Ігар Чарняўскі, былы начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, распавядае, як рэстаран «Поедем поедим» зьявіўся каля Курапат.
«Гэта цяпер усе кажуць, што мы туды ніколі ня пойдзем. А мы гэта сказалі яшчэ ў 2012 годзе»
— Вы пільна адсочваеце ўсё, што цяпер адбываецца вакол рэстарана «Поедем поедим», публікацыі, якія яго датычаць. Што лічыце патрэбным дадаць да асьвятленьня гэтай сытуацыі?
— Сёньня ўвесь акцэнт на гэты рэстаранны комплекс, таму што ён там адзін. Але ніхто не зьвяртае ўвагі, што поле з боку вуліцы Мірашнічэнкі чыстае і пустое. І што за заслаўскай дарогай, у бок вёскі Дроздава, таксама чыста, і насупраць курапацкага масіву няма крамы, хоць гэта быў бы гандлёвы цэнтар з кавярняй і вялікай аўтастаянкай.
Спачатку пачалі разглядаць пытаньне гэтага рэстарана, але ўжо ў 2013 годзе зьявілася іншая праблема, якую я лічу больш вострай. Бо калі б там паўстаў міжнародны выставачны цэнтар, то гэта было б ня толькі пытаньне маралі, але і страшэнныя нагрузкі. Чатыры вялізарныя выставачныя павільёны, высотны гатэль. Зразумела, што ў гэтым комплексе быў і рэстаран, і гандаль. Значыць, дадатковыя вялікія працы па ўладкаваньні разьвязак, пад’ездаў, я ўжо не кажу пра інжынэрныя камунікацыі.
Міністэрства культуры пасьлядоўна адстойвала, што перш чым разважаць, як разьмяшчаць гэты выставачны цэнтар, неабходна распрацаваць праект зон аховы, каб ацаніць тэрыторыю.
Было шмат нарадаў. І ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, якая выступала заказчыкам і ініцыятарам гэтага цэнтру. Вядома было, што ўжо зносіцца будынак ВДНГ на Янкі Купалы, кудысьці ім трэба было перамяшчацца. І ў Міністэрстве культуры нават на ўзроўні міністра гэтыя нарады праходзілі.
Канчатковую кропку паставіў Савет міністраў, які прыняў прапанову Міністэрства культуры пра тое, што распрацоўваецца праект зон аховы, а далей ужо вядзецца далейшае праектаваньне дэталёвага пляну.
На пэрыяд 2013–14 гадоў да зацьвярджэньня праекту зон аховы, што адбывалася з удзелам Міністэрства культуры і Ўпраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, больш актуальным было гэтае пытаньне. Як і тэрыторыя з боку Дроздава, дзе было імкненьне забудоўшчыка Сонечнага пасёлку пабудаваць краму.
Рэстаранны комплекс быў усё ж такі з тылу, і абгрунтаваньне, якое рыхтавала «Менскграда», прадугледжвала, што ён будзе адсечаны буфэрам і ўзьдзеяньня аказваць ня будзе.
Яшчэ ў 2012 годзе, як стала вядома, што там ужо амаль гатовы комплекс, пайшлі лісты зь Міністэрства культуры і на аблвыканкам, і на забудоўшчыка. Мы ім указвалі, што калі яны частку комплексу прыбяруць, то з пункту гледжаньня закону было б цяжка прад’явіць да іх прэтэнзіі.
Але з пункту гледжаньня маралі, канечне, разьмяшчаць рэстаранны комплекс абсалютна няправільна. Гэта цяпер усе кажуць, што мы туды ніколі ня пойдзем. А мы гэта сказалі яшчэ ў 2012 годзе. На інвэстара гэта не падзейнічала. Ён імкнуўся захаваць гэты комплекс усімі магчымымі шляхамі.
— Грамадзкасьць мяркуе, што ініцыяваная Міністэрствам культуры распрацоўка праекту новых зон аховы зьменшыла ранейшыя ахоўныя зоны (вакол Курапат на карысьць рэстарана. — РС). Ёсьць як мінімум два запыты ў Генэральную пракуратуру з просьбай праверыць, на якой падставе зоны аховы былі зьмененыя.
— Так, з боку гэтага комплексу адбылося зьмяншэньне. Але не таму, што мэханічна захацелі (правесьці мяжу зоны аховы. — РС) па плоце (рэстарана. — РС), а праводзілася праца. Заказчыкам на праект зон аховы было «Менскграда». І гэты праект разглядаўся адкрыта і папярэдне абмяркоўваўся.
У 2007 годзе была падрыхтавана схема функцыянальнага занаваньня тэрыторыі кальцавой дарогі. І яна тады была ўзгоднена кіраўніком дзяржавы.
Тут трэба яшчэ такую дэталь ведаць.У 2007 годзе была падрыхтавана схема функцыянальнага занаваньня тэрыторыі кальцавой дарогі. І яна тады была ўзгоднена кіраўніком дзяржавы. Мы пра гэта даведаліся ў Міністэрстве культуры, калі пачалі разглядаць усе гэтыя пытаньні. Я так разумею, што гэтая схема таксама ўплывала на тое, што дзе патэнцыйна разьмяшчалася. Калі кіравацца ёй, то на кальцавой дарозе фактычна пустых месцаў няма.
Канечне, пракуратура праверыць і ўбачыць, што былі абгрунтаваньні, матэрыялы. Праект зон аховы — гэта фактычна род горадабудаўнічай дакумэнтацыі. У прынцыпе, ён можа карэктавацца, нават памяняцца пры наяўнасьці нейкіх новых дадзеных.
«Схему зон аховы я намаляваў сваёй рукой»
— Тады давайце вернемся ў 2004 год, калі зацьвярджаецца Пастанова Міністэрства культуры № 15, якая вызначае зоны аховы вакол Курапат. Заўжды кажуць, што гэты праект распрацаваны Косьціч і Кукуняй...
— Я зраблю такое ўдакладненьне. Сапраўды, у аснову бралася прынамсі дасьледаваньне тэрыторыі, якое праводзіла Вольга Рыгораўна [Кукуня]. Больш за тое, каб ня быць абвінавачаным, адкуль ты гэта ўзяў, там ёсьць спасылка на матэрыялы РУП «Праектрэстаўрацыя», у якім гэта рабілася.
З аднаго боку, гэтая схема зробленая на фрагмэнце Генэральнага пляну, які толькі што быў зацьверджаны ў 2003 годзе. Калі ўважліва паглядзець, там (на схеме. — РС) ёсьць суцэльная чорная лінія вакол Курапатаў. Часткова ахоўныя зоны — кружочкі, ад рукі намаляваныя — праходзяць па той лініі. Часткова там ёсьць удакладненьне. Чаму? Бо гэтая схема рыхтавалася ў палявых умовах у дастаткова неспрыяльны пэрыяд у лістападзе. Акрамя аркуша паперы, алоўка і ног, якія мералі гэтыя мэтры, нічога іншага не было — ані рулетак, ані тэадалітаў... Там напісана «мэтры», але насамрэч гэта крокі.
Я, напрыклад, сёньня дакладна не магу сказаць, ад каторага дакладна дрэва мераліся гэтыя крокі.
Асноўная прэтэнзія да гэтага праекту (Кукуні-Косьціч. — РС) зон аховы з боку Менаблвыканкаму і Менрайвыканкаму была — «чаму такія вялізныя тэрыторыі ўзятыя»? Калі пачынаеш тлумачыць, што «вось візуальнае ўспрыманьне...», то яны (чыноўнікі. — РС) мне проста адказвалі: «Давайце сядаем на машыну, паедзем туды, я вам пакажу, як я бачу і хто з нас будзе мець рацыю».
— Але чаму Міністэрства культуры мусіць атрымліваць згоду на Пастанову аб праекце зон аховы ў аблвыканкаму і райвыканкаму?
— Бярэм закон аб нарматыўна-прававых актах. Пастанова — гэта акт, які прымаецца калегіяльна. Павінна быць пісьмовае сьцьверджаньне, што зацікаўленыя бакі далі сваю згоду — ці гэта ліст, ці гэта, як у дадзеным выпадку, візіраваньне, нават зь пячаткай аблвыканкаму і гарвыканкаму.
— У выніку тады праект Кукуні-Косьціч ня цалкам трапіў у пастанову?
Ня цалкам. Я зараз не магу вам сказаць, у якой частцы тэкст выкарыстаны, бо трэба глядзець. А схема, канечне, не супадае з тым картаграфічным матэрыялам, які рыхтавалі яны.
— А хто тэхнічна зрабіў схему, якая зацьвярджаецца пастановай № 15?
— Я яе намаляваў сваёй рукой. Толькі што быў зацьверджаны ўказам прэзыдэнта Генэральны плян Менску і прылеглых тэрыторый. Я зьвярнуўся да сьветлай памяці Лідзіі Зайцавай, гэта выдатны архітэктар і горадабудаўнік. Абмеркавалі зь ёй, яна мне дала кавалак, зроблены на «сіньцы». Я яе выкарыстаў як аснову. Спачатку ад рукі на паперы зрабіў у лістападзе ў полі. Надвор’е страшна гадкае было, ляжаў сьнег, мокра, вецер. А вечарамі перанёс на кавалак Генэральнага пляну, які ў мяне быў.
— Але ўзгодненая менавіта схема зон аховы?
— Схема. Пастанова так і завецца: «Аб зацьвярджэньні схемы». Зноў жа, чаму схема? Я вам таксама патлумачу. Таму што праект зон аховы ўтрымлівае значна больш матэрыялаў. Яго абгрунтавальная частка — гэта фактычна гістарычная даведка. Я палічыў, што ня маю права яе выкарыстаць, бо яна падлягае аўтарскаму праву. Гэта аўтарства Вольгі Рыгораўны (Кукуні. — РС), а не маё. Мы пайшлі на тое, каб назваць гэта схемай, таму што гэта не паўнавартасны праект. Хоць мы ўвесь час ім карысталіся як правамоцным дакумэнтам. Там былі подпісы кіраўнікоў і аблвыканкаму, і гарвыканкаму.
У нейкі пэрыяд хтосьці заявіў, што гэта, маўляў, «часовая схема, што тут на яе зьвяртаць увагу». Я лічу, што гэта вельмі шкодная фраза. Яшчэ ў 2004 годзе, як толькі зьявілася гэтая Пастанова, нам удалося ліквідаваць намер па забудоўваньні ўсёй тэрыторыі ад Мірашнічэнкі да лесу катэджнай забудовай. Гэта першы сур’ёзны ціск, каб забудаваць гэтае поле. Цяпер гэта пасёлак Сонечны.
«Не дапускаю, што профільныя структуры ня ведалі пра Курапаты»
— Але гэты ўчастак, на якім цяпер рэстаран, у 2006 годзе прадаюць ІП Лебедзевай пад аб’ект прыдарожнага сэрвісу?
— Мы разглядалі праект Лебедзевай яшчэ ў 2005 годзе. І тады нашае ўпраўленьне Міністэрства культуры падрыхтавала заўвагі па ім, бо ён нам падаўся занадта экстравагантным. Свайго кшталту архітэктурны выклік на гэтай тэрыторыі. Па памяці кажу, што намі было прапанавана выкарыстаць традыцыйныя матэрыялы і выканаць праектнае рашэньне ў традыцыйных архітэктурных формах.
— Калі «Белрэстінвэст» набываў гэты ўчастак, яны атрымлівалі ўзгадненьне ад Міністэрства культуры на свой праект ці не?
— Не. У 2012 годзе я прачытаў у інтэрнэце, што хтосьці з грамадзкасьці пабачыў (гэты рэстаран. — РС). Здаецца, спадарыня Ганна Шапуцька. Міністэрства культуры тады падрыхтавала ліст і накіравала ў пракуратуру. І адразу ж было прадпісаньне Мінкульту на адрас і забудоўшчыка, і аблвыканкаму аб прыпыненьні гэтай працы і прадстаўленьні дакумэнтацыі, каб можна было разабрацца, што ж там такое плянуецца. Зьвярнулі таксама ўвагу аблвыканкаму на неабходнасьць забесьпячэньня кантролю.
— А як вы тлумачыце, чаму гэтая будоўля стала магчымай, калі там дзейнічаюць зоны аховы? (На момант зьяўленьня прадпісаньняў Мінкультуры і Генэральнай пракуратуры гатовасьць комплексу складала 80%).
— Шчыра кажучы, я гэтага патлумачыць не магу. Міністэрства культуры — ня той наглядны орган, у яго ўсё ж іншая функцыя. Мы праводзім праверкі аб’ектаў спадчыны паводле правілаў, устаноўленых указам прэзыдэнта. Супрацоўнік Міністэрства культуры ня мае права проста так узяць і паехаць на праверку. Графік праверак складаецца загадзя, зьмяшчаецца на сайце Камітэту дзяржаўнага кантролю. Калі ўзьнікае экстраная патрэба правядзеньня праверкі, то міністар павінен выдаць прадпісаньне. І то яго трэба даслаць у Камітэт дзяржаўнага кантролю.
— А чаму аддзел архітэктуры ў райвыканкаме і камітэт архітэктуры ў аблвыканкаме ня ведалі, што ў іх на тэрыторыі ёсьць гісторыка-культурная каштоўнасьць, якая, натуральна, альбо мае зоны, альбо, паводле Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, калі зонаў аховы няма, то іх трэба распрацаваць, перш чым пачынаць праектныя і будаўнічыя працы?
— Што нейкія з гэтых структурных падразьдзяленьняў ня ведалі, я крайне сумняюся. Гэта занадта гучны аб’ект — Курапаты. Яшчэ нядаўна па кальцавой былі скандалы (пратэсты супраць рэканструкцыі МКАД у 2001–2002 гг. — РС). Гэта, дарэчы, пацягнула за сабой і распрацоўку першага праекту зон аховы. Я такога не дапускаю, што нейкае структурнае падразьдзяленьне магло ня ведаць гэтага.
— Ці тое, што пастанова Міністэрства культуры № 15 ад 2004 году была зарэгістраваная ў Нацыянальным рэестры нарматыўна-прававых актаў толькі 25.05.2012, магло паўплываць на выдачу дакумэнтацыі?
— Аспрэчыць гэтую пастанову мог толькі Менгарвыканкам ці аблвыканкам, але для гэтага ім трэба было адклікаць свае зацьвярджальныя подпісы (пад Пастановай № 15. — РС). Да гэтага на яе ўсе рэагавалі як на дзеючы дакумэнт. Я дакладна ня памятаю, зь якога часу ўсталявалася практыка абавязковай рэгістрацыі ў Нацыянальным рэестры нарматыўна-прававых актаў. Дапускаю, што на той час гэтага рабіць ня трэба было. Больш за тое, і праект зон аховы, і гэтая схема не зьяўляюцца нарматыўна-прававым актам, якія на сёньняшні дзень рэгіструюцца ў рэестры. Гэта нарматыўны-тэхнічны акт.
— Ці можа быць такая сытуацыя, як кажа ў інтэрвію Радыё Свабода бізнэсмэн Аркадзь Ізраілевіч, што ён бачыў Акт на зямлю і дакумэнты экспэртыз уласьнікаў рэстарана і што там не было аніякіх абмежаваньняў з прычыны наяўнасьці гісторыка-культурнай каштоўнасьці?
— Я гэта дапускаю. Зважаючы на вядомую мне практыку, гэта здаралася пры землеадводах, пры прыняцьці рашэньня на будаўніцтва нейкіх аб’ектаў.
Яшчэ нюанс — артыкулам 20 Закону аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасьці прадугледжана аднясеньне зон, дзе разьмешчана гісторыка-культурная каштоўнасьць, да зон асаблівага дзяржаўнага рэгуляваньня. Але вы паспрабуйце пашукаць, дзе ёсьць рашэньне аб устанаўленьні гэтых зон? Адпаведна, гэтыя зоны павінныя быць усталяваныя ў зямельна-кадастравай сыстэме. Калі яны там не адлюстраваныя, то, натуральна, тыя ж самыя землеўпарадчыкі, паглядзеўшы ў кадастры, ня бачаць такога.
«З боку інвэстара была прапанова перадаць домік пад мэмарыяльныя патрэбы»
— Міністэрства культуры ў першым прадпісаньні ў бок «Белрэстінвэсту» і аблвыканкаму ад 30 кастрычніка 2012 году піша, што працы вядуцца ў зоне рэгуляваньня забудовы. А далей Генэральная пракуратура піша, што будаўніцтва знаходзіцца ў «ахоўнай зоне», і вызначае, што там апынуліся 4 грыль-альтанкі. Як гэта вызначалася?
— Прадпісаньне — гэта дакумэнт, на які трэба хутка зрэагаваць, каб у часе разбору ўдакладніць нюансы. Мне з супрацоўнікам Генэральнай пракуратуры давялося выяжджаць на месца. Запрашалі таксама з адпаведных структурных падразьдзяленьняў аблвыканкаму і райвыканкаму. Хаця, наколькі я памятаю, яны актыўнасьцю не вызначаліся, стаялі ўбаку, як бы ні пры чым. Супрацоўнік пракуратуры браў з сабой электронную рулетку, замяралі зь ім удваіх патэнцыйныя адлегласьці ад будынкаў. Праўда, ізноў жа ўзьнікала пытаньне, ад якога куста, ад якога дрэва мераць, бо дакладнага пазначэньня на той час не было яшчэ. Прыблізна замяралі. Пракуратура па выніках выездаў і ўдакладненьняў больш дакладна фармулявала свае высновы.
Першая пазыцыя Міністэрства культуры была — прыбраць гэтыя дамкі. Бо менавіта яны, без дыскусій, залезьлі ў тагачасную ахоўную зону. Напэўна, каб гэта адбылося, сытуацыя б іначай выглядала з прававога боку.
— Як забудоўшчык да гэтага паставіўся? Быў гатовы прыбраць?
— Не. Я размаўляў з прадстаўніцай забудоўшчыка на гэтую тэму на самым пачатку, калі яна прывезла дакумэнтацыю як рэакцыю на прадпісаньне Міністэрства культуры. Я ёй сказаў, што ў 30-я гады ў Маскве пяціпавярховыя будынкі перамяшчалі без праблем, а ў вас тут домікі. Але, бачыце, бізнэс ёсьць бізнэс, як той казаў — грошы ня пахнуць.
— А што за гісторыя, што ўладальнікі прапаноўвалі перадаць домік пад мэмарыяльныя патрэбы? Я ніяк не магу знайсьці чалавека, якому прапаноўвалі, бо ўсе адмаўляюцца...
— Такое гучала з боку інвэстара. Я гэта сам памятаю. Напэўна, ад гэтай прадстаўніцы інвэстара, зь якой я сустракаўся, бо я іншых і ня ведаю. Больш за тое, «Менскграда» рабіла прапанову па выкарыстаньні тэрыторыі паміж рэстаранным комплексам і лясным масівам і назвала яе «адміністрацыйна-гаспадарчай» з улікам размоў, што 1–2 будынкі можна выкарыстаць для мэтаў Курапатаў. Але дакладна не магу сказаць, каму гэта прапаноўвалі.
— Чаму ў мяне ўзьнікла пытаньне, куды зьнікла зона рэгуляванай забудовы: бо ёсьць інструкцыя пра зоны аховы, якая дзейнічала на той момант. Я ўсе гэтыя патрабаваньні пачытала, і ў мяне склалася ўражаньне, што дзіцячая пляцоўка, лазьня, батуты дакладна ў іх ня ўпісваюцца.
— Па дзіцячай пляцоўцы я ва ўсіх абменах інфармацыяй казаў: прыбярыце яе, яна як тая вясёлка, нават раздражняе вока. Але там усё стаіць на месцы. У маім разуменьні, тут ня столькі было імкненьне (з боку ўласьніка рэстарана. — РС) нешта паправіць, колькі вырашыць пошукам прававых падстаў гэтую справу. Як я разумею, з практыкі, што ёсьць такая прававая норма: калі забудоўшчык штосьці парушыў, нават зрабіў самабуд, то тэндэнцыя — не зьнішчаць капітальную забудову, а, прымяніўшы санкцыі да забудоўшчыка, пры магчымасьці яе ўзгадніць.
Калі забудоўшчык штосьці парушыў, нават зрабіў самабуд, то тэндэнцыя — не зьнішчаць капітальную забудову, а, прымяніўшы санкцыі да забудоўшчыка, пры магчымасьці яе ўзгадніць
Такі гучны выпадак — гэта квартал Энгельса — Музычны завулак, дзе ўнутры пабудавалі грамадзіну (праект «Мортэкс БЦЗ». — РС). Было патрабаваньне зьняць два паверхі, забудоўшчык заплаціў усе магчымыя штрафы, але захаваў іх.
Хоць такая норма, па лёгіцы, не павінна была б распаўсюджвацца на гісторыка-культурныя каштоўнасьці. Усё ж такі ў дачыненьні да іх ёсьць першаснае заканадаўства па ахове спадчыны.
Шчыра кажучы, у мяне былі спадзяваньні, што зьявіцца ліст ці прадстаўленьне ад пракуратуры, дзе будзе закранута першааснова гэтай праблемы — выдзяленьне зямельнага ўчастка.
— Ім прадалі ўчастак, які ўжо ўключаў зоны аховы, ці яны самавольна занялі тэрыторыю, большую за набыты ўчастак?
— Мне не давялося бачыць рашэньня выканкаму, і я ня ведаю, колькі гектараў яны на сёньняшні дзень занялі.
Яшчэ адзін момант, які нельга скідаць з рахунку. Мы ўсе ведаем, што ў нас праблемы з інвэстарамі, хацелася б іх мець больш. Кожны орган кіраваньня зацікаўлены ў прыцягненьні інвэстыцый, для чаго выкарыстоўвае максымальна даступныя магчымасьці. Вядома, я разумею, што асабліва мясцовыя органы кіраваньня ня надта імкнуцца гэта ўсё варушыць. Адразу пытаньне: «Як вы не знайшлі рашэньня для рэалізацыі інвэстыцый?». І другое — калі прадавалі гэты ўчастак, то ў бюджэт жа плаціліся грошы. Значыць, трэба іх вяртаць. Я дапускаю, што ўсе гэтыя фактары маглі паўплываць.
— Як вы самі ацэньваеце дзеяньні Міністэрства культуры па вырашэньні сытуацыі з рэстаранным комплексам за ўвесь гэты пэрыяд?
— Канечне, можна наракаць на Міністэрства культуры і абвінавачваць, што ня вырашылі. Я шчыра кажу, мяне больш хвалявала тэрыторыя з боку «Экспабела» і тэрыторыя за заслаўскай дарогай. Хвалявала, што там магла зьявіцца крама, маштабы якой можна толькі сабе ўявіць. І я яшчэ добра памятаю, якія пагрозы ішлі ад хлопцаў, якім мы раней не ўзгаднілі разьмяшчэньне іх катэджнага пасёлку.
Потым асноўная ўвага пераключылася на выставачны цэнтар. І я вельмі баяўся, што яго ўдасца праціснуць. Там былі ня проста пажаданьні інвэстара, а пратакол паседжаньня Савету міністраў і ўрадавае даручэньне і міністру, і старшыням аблвыканкаму і гарвыканкаму, і іншым — што канкрэтна трэба зрабіць. Наколькі я разумею, з усяго гэтага выкананае толькі даручэньне пра зацьвярджэньне праекту зон аховы.
Перажываеш, хвалюесься, што такая чарговая сытуацыя ўтварылася.Таму казаць, што непасьлядоўна, вінаватыя, пасыпаць галаву попелам... Сытуацыя вельмі непрыемная... Але Міністэрствам культуры нямала рабілася, каб усё ж такі неяк урэгуляваць сытуацыю. Проста сёньня гаварыць і шукаць вінаватых.
Я прызнаю віну, што не настаяў на разглядзе пытаньня пра землеадвод. Можа, калі б я настаяў, удалося б неяк іначай гэта вырашыць. А гэтыя пытаньні першасныя. Усё астатняе — ужо наступствы.
Я яшчэ хачу сказаць. Я ўжо ў 90-я гады выказваўся, калі была камісія па культуры БНФ, а цяпер тым больш. Неабходна распрацаваць хаця б у «ручным» рэжыме канцэпцыю, як выкарыстоўваць тэрыторыю вакол Курапат. Колькі часу прайшло, колькі людзей хвалюецца, турбуецца, акцыі адбываюцца. І няма нічога.
Тое, што зараз адбылося, гэта не апошняе. Я гэта вельмі падазраю. І я ня ўпэўнены, што на гэтым ціхім цяпер полі зноў ня зьявіцца нейкая чарговая інвэстыцыя. За пэрыяд маёй працы мне давялося перажыць там 4 буйныя патэнцыйныя інвэстыцыі — ад катэджнага пасёлку, лягістычных аб’ектаў, выставачнага цэнтру і яшчэ запраўку, якую неяк удалося ўпакаваць пад схіл, а яна павінна была быць большай і больш разьвітай. Для мяне гэта вельмі балючае пытаньне.
«Ня трэба рабіць зь мяне вылюдка», — бізнэсовец з топ-100 кажа, што не зьвязаны з рэстаранам у Курапатах
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.