даведаліся, што такое беларускае мастацтва ўвогуле, што ўяўляе зь сябе, прыкладам, беларускі ўніяцкі сакральны жывапіс. Пасьля заканчэньня інстытуту я працаваў на мастацкім камбінаце — займаўся дызайнам, вітражамі. А ў той час (1990 год) у Менску адчынілася першая антыкварная крама. Калі я туды зайшоў, мяне больш за ўсё зьдзівіла, што там можна набыць абраз. І я набыў у той краме за 10 савецкіх рублёў невялічкую ікону сьвятога Мікалая, якая патрабавала рэстаўрацыі. А рэстаўрацыі ў інстытуце нас ніхто не вучыў. Ніхто не паказваў нам, як працаваць з сусальным золатам, як класьці ляўкас. Давялося займацца самаадукацыяй, вывучаць тэхнікі старых майстроў, розныя іканапісныя школы.
— А колькі абразоў прайшло праз вашыя рукі?
— Іх няшмат. Рэч у тым, што я рэстаўрую абразы як мэцэнат. Праваслаўная царква і Каталіцкі касьцёл ня плацяць мне грошы. Я шмат вандраваў па Беларусі, па касьцёлах і цэрквах, і калі бачыў абразы, якія паміралі, то за іх і браўся. Скажам, гэта абраз Дзісенскай Адзігітрыі. Ён вісеў у закутку, і ніхто ня бачыў, што гэта шэдэўр. Але цяпер ён вярнуўся ў беларускае мастацтва, бо гэта — каштоўнасьць накшталт абразоў, выкананых «украінскім Рафаэлем» Ёвам Кандзялевічам (1667–1740). Мне думаецца, што мы яшчэ не адкрылі імёны беларускіх Рафаэляў — іканапісцаў, пасьля якіх засталіся сапраўдныя шэдэўры. Адрэстаўраваў я і цудатворны абраз Ружанскай Адзігітрыі. Гэта патрабуе і часу, і духоўных высілкаў, і немалых фінансавых сродкаў. Скажам, рэстаўрацыя аднаго абраза каштуе пяць-сем тысячаў даляраў. Таму сьвятары і апякунскія рады пры храмах рэдка зьвяртаюцца да прафэсіяналаў, яны знаходзяць «мастакоў», якія могуць зрабіць справу хутка і танна.
— Ведаю, што вы адрэстаўравалі старажытны абраз Полацкай Маці Божай ХVІ стагодзьдзя, фактычна — вярнулі яго ў Беларусь. Як гэта адбылося?
— Існуюць два абразы Полацкай Маці Божай — арыгінал ХІІ і сьпісак ХVІ стагодзьдзя. Арыгінал знаходзіўся ў Полацку, і калі дачка Брачыслава Полацкага княжна Аляксандра выходзіла замуж за Аляксандра Неўскага, тым абразом яны былі дабраславёныя на шлюб. Вянчаньне адбылося ў горадзе Таропцы. Абраз знаходзіўся ў таропецкім храме да 1936 году. Калі храм быў зачынены, абраз трапіў у Дзяржаўны Расейскі музэй у тагачасным Ленінградзе. А адносна нядаўна паводле дамоўленасьці паміж Міністэрствам культуры РФ і Патрыярхатам РПЦ ён перададзены ў новазбудаваны храм у катэджавым пасёлку Княжае Возера пад Масквой.
Цяпер пра гісторыю абраза ХVІ стагодзьдзя. Калі Іван Жахлівы ваяваў зь Вялікім Ноўгарадам, на зваротным шляху ён меўся ісьці праз Пскоў і Таропец. У Таропцы ведалі пра звычай цара забіраць у Маскву праваслаўныя сьвятыні, дзе б ён іх ні бачыў. І тарапчане, каб уратаваць абраз ХІІ стагодзьдзя, напісалі падробку — для Івана Жахлівага. Цар тады да Таропца не дайшоў. Так у мясцовым храме і захоўваліся два аднолькавыя абразы — ХІІ і ХVІ стагодзьдзяў.
— А якім чынам «маладзейшы» абраз трапіў на ваш рэстаўрацыйны стол?
— Пасьля таго як храм у Таропцы быў зачынены, абраз забралі вернікі. Потым ён, верагодна, быў прададзены ў Маскву, а праз маскоўскіх антыкварных дылераў трапіў да мяне. Не адразу — тут цэлая гісторыя. Калі мне яго прапанавалі (нятанна!), ён быў моцна пашкоджаны, і я не адразу ўсьвядоміў, што гэта за абраз. Прыехаў дадому, літаратуру адпаведную пачытаў. А калі ўсё ж вырашыў абраз набыць, мне маскоўскія хлопцы адказалі, што цана падвоілася... Усё ж я яго набыў, прывёз у Беларусь і доўгі час ня ведаў, што зь ім рабіць. Аднойчы да мяне прыйшоў рэстаўратар мітрапаліта Філярэта. І як толькі ён убачыў гэты абраз, у яго рукі склаліся і голас задрыжаў... Абраз быў паказаны ўладыку Філярэту, і ён пасьля некалькіх працяглых гутарак пажадаў, каб я яго рэстаўраваў. А я вырашыў ахвяраваць абраз Беларускай праваслаўнай царкве, хоць сам я каталік. Перад рэстаўрацыяй мы з полацкімі манахінямі паехалі ў Таропец і паразмаўлялі з настаяцелем Таропецкай царквы. Ён ня ведаў, што абраз у мяне, і прызнаўся, што яны яго заўзята шукаюць і што расейскія мэцэнаты гатовыя заплаціць за яго 10 мільёнаў даляраў. Я вушам сваім не паверыў...
Ён ня ведаў, што абраз у мяне, і прызнаўся, што яны яго заўзята шукаюць і што расейскія мэцэнаты гатовыя заплаціць за яго 10 мільёнаў даляраў. Я вушам сваім не паверыў...
— Не шкадуеце, што ахвяравалі абраз БПЦ? Можна было ашчасьлівіць таропецкага бацюшку...
— Не шкадую. Ня ўсё вымяраецца грашыма, і мне сёньня вельмі радасна на душы, што абраз знаходзіцца ў Полацкім манастыры. Менавіта з гэтага абраза і пачалася мая рэстаўрацыйная дзейнасьць, ён стаў маім стартам. За тое, што я ахвяраваў абраз Праваслаўнай царкве, я атрымаў ордэн сьвятой Эўфрасіньні Полацкай.
— Было б справядліва, каб абраз ХІІ стагодзьдзя з Княжага Возера вярнуўся ў Беларусь, а абраз ХVІ стагодзьдзя ў парадку абмену вярнуўся ў Таропец — ён жа быў створаны там.
— Да такога абмену я стаўлюся скептычна. Цяпер расейскія гісторыкі і мастацтвазнаўцы пішуць працы пра тое, што абраз, які знаходзіцца ў Княжым Возеры, ня мае ніякага дачыненьня да беларускай гісторыі, бо быў напісаны ў Пскове і г.д. Робіцца гэта, каб узвысіць веліч Расейскай дзяржавы. І я задаволены, што ў піку расейскім навукоўцам хоць абраз ХVІ стагодзьдзя прыйшоў у Полацак.
— Калі вы рэстаўруеце старыя і дужа пашкоджаныя абразы, на якіх і абліччы не засёды відаць, чым вы кіруецеся, апрача інтуіцыі?
— Тут галоўнае, як хірургу, не зрабіць фатальны крок — ня выдаліць аўтарскі жывапіс. Выдаліўшы — ня вернеш. Таму сем разоў адмераеш, перш чым нешта адрэзаць. Рэстаўрацыя той жа Полацкай Адзігітрыі доўжылася паўтара года. Так, там таксама абліччы былі вельмі пашкоджаныя. Ад жывапісу ХVІ стагодзьдзя заставалася 5-7%. Маю на ўвазе абліччы Марыі і Хрыста. Бо астатняе было ў вельмі добрым стане. Потым давялося вырашаць праблему з паднаўленьнямі, якія рабіліся кожнае стагодзьдзе (часам нават двойчы).
— Вы параўналі сябе з хірургам, які лечыць людзей. Вы «лекуеце» абразы, у тым ліку цудадзейныя. А яны вам нейкім чынам дапамагаюць?
— Былі такія моманты. Рэч у тым, што антыкварны рынак (асабліва ў Маскве) вельмі жорсткі. І аднойчы здарылася так, што мяне «кінулі» на вялікую суму. Былі вялікія праблемы... І са здароўем было кепска, я бясконца хадзіў па лекарах і паліклініках. Нічога не дапамагала. І тут да мяне трапіў на рэстаўрацыю цудадзейны абраз Дзісенскай Адзігітрыі. І менавіта ён мне дапамагог. Так што можна сказаць: я лекую абразы, а яны ацаляюць мяне. Калі я працаваў над Дзісенскай Адзігітрыяй, да мяне зайшла знаёмая і не змагла знаходзіцца ў пакоі — такім жарам на яе ад абраза павеяла! І такое бывае.
— У вас вялікая калекцыя розных старажытных артэфактаў — пячатак, упрыгожваньняў, прадметаў побыту. З 1 студзеня 2017 году ў Беларусі дзейнічае прэзыдэнцкі ўказ, паводле якога ўсе прыватныя калекцыі мусяць прайсьці рэгістрацыю ў дзяржаўных органах. Вы свой збор ужо зарэгістравалі?
Чаму нейкая камісія павінна ацэньваць маю калекцыю? Я ж не зьбіраюся яе прадаваць ці вывозіць зь Беларусі
— Не. І не зьбіраюся гэтага рабіць. Чаму нейкая камісія павінна ацэньваць маю калекцыю? Я ж не зьбіраюся яе прадаваць ці вывозіць зь Беларусі. Хоць многія мае калегі пра гэта сталі падумваць, каб ня мець праблемаў зь дзяржавай. Бо гэта праблема насамрэч. Трэба бегаць па міністэрствах, зьбіраць нейкія даведкі. Таму некаторыя калекцыянэры проста вывезуць свае калекцыі ў тую ж Маскву, дзе ім дадуць за іх добрыя грошы. Ці ў Кіеў. Бо ва Ўкраіне вельмі шмат калекцыянэраў, якія зьбіраюць артэфакты, зьвязаныя з ВКЛ. І згаданы ўказ выштурхне беларускія зборы туды.
— І дзе тут выйсьця шукаць?
— Проста беларуская дзяржава павінна шчыльней працаваць з прыватнымі калекцыянэрамі. Ня трэба заганяць нас у кут. Напрыклад, у Вялікабрытаніі ці Нямеччыне, калі чалавек знаходзіць скарб, дзяржава выкупляе яго па рынкавым кошце. А ў нас адразу імкнуцца забраць альбо перапісаць, каб урэшце таксама сканфіскаваць.
— Магчыма, той указ зьявіўся як рэакцыя на леташнюю дыскусію пра «чорных капальнікаў». Трэба ж зь імі неяк змагацца.
— Капальнікі таксама бываюць розныя. У маёй калекцыі многа артэфактаў, паднятых якраз з палёў. Калі іх не вымаць зь зямлі, то праз пэўны час салетра ды іншыя хімікаты сапсуюць іх, і мы іх канчаткова страцім. Я згодны, што нельга парушаць курганы, старажытныя гарадзішчы, якія знаходзяцца пад аховаю дзяржавы. Але бывае, што калгасны трактар разворвае курган, як тое адбылося з курганамі Х—ХІ стагодзьдзяў на Наваградчыне. Потым на вялізным полі знаходзілі рэчы, датычныя вікінгаў, — пярсьцёнкі, мячы, канцавікі ад похваў для зброі. І многія знаходкі з таго поля трапілі ў маю калекцыю. Некаторыя зь іх маюць характэрныя пашкоджаньні — ад плуга ці трактарных тракаў. Яны ўратаваліся цудам, а маглі проста прапасьці, як незваротна прапала шмат чаго ў нашай гісторыі.
Ігар Сурмачэўскі — мастак, рэстаўратар, калекцыянэр. Нарадзіўся ў 1961 годе ў вёсцы Вязань Дзяржынскага раёну. Закончыў Менскі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1990 году займаецца рэстаўрацыяй абразоў. Узнагароджаны ордэнам сьвятой Эўфрасіньні Полацкай за заслугі перад Беларускай праваслаўнай царквой (2010).