Харкаўскі трактарны завод адмовіўся ад стварэньня сумеснага прадпрыемства па вытворчасьці збожжаўборачных камбайнаў з «Гомсельмашам» — робіць гэта зь фінскай кампаніяй Sampo Rosenlew. Што страчвае ў такім выпадку «Гомсельмаш», чый эканамічны стан і без таго цяжкі?
Збожжаўборачныя камбайны сумесна з «Гомсельмашам» Харкаўскі трактарны завод меўся вырабляць ужо сёлета — на сваіх вытворчых плошчах. У верасьні 2014 году ў Гомелі падпісалі нават адпаведны пратакол аб намерах. І вось зараз генэральны дырэктар ХТЗ Уладзіслаў Губін заявіў на брыфінгу, што прадпрыемства адмаўляецца ад партнэрства з «Гомсельмашам». Дамова падпісаная зь фінскім заводам «Sampo Rosenlew» — для ўкраінскага рынку фіны з харкаўцамі будуць вырабляць 200–250 збожжаўборачных камбайнаў у год.
Пры гэтым гендырэктар Губін патлумачыў, што «сумеснае прадпрыемства павінна быць інавацыйным», каб збожжаўборачную тэхніку можна было прадаваць ня толькі ва Ўкраіне.
Гомельскія канструктары з Навукова-тэхнічнага цэнтру камбайнабудаваньня не пагаджаюцца, што іхняя збожжаўборачная тэхніка адстае ад сусьветных узораў:
«Што тычыцца нашых распрацовак, то ў нас геаграфія пастаўкі машын надзвычай шырокая — нас ведаюць у Расеі, Кітаі, ведаюць у Эўропе, у Аргентыне ведаюць. Наша тэхніка дастаткова сучасная. Пры гэтым суадносіны кошту й якасьці знаходзяцца на належным узроўні. І калі якія-небудзь замежныя машыны, магчыма, на некалькі працэнтаў больш надзейныя, затое яны нашмат даражэйшыя».
Распрацоўшчык кажа, што гамельчукі могуць ствараць надзвычай надзейныя машыны — пытаньне ў тым, хто іх купіць:
«Мы можам ствараць машыны, якія дзясяткамі гадоў будуць працаваць без паломак. Дзеля гэтага патрэбныя дадатковыя сродкі таго ж самага калгасьніка. Ці патрэбна гэта? Я ведаю некалькі фактаў, калі купляюць машыны заходняй вытворчасьці — і баяцца напоўніцу іх выкарыстоўваць, толькі крыху на самых высокаўраджайных палетках — і зноў хаваюць пад навес, каб, ня дай бог, не зламалася. А нашымі як пачынаюць жніво — і да заканчэньня, бо ведаюць: калі, ня дай бог, нешта здарыцца, то цягам сутак мы ліквідуем непаладкі. Ня больш як за суткі. Абслугоўваньне і запасныя часткі ў нас у разы таньнейшыя, чым для замежных машын».
Суразмоўца ня бачыць вялікага страху ў тым, што харкаўскі завод адмовіўся ад супрацоўніцтва, бо суседняя Ўкраіна цяпер мае патрэбу ў самай разнастайнай сельскагаспадарчай тэхніцы:
«Жыцьцё не спыняецца на Харкаве. Гэта не канец сьвету. У іх вялікая патрэбнасьць у збожжа- і кармаўборачнай тэхніцы, у сеялках і веялках. Канечне, яны выбіраюць партнэраў. І прычыны выбару могуць быць розныя».
Адзін з кіраўнікоў «Гомсельмашу» гэтак рэагуе на адмову Харкава: вядома, шкада, што ня будзе створана сумеснае прадпрыемства з Харкаўскім трактарным заводам. Аднак вялікіх стратаў тут нібыта й нямашака:
«Мы ж яшчэ нічога не стварылі, каб губляць. Калі б было створана і згубілі — гэта іншая справа. Вядома, хацелася б і ва Ўкраіне мець вытворчасьць, і ў Расеі. Але ж гэта сумесная вытворчасьць — ну якая там частка з 250 камбайнаў? Калі камбайны будзем зьбіраць разам, то гэта ж ня поўны іх кошт, а нейкая там чацьвёртая частачка. Вядома, кепска, што губляем».
Апошнім часам вытворчае аб’яднаньне «Гомсельмаш», якое стала цяпер акцыянэрным таварыствам у складзе холдынгу, перажывае ня лепшыя часы. Страціўшы дзяржаўную падтрымку, аб’яднаньне апынулася ў цяжкім фінансавым становішчы. Айчынны парк збольшага насычаны сельмашаўскай тэхнікай — і збожжаўборачнай, і кармаўборачнай. У традыцыйных спажыўцоў — расейскіх аграрнікаў — гомсельмашаўская тэхніка запатрабаваная слаба. Расейцы нарошчваюць выпуск сваіх аналягічных машын — у Растове, у Сыбіры. Той жа расейскі завод «Ростсельмаш» таксама не сьпяшаецца ствараць сумеснае прадпрыемства па выпуску збожжавых камбайнаў, пра што два гады таму заяўлялася з урадавай трыбуны.
У так званае далёкае замежжа «Гомсельмаш» збывае пакуль малалікія партыі сваіх машын. Адсюль і цяжкае эканамічнае становішча. Даўгі прадпрыемства перавысілі 5 трыльёнаў рублёў. Сельмашаўцы даўно перайшлі на скарочаны працоўны тыдзень.