На Гомельшчыне будаўнічыя арганізацыі і АТТ «Гомельхлебпрам» найбольш актыўна пазбаўляюцца ад працаўнікоў

Гомельхлебпрам

Больш як на сем тысяч чалавек зьменшылася сёлета ў першым паўгодзьдзі на Гомельшчыне колькасьць працаўнікоў у акцыянэрных таварыствах, якія кантралюе дзяржава.

Такую інфармацыю падае Міністэрства фінансаў Беларусі, параўноўваючы працу акцыянэрных таварыстваў з аналягічным леташнім пэрыядам. Найбольш працаўнікоў адцуралася ААТ «Палесьсебуд» — 1760 чалавек. У вытворчых падразьдзяленьнях акцыянэрнага таварыства людзі пад подпіс атрымліваюць паведамленьні пра добраахвотнае зьмяншэньне заробку. Нязгодныя з такімі правіламі першымі апынаюцца па-за брамай гэтай будаўнічай арганізацыі.

Шасьцісот дванаццаці працаўнікоў пазбавілася за згаданы час акцыянэрнае таварыства «Гомельхлебпрам» — галоўны гомельскі вытворца хлеба. Сёлета ўвесну згаданае таварыства пераводзіла сваіх рабочых нават на двухгадзінны працоўны дзень.

Трэцяе месца ў сьпісе па скарачэньні працаўнікоў займае «Гомельпрамбуд» — гэтае дзяржаўнае акцыянэрнае таварыства пазбавілася 496 будаўнікоў.

Наагул, у топ-дзясятцы па скарачэньні працаўнікоў палову складаюць будаўнічыя арганізацыі. Апроч згаданых, працу страцілі сотні рабочых «Мазырпрамбуда», Гомельскага домабудаўнічага камбінату, Сьветлагорскага трэсту № 20.

Гомельскі завод ліцьця і нармаляў за прахадную выставіў 220 рабочых, АТТ «Гомельдрэў» — 192.