Мірная рэвалюцыя 1989-га ў Вугоршчыне. Як гэта было

З заводу ў Будапэшце здымаюць чырвоную камуністычную зорку ў 1989 годзе.

Гэты фатаздымак ад 26 кастрычніка 1989 году быў зроблены праз тры дні пасьля таго, як Вугоршчына абвясьціла сябе дэмакратыяй пасьля 40 гадоў савецка-камуністычнага кіраваньня. Гэта адзін зь некалькіх кадраў, якія фіксуюць галоўныя падзеі, якія зьмянілі  Вугоршчыну 35 гадоў таму.





 

Беспрацоўныя мужчыны чакаюць любога працаўладкаваньня ў Будапэшце ў 1988 годзе.

Нягледзячы на тое, што Вугоршчына была даволі свабоднай у параўнаньні з іншымі краінамі ўсходняга блёку, да канца 1980-х гадоў яе эканоміка заняпала. Паводле ацэнак Сусьветнага банку, да 17% насельніцтва жыло ў галечы, а ўзровень самагубстваў у краіне быў самым высокім у Эўропе.

У Будапэшце 27 чэрвеня 1988 году праходзіць дэманстрацыя супраць зьнішчэньня вёсак у Трансыльваніі.

У чэрвені 1988-га паліцыя Будапэшта дазволіла дзясяткам тысяч дэманстрантаў пратэставаць супраць плянаў Румыніі зьнішчыць тысячы вёсак у Трансыльваніі, рэгіёне зь пераважна вугорскім насельніцтвам. Румынскі кіраўнік Нікалае Чаўшэску плянаваў перасяліць вяскоўцаў Трансыльваніі ў дзяржаўныя «агра-індустрыяльныя» цэнтры.

Вугорцы зьбіраюцца на манумэнце ў цэнтры плошчы Герояў у Будапэшце, каб пратэставаць супраць румынскай «сыстэматызацыі вёсак».

Пратэсты супраць пляну ў Трансыльваніі абудзілі духоўны супраціў у Вугоршчыне. Пратэстовец пазьней успамінаў: «Вядома, мы пайшлі, таму што нас хвалявала сытуацыя вугорцаў у Трансыльваніі, але ў асноўным мы пайшлі таму, што ненавідзелі камуністаў».

Міклаш Нэмэт (справа ў цэнтры, тварам да камэры) неўзабаве пасьля таго, як быў прызначаны прэм’ер-міністрам Вугоршчыны ў лістападзе 1988-га.

У сакавіку 1989 году Міклаш Нэмэт, малады прэм’ер-міністар краіны, паверыў савецкаму лідэру Міхаілу Гарбачову ў Маскве, што Вугоршчына неўзбаве правядзе свабодныя выбары. Гарбачоў ясна даў зразумець, што ён ня згодны з гэтым крокам, але паабяцаў: «Ніякіх інструкцый ці загадаў ад нас ня будзе для задушэньня гэтага».
Нэмэт сказаў сваім дарадцам пасьля таго, як пакінуў Крэмль: «У нас ёсьць, прынамсі, маўклівы прыхільнік... у Маскве».

Нэмэт сустракаецца з Гарбачовым у Крамлі 3 сакавіка 1989 году.
Новае кіраўніцтва ў Крамлі дазволіла сатэлітам Савецкага Саюзу ісьці сваім шляхам, што атрымала назву «Дактрына Сынатры» паводле песьні Фрэнка Сынатры My Way.

Савецкія салдаты пакідаюць Вугоршчыну ў чэрвені 1989-га.
Пачынаючы з красавіка 1989 году, тысячы савецкіх вайскоўцаў з 65 тысяч, разьмешчаных у Вугоршчыне, пачалі вяртацца ў СССР у рамках пляну, які значна скараціў колькасьць савецкіх салдатаў у Вугоршчыне.

Рабочы рэжа загароду паміж Вугоршчынай і Аўстрыяй.

У траўні 1989 году 240-кілямэтровая агароджа ўздоўж мяжы Вугоршчыны з Аўстрыяй была прызнаная больш шкоднай, чым карыснай. Дарагая агароджа была абсталяваная датчыкамі, якія павінны былі фіксаваць людзей, якія ўцякаюць на Захад, але на 1989 год яна стварала ўсё больш праблем. Аўтаматычная сыгналізацыя спрацоўвала на дзікіх жывёлаў ці зусім без прычыны.

Вугорскія памежнікі зьбіраюць «жалезную заслону» падчас яе дэмантажу на аўстрыйскай мяжы ў траўні 1989 году.
 

Людзі ў смутку вакол труны Імрэ Надзя і яшчэ адной ахвяры савецкага задушэньня вугорскай рэвалюцыі 1956 году.
У чэрвені дзясяткі тысяч людзей сабраліся на перапахаваньне з поўным ушанаваньнем Імрэ Надзя, былога камуністычны прэм'ер-міністра Вугоршчыны. Надзь стаў на бок паўстанцаў падчас антыкамуністычнага паўстаньня ў Вугоршыне ў 1956 годзе.

Шмат людзей зьбіраюцца на цырымонію перапахаваньня Надзя.

Падчас паўстаньня 1956 году Надзь безвынікова заклікаў Захад да дапамогі, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Вугоршчыну, каб задушыць рэвалюцыю. Надзя павесілі, а ягонае цела кінулі тварам уніз у безыменную магілу на ўскраіне Будапэшта.
На перапахаваньні Надзя прамоўцы, уключаючы 26-гадовага Віктара Орбана, заклікалі да свабодных выбараў, якія б прывялі да вываду ўсіх савецкіх войскаў з Вугоршчыны.

Уцекачы з Усходняй Нямечыны сьпяць побач са сваімі аўтамабілямі Trabant у Будапешце.

З драматычным паваротам Вугоршчыны да свабоды ў 1989 годзе тысячы ўсходніх немцаў, якія пакутавалі ад пастаяннага сачэньня з боку тайнай паліцыі Штазі, пачалі рух на ўсход. Вугоршчына была адной з «брацкіх сацыялістычных краін», у якія ўсходнім немцам дазвалялася падарожнічаць.

Усходнія немцы ўцякаюць з Вугоршчыны ў Аўстрыю 19 жніўня 1989 году падчас «Эўрапейскага пікніку».

Тысячы ўсходніх немцаў пачалі ўцякаць з Вугоршчыны ў Аўстрыю (каля 600 чалавек за адзін дзень) падчас дэманстрацыі, падобнай да фэстывалю, якая атрымала назву «Эўрапейскі пікнік», на аўстра-вугорскай мяжы. «Выхад», які неўзабаве быў адкрыта дазволены Вугоршчынай, выклікаў вялікія пратэсты з боку Ўсходняй Нямеччыны, якая сьцьвярджала, што яе грамадзян «схілілі і заплацілі, каб яны эмігравалі... каб паклёпнічаць на нашу дзяржаву».

Чалавек трымае газэту, якая абвяшчае, што Вугоршчына стала дэмакратычнай рэспублікай 23 кастрычніка 1989 году.

Парлямэнт Вугоршчыны хутка ўхваліў зьмены ў Канстытуцыі краіны, якія адкрылі шлях да свабодных выбараў. Часовы прэзыдэнт краіны Мацяш Сюрэш абвясьціў тысячам людзей пад будынкам парлямэнту: «Урачыста заяўляю, што зь сёньняшняга дня, 23 кастрычніка 1989 году, Вугоршчына зьяўляецца рэспублікай і яе назва — Рэспубліка Вугоршчына».

Архіўныя фатаздымкі ілюструюць амаль кожны гістарычны момант, калі Вугоршчына 35 гадоў таму скінула зь сябе савецкія кайданы.