Тры гады запар езьдзіў Янка Купала ў Грузію, каб пабачыцца з маладой грузінскай доктаркай Эліко Метэхэлі. Усё пра «грузінскую» музу Купалы ў рэпартажы Радыё Свабода з бальнэалягічнага курорту Цхалтуба.
Упершыню ў складзе дэлегацыі беларускіх пісьменьнікаў Купала трапіў у Грузію ў 1937 годзе, а пасьля наведваўся туды рэгулярна — адпачываў і знаёміўся зь мясцовым побытам у Тбілісі, Кутаісі, Мцхеце, Сухумі. Але асабліва даспадобы прыйшлося яму невялікае мястэчка Цхалтуба — тамтэйшая мінэральная вада славіцца сваімі гаючымі ўласьцівасьцямі яшчэ ад ХІІ стагодзьдзя, а пералік хваробаў, ад якіх яна лечыць, перавышае сем дзясяткаў.
З усталяваньнем савецкай улады на Каўказе курорт набыў статус курорту саюзнага значэньня, і дастаць пуцёўку туды было надзвычай складана. Праўда, у званьні «народнага» гэтыя перашкоды лёгка абходзіліся. Дарэчы, ужо праз год, наслухаўшыся аповедаў пра экзатычныя мясьціны блізу Кутаісі, да Янкі Купалы далучыўся іншы клясык — Якуб Колас.
Курортны раман 55-гадовага паэта і 26-гадовай доктаркі
Ня толькі тэрмальныя воды і карставыя пячоры клікалі Купалу ў Цхалтуба. Зь першага позірку закахаўся 55-гадовы паэт у галоўную лекарку санаторыю — 26-гадовай Эліко Мэтэхелі. Яна натхніла паэта на грузінскі цыкаль: «Генацвале», «Грузія», «Мы людзі свабодныя», «То ня рыцары з князем...» і г.д. І хто ведае, як бы склаўся лёс кожнага, каб не істотная розьніца ў гадах ды адмысловыя мясцовыя традыцыі. Тым ня меней, як канстатуе Ія Кухалашвілі, мэнэджэр музэйнага аб’яднаньня Цхалтуба, да курорта і яго пэрсаналу Купала прыкіпеў усур’ёз і надоўга:
«У пэрыяд ад 1937 да 1941 году Янка Купала штогод адпачываў у Грузіі і тройчы запар менавіта ў Цхалтуба. Мы, канечне, ведаем, што ён адзін з найбольш знакавых паэтаў Беларусі, але бясспрэчны факт, што Купала таксама вельмі любіў Грузію, шмат вершаў прысьвяціў нашай краіне. Ну, і таксама тут пачаўся ягоны „курортны раман“ з Эліко Мэтэхелі. Яна тады была ня замужам, працавала галоўным лекарам, і ў іх адразу ўзьнікла ўзаемная сымпатыя».
Некалі папулярны курорт цяпер перажывае не найлепшыя часы: з двух дзясяткаў санаторыяў паўнавартасна працуе толькі адзін. Карпусы прэстыжных пансіянатаў паступова разбураюцца і зьнікаюць пасярод бурнай расьліннасьці. Як кажа музэйны мэнэджэр Ія Кухалашвілі, закат Цхалтуба як бальнэалягічнага цэнтру настаў разам з абхазскай вайной на пачатку 1990-х. Сюды прывезьлі блізу 10 тысяч уцекачоў-грузінаў, якіх засялілі ў санаторныя памяшканьні. За два дзясяткі гадоў бальшыня часовых жыхароў у пошуках працы разьехалася па іншых рэгіёнах, але курортная інфраструктура была тым часам практычна зьнішчаная. І ўсё ж, горад разьлічвае на адраджэньне — дзякуючы перадусім культурніцкім праектам.
З ініцыятывы грамадзкасьці ды мэрыі Цхалтуба, у супрацоўніцтве зь Дзяржаўным літаратурным музэем Янкі Купалы, у краязнаўчым музэі імя акадэміка Ахвледыяні зрабілі выставу, прысьвечаную грузінскаму пэрыяду творчасьці Янкі Купалы. Як удакладніў старшы навуковы супрацоўнік музэйнай установы Тэймураз Бумбэішвілі, экспазыцыя паказвае Купалу ня толькі ўплывовай фігурай грамадзкага жыцьця 1920-1940-х гадоў, але і «народным дыпляматам», які наладжваў кантакты паміж дзеячамі культуры Беларусі ды Грузіі. Прыемная атмасфэра спрыяла таму, што магчыма менавіта тут Купала напісаў самыя цёплыя паэтычныя радкі. Яны выйшлі з-пад ягонага пяра ў 1930-я. І зноў жа, удакладняе суразмоўца, адной з крыніцаў такога натхненьня стала маладая загадчыца санаторыя:
«Гэта былі сьветлыя пачуцьці, якім наўрад ці наканавана было перарасьці ў нешта большае. Але адназначна, што гэты час пакінуў глыбокі сьлед у іх лёсах... Празь некалькі гадоў Эліко Мэтэхелі выйшла замуж і пражыла доўгае насычанае жыцьцё — памерла ў 1996 годзе ў вялікіх гадах. Адмыслова на цырымонію адкрыцьця выставы з Тбілісі прыехалі яе ўнукі Гіві і Лэла. Дык вось, унучка прывезла маленькую сумачку, зь якой бабуля ніколі не расставалася. Ня выключана, што гэта падарунак Янкі Купалы. Цяпер гэтая касмэтычка будзе захоўвацца ў Купалаўскім музэі ў Менску».
Кнігі зь вершамі Купалы захоўваліся ў сям’і Эліко
Ініцыятаркай выставы «Грузія — дружная з сонцам краіна» з грузінскага боку стала гаспадыня гасьцявога дому «Марына», недалёка ад Цхалтуба, Марына Падгурская-Кутатэладзэ. Неўзабаве да справы падключыўся былы саветнік-пасланец амбасады Грузіі ў Беларусі Гоча Чэлідзэ. Ідэю падтрымала мясцовая мэрыя, бо і для гарадзкога кіраўніцтва стала адкрыцьцём, што ў сваёй творчасьці Янка Купала столькі ўвагі аддаў ня толькі Грузіі, але і іхняму курорту:
«Ужо мала хто памятае, але верш „Генацвале“, які Янка Купала прысьвяціў Эліко Мэтэхелі, адзін з грузінскіх ансамбляў напачатку 1950-х паклаў на музыку. Дарэчы, песьня выконвалася пад назвай „Генацвале Эліко“. І гэта, як кажуць старажылы, быў сапраўдны хіт. На жаль, песьня страчана, але прысутная на адкрыцьці колішняя супрацоўніца санаторыю кажа, што посьпех твору быў ашаламляльны. Дык яна фактычна паставіла нам задачу абавязкова знайсьці і рэанімаваць той твор», — расказала Марына Падгурская-Кутатэладзэ.
Ідэю паказаць Купалу не як «забранзавелага» клясыка, а як чалавека з усім наборам пачуцьцяў падхапілі ў Менску. Праўда, на цырымоніі адкрыцьця беларускі бок быў прадстаўлены сьціпла — усяго тры «дэлегаты» ад Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы: Алена Ляшковіч, Вольга Пархімовіч і Эліна Сьвірыдовіч. Дапамагла мясцовая грамадзкасьць — найперш дзеці, якія дэклямавалі Купалавы вершы па-грузінску і беларуску, вадзілі карагоды, ладзілі віктарыны. Дырэктарка музэю Купалу Алена Ляшковіч згадвае, як у іх пачалося супрацоўніцтва:
«У 2014 годзе да нас прыйшла маладая дзяўчына Вольга, куратар сайту грузінаў Беларусі „Мамулі“. Яна прачытала, што ў Янкі Купалы былі цёплыя стасункі з Грузіяй і захацела даведацца пра гэта больш падрабязна. Вынікам сумеснай працы стаў артыкул на сайце, які атрымаў розгалас як у Беларусі, так і ў Грузіі. У прыватнасьці, калі яе знаёмыя ў Цхалтуба прачыталі матэрыял, то адразу ж загарэліся ідэяй зрабіць сьвята, прысьвечаная Купалу. А мы, у сваю чаргу, прапанавалі падрыхтаваць выставу».
Спадарыня Алена кажа, што, працуючы над выставай у Менску і потым сустракаючыся зь першымі наведнікамі экспазыцыі ў Цхалтуба, адкрыла шмат новага ў тым ліку для сябе. У прыватнасьці, стала нечаканасьцю, што ў сям’і Мэтэхелі памяць пра Купалу захоўваецца дагэтуль:
«Калі мы даведаліся, што будуць Лэла і Гіві Курашвілі — унукі той жанчыны, якой Купала прысьвяціў знакаміты верш „Генацвале“ — то вельмі ўзрадаваліся. Для нас такая сустрэча была вялікім шчасьцем. Мы ня толькі атрымалі новыя матэрыялы, фотаздымкі, якія датычаць непасрэдна Эліко Мэтэхелі. Гэтая жанчына расказала, што ад маленства чула імя Янкі Купалы. Прыкладам, заўсёды на відным месцы ў доме ляжаў томік вершаў Янкі Купалы, яшчэ ў дзяцінстве ім расказвалі пра значнасьць асобы беларускага паэта. Гэта пры тым, што муж Мэтэхелі займаў вельмі высокую пасаду ў Грузіі».
Ці насамрэч Эліко Мэтэхелі мела такі эмацыйны ўплыў на беларускага клясыка? Папулярызатарка купалаўскай творчасьці ў Грузіі Марына Падгурская-Кутатэладзэ па-жаночы ацэньвае сытуацыю як «відавочную»:
«Гэта было, безь перабольшаньня, плятанічнае каханьне. Яна маладзенькая, прыгожая, ня замужам; зразумела, вельмі яму падабалася. Але, па-сутнасьці, яна стала ягонай музай, бо муза, як вядома, патрэбная кожнаму паэту. Менавіта ад яе Янка Купала ўпершыню пачуў знакамітыя „Іяўнана“, „Суліко“, іншыя народныя грузінскія песьні. І быў шчыра ўзрушаны».
Сябраваць — з паэтам, замуж — за прэм’ер-міністра
Захаваліся ўспаміны самой Эліко Мэтэхелі пра сяброўства зь Янкам Купалам: «...Янка вельмі зблізіўся з намі, лекарамі-грузінамі. Калі я нешта расказвала зь мінулага Грузіі, ён вельмі ўважліва і засяроджана слухаў. Аднойчы ўвечары мы былі ў садзе, весяліліся, згадваючы студэнцкія гады. З намі быў Янка Купала і расейскі пісьменьнік Новікаў-Прыбой. Ціна, якая сядзела побач, нахілілася і шапнула — згадаем маладосьць. І я засьпявала маю любімую даўнейшую грузінскую песьню „Іяўнана“. Янка ад яе быў у захапленьні, папрасіў пераказаць зьмест. Сказала, што гэта пажаданьне маці-грузінкі шчасьлівай будучыні для сваёй радзімы ды братэрства для ўсіх нацый. Выслухаўшы, Янка пранікнёна і з пачуцьцём сказаў: „Вечная слава народу, які стварыў такую песьню!“. Два радкі — „Даідзіне, генацваосшэні мшобеліо“ — запісаў на кірыліцы ў свой нататнік, а потым, калі быў у добрым настроі, часта паўтараў па-грузінску напамяць...».
Ці была магчымасьць, што адносіны літаратара і лекаркі перарастуць у нешта большае, чым простае сяброўства? Марына Падгурская-Кутатэладзэ лічыць, што наўрад:
«Не, наўрад ці да такога дайшло б. Яўгенія Мікалаеўна, якой цяпер 95 гадоў, працавала ў санаторыі неўзабаве пасьля Эліко Мэтэхелі, але разам зь яе калегамі. Дык вось лекары ў кулюарах расказвалі, што дзяўчына адпрэчвала ўсе глыбейшых Купалавы „папаўзнавеньні“. Таму ўсё абмежавалася толькі сяброўскімі адносінамі. Трэба сказаць, што гэтыя адносіны цягнуліся досыць доўга, яны падтрымліваліся вершамі, ліставаньнем».
Ня верыць у магчымасьць такога саюзу і кіраўніца музэю Янкі Купалы Алена Ляшковіч. Хоць паэт і быў уражаны прыгажосьцю маладой жанчыны, але трэба браць у разьлік, што на той час яму было далёка за 50:
«Найперш, істотная розьніца ва ўзросьце, розны мэнталітэт, хоць я ў сваёй прамове і падкрэсьліла, што любая жанчына можа ганарыцца, калі ёй прысьвячае верш Янка Купала. Мы перадалі ў архіў сям’і копію купалаўскага рукапісу верша „Генацвале“. А ўнучка Эліко бачыла, што на нейкім аўкцыёне выстаўлена партытура музычнай кампазыцыі „Генацвале Эліко“. Цяпер будзем шукаць. Таксама заключылі дамову з краязнаўчым музэем Цхалтуба: у наступным годзе яны будуць ладзіць выставу, прысьвечаную сваім курортам. Там абавязкова будуць матэрыялы пра сувязь Купалы з гэтымі мясьцінамі».
Пасьля пачатку вайны і вымушанай эвакуацыі шляхі Янкі Купалы на Каўказ былі адрэзаныя. Эліко Мэтэхелі празь нейкі час выйшла замуж за чалавека, які потым надоўга заняў пасаду прэм’ер-міністра Грузіі:
«Гіві Джавахішвілі больш за два дзясяткі гадоў быў другім чалавекам у Грузіі — вельмі цікавы, інтэлігентны, аўтарытэтны і як палітык, і як чалавек. Што цікава, ён быў братам супрацоўніцы санаторыю Ціны Джавахішвілі, якая, у сваю чаргу, іх і пазнаёміла. У выніку яны ўзялі шлюб, нарадзілі дзяцей», — гаворыць Марына Падгурская-Кутатэладзэ, удакладняючы, што ўнукі хоць і носяць прозьвішча Джавахішвілі, але старанна захоўваюць памяць пра беларускі сьлед у іх сям’і:
«Цешыць, што дзеці і ўнукі Гіві і Эліко ня толькі захавалі ў Тбілісі кватэру сваіх бацькоў і дзядоў, але пераўтварылі яе ў своеасаблівы музэй. Сярод сямейных здымкаў ёсьць партрэтная фатаграфія Эліко разам зь Янкам, шмат лістоў, дасланых зь Менску. Яно і зразумела: столькі прачытаць прыгожых слоў пра сваю бабулю — такое шчасьце ня кожнаму выпадае, такое забываць нельга. Многія дакумэнты ўжо перададзеныя ў дар Купалаўскаму музэю ў Менску».
Супрацоўніцы музэю і цяпер закаханыя ў Купалу
Дырэктарка Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы Алена Ляшковіч кажа, што ня так даўно была зладжана выстава «Будзь Я.К.». Я.К. — абрэвіятура ад Янкі Купалы. Ставілася мэта паказаць ня столькі Купалу-літаратара, колькі Купалу-«дэндзі». І такі падыход, гаворыць спадарыня Алена, стаў новай вяхой для ўсяго купалазнаўства. Экспазыцыя, падрыхтаваная для музэя ў Цхалтуба, гэтаксама закліканая паказаць Купалу не як мэтра, а як звычайнага чалавека:
«У савецкі час Купалу як паказвалі? Клясык, „забранзавелы“, без пачуцьцяў. „Я — мужык“, але толькі як клясавая прыналежнасьць. Усё ў адпаведнасьці з „цэнтральнай“ лініяй партыі. Наша новая экспазыцыя паказвае Купалу, безумоўна, як народнага паэта, безумоўна, як клясыка, дэпутата, акадэміка, але разам з тым і як чалавека, як гаспадара дому — хлебасольнага, гасьціннага. Тое ж датычыць і жанчын у лёсе Купалы. Скажам, у савецкі час пра Паўліну Мядзёлку не казалі, але ён кахаў яе. Магчыма, гэта была ягоная асабістая трагедыя, што яна не адказала ўзаемнасьцю. Адпаведныя пачуцьці былі і да Эліко Мэтэхелі. Пра гэта таксама трэба казаць, бо гэта абсалютна нармальныя чалавечыя якасьці. Да таго ж, статны, відны мужчына. Супрацоўніцы нашага музэю і цяпер закаханыя ў Купалу...».
Алена Ляшковіч спадзяецца, што ўжо ў агляднай будучыні ўдасца вырашыць пытаньне з усталяваньнем мэмарыяльнай дошкі ў Цхалтуба — нягледзячы нават на тое, што будынак санаторыю ад тых часоў у першасным выглядзе не захаваўся.
Тым больш, прыклад удалага міжнароднага ўзаемадзеяньня ўжо ёсьць. У 1935 годзе Янка Купала наведваўся ў Славаччыну. Нядаўна мэрыі чатырох гарадоў далі дабро на ўсталяваньне памятных знакаў у гонар беларускага літаратара. Пры тым, што Славаччыне Купала не прысьвяціў ні вершаў, ні публіцыстычных нататак. Ў адрозьненьне ад Грузіі, дзе вершаваныя радкі ліліся самі сабой.
Увогуле, на думку суразмоўніцы, паступовы адыход ад кананічнага ўспрыняцьця выбітных асобаў дапаможа глядзець на іх зусім іншымі вачыма:
«Зараз у нашым музэі праходзіць выстава „Прайсьці супольна праз усё жыцьцё“. Сёлета адзначаецца 100-годзьдзе вянчаньня Янкі Купалы і Ўладзіславы Францаўны Станкевіч. Мы раскрываем гісторыю іх каханьня, гісторыю стварэньня іх сям’і. А разам з тым расказваем яшчэ 14 гісторый каханьня іншых вядомых беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў — такіх як Уладзімер Караткевіч, Рыгор Барадулін, Уладзімер Дубоўка, Янка Брыль. Гэта таксама гісторыя, яе адметны і цікавы бок. Я лічу, што кожны наш наведнік мае права пра гэта ведаць».
Паводле папярэдняй дамоўленасьці з кіраўніцтвам Грузінскага нацыянальнага музэю, у верасьні выставачны праект «Грузія, дружная з сонцам краіна» пераедзе з Цхалтуба ў Тбілісі. Плянуецца, што экспазыцыя будзе дапоўнена арыгінальнымі музэйнымі экспанатамі — кнігамі, рукапісамі «грузінскага цыклю», ілюстрацыямі да твораў, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускай кніжнай графікі.