У Лідзе на год абмежаваньня волі асуджаны Мікалай Мякшыла, якога «людзі ў цывільным» затрымалі падчас спробы нанесьці надпіс на помнік Леніну, перадае «Вясна».
Мякшыла кажа, што зьбіраўся нанесьці на помнік надпіс «Сатана», бо як вернік нязгодны з палітыкай, што праводзіў Ленін адносна рэлігіі. У сакавіку бягучага году на помнік ужо наносілі такі надпіс, але ці быў гэта Мякшыла, не ўдакладняецца.
Асуджаны заяўляе, што калі ён толькі хацеў пачаць маляваць, да яго падбеглі «людзі ў цывільным», павалілі на газон і пачалі зьбіваць, хоць ён не супраціўляўся. Запытвалі, хто яму замовіў надпіс і колькі за гэта заплацілі. Ён жа адказваў, што яму ніхто не плаціў і ён дзейнічаў з асабістых перакананьняў.
Пасьля, распавядае Мякшыла, яго адвезьлі ў РУУС, дзе пакінулі затрыманым на тры дні «для прафіляктыкі», затым перавялі ў Гарадзенскі СІЗА і прад’явілі абвінавачаньне ў хуліганстве. Дома ў яго прайшоў ператрус, канфіскавалі кампутары, флэшкі і іншыя носьбіты інфармацыі.
Суд задаволіў просьбу пракурора і пакараў Мякшылу годам абмежаваньня волі. Таксама, кажа ён, на судзе яго «старанна дапытвалі», ці не належыць ён да палітычных партыяў або рухаў і якіх поглядаў трымаецца. З дапамогай праваабаронцаў Мякшыла абскардзіў прысуд, але яго пакінулі бязь зьменаў.
У лідзкай міліцыі Свабодзе пацьвердзілі: 23 чэрвеня Мякшылу асудзіў Лідзкі раённы суд, 22 жніўня прысуд пацьвердзіў Гарадзенскі абласны суд.
Праваабаронца Павал Сапелка лічыць пакараньне непрапарцыйным: акрамя артыкулу за хуліганства, ёсьць адмысловы артыкул за нанясеньне надпісаў на будынках са значна больш мяккімі пакараньнямі.
Акрамя таго, заключэньне пад варту да суду не адпавядае характару абвінавачаньня, а жорсткае затрыманьне не абумоўлена паводзінамі Мякшылы.