22 студзеня спаўняецца год з дня трагічнай сьмерці беларуса Міхаіла Жызьнеўскага. Яго застрэлілі на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве у часе супрацьстаяньня прыхільнікаў Эўрамайдану зь сілавікамі, ляяльнымі да экс-прэзыдэнты Ўкраіны Віктара Януковіча.
Гэта была адна зь першых сьмерцяў у ходзе шматмесячнага супрацьстаяньня, якое скончылася ўцёкамі Януковіча ў Расею і вайсковай агрэсіяй Крамля супраць Украіны.
Пра свой удзел у тых падзеях і пра тое, што адбывалася пазьней, Свабода папрасіла выказацца беларускіх удзельнікаў і сьведак Эўрамайдану.
«Антыімпэрская, антыалігархічная рэвалюцыя толькі распачалася»
Дзяніс Івашын, Горадня, удзельнік Эўрамайдану ў Кіеве ў студзені 2014 году.
— Як доўга вы былі на Майдане і што вы там рабілі?
— Прыехаў я адразу пасьля сьвяткаваньня Новага году, у другой хвалі Рэвалюцыі. Мая варта на Майдане доўжылася месяц, яна сталася для мяне адным з самых драматычных, але разам з тым і найлепшых момантаў у жыцьці.
Я быў сябрам першае Львоўскае сотні ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Свабода», што дысьлякавалася ў захопленым будынку Жаўтнёвага палаца. Арганізацыйная структура шмат у чым нагадвала структуру УПА. Зранку быў сьняданак, які гатавала наша ўласная палявая кухня, затым шыхтаваньне, разьмеркаваньне абавязкаў на дзень, мацаваньне й абарона барыкадаў, кантроль нашага пэрымэтру, разблякаваньне грузавікоў з харчамі і палівам у розных раёнах Кіева, пікетаваньне адміністратыўных установаў і судоў. Апроч гэтага, быў таксама актывістам «Аўтамайдана», зь якім некалькі разоў штурмавалі рэзыдэнцыю Януковіча ў Межыгор’і.
Першыя значныя крывавыя сутычкі другой хвалі распачаліся 10 студзеня падчас пікетаваньня Сьвятошынскага суду актывістамі «Свабоды», калі быў вынесены прысуд «васількоўскім тэрарыстам». Тады ў маёй сотні зьявіліся першыя параненыя. Працяг сутычак адбываўся ўначы 11 студзеня, калі з дапамогай «Аўтамайдана» ўдалося заблякаваць цэлую роту «Бэркута», якая ў той дзень ахоўвала «судзілішча». Усё гэта адбывалася на адлегласьці прыблізна 12 кілямэтраў ад Майдана. Байцоў спэцпадразьдзяленьня, якія пакінулі ўсю сваю амуніцыю і аўтобусы, прапусьцілі праз ганебны калідор, прымушаючы іх зьняць маскі і шаломы дзеля фіксацыі на камэры журналістаў. Усе чакалі, што рэжым адкажа на гэта штурмам Майдана бліжэйшымі днямі, таму зацята рыхтаваліся да абароны, умацоўвалі барыкады мяхамі зь сьнегам, рыхтавалі сродкі самаабароны, кактэйлі Молатава. Аднак пасьля няўдалай папярэдняй спробы штурму рэжым разьлічваў на зацягваньне перамоваў з самавылучанай тройкай апазыцыі.
Усе «перамовы» былі перакрэсьленыя выбухам баёў на Грушэўскага.
— Ці страшна вам было ў часе сутычак?
— Безумоўна, так, бо страх — гэта прыродны сродак ад празьмернага геройства, якое пакідае пасьля сябе шмат зьнявечаных жыцьцяў. Ці было цяжка? Так. Цяжка, калі ўласнавоч бачыш кроў, вялізную колькасьць параненых, скалечаных людзей, якіх канвэерам забіраюць машыны хуткай дапамогі, калі дазнаесься, што потым багата зь іх былі арыштаваныя наўпрост у больніцы і зьніклі потым бязь вестак. Калі труцісься газам, калі прызвычайваесься да выбуху сьвятлошумавых, калі ў цябе трапляюць гумовыя кулі, калі адпяваеш свайго загінулага пабраціма, які наконадні распавядаў табе пра свае пляны, як ён зьбіраецца вярнуцца ў Беларусь, прыехаць да сваіх бацькоў. Калі бачыш чорны куродым, які засьцілае неба да самых аблокаў. Калі ў люты мароз цябе паліваюць з брандспойтаў. Але гэта той цяжар, які толькі гартуе і кшталцуе.
— Пры якіх абставінах вы даведаліся пра сьмерць Жызьнеўскага?
Калі вярнуўся ў Беларусь, досыць цяжка было вяртацца ў нармальнае жыцьцё, дзе людзі жывуць нібы на іншай плянэце
— Калі пачуў 22 студзеня пра сьмерць Жызнеўскага, натуральна, не паверыў, што гэта загінуў менавіта «Локі», бо ведаў яго па мянушцы. Думалася, што мо іншы які беларус, якога я ня ведаю. Да таго ж розныя СМІ пачалі супярэчліва падаваць інфу. Увечары стала зразумела, што загінуў ён. Да мяне прыйшло яснае разуменьне, што мы на вайне, што вакол гінуць людзі, што куля пакуль абрала не цябе. Праз усьведамленьне гэтага, што чыесьці мары, пляны, дзеяньні, задумы ўжо ніколі ня спраўдзяцца, а ты яшчэ маеш гэтую мажлівасьць, усё зрабілася чорна-белым, без усялякіх адценьняў. У фокусе застаецца твая вера, мужнасьць, рашучасьць. Калі вярнуўся ў Беларусь, досыць цяжка было вяртацца ў нармальнае жыцьцё, дзе людзі жывуць нібы на іншай плянэце. Дагэтуль гляджу на жыцьцё менавіта праз чорна-белую прызму. Відаць, гэта ўжо назаўжды, прынамсі, пакуль ня будзе міру.
— Якая ваша галоўная выснова з тых падзей?
— Перакананы, што вялізную ролю ў Рэвалюцыі працягвае граць людзкая салідарнасьць. Гэта той акіян цеплыні, дабрыні і любові, які зрабіў сэрца Ўкраіны палымяным і спрычыніўся да таго, што сэрцы дзясяткаў мільёнаў украінцаў стукаюць цяпер у адзін зь ім такт. Праявы салідарнасьці былі асабіста для мяне момантамі вялікага ўзрушэньня. Ніколі не забудуся на тое, як практычна на самую перадавую падыходзіла да мяне старая бабуля і прымушала ўзяць цёплыя рэчы, калі тут жа зусім яшчэ дзяўчо налівала з тэрмаса і прымушала выпіць гарачую гарбату і прымусова частавала канапкамі — бо «змагару ж патрэбна сілкавацца». Як звычайныя месьцічы пасьля працы прыходзілі дапамагчы разабраць, разьбіць і прынесьці на перадавую брукаванку, як з усяго Кіева прывозілі шыны, пустыя пляшкі, бэнзін. Як дапамагалі ў звычайных побытавых праблемах. Узровень самаарганізацыі і самаадданасьці супольнай справе перасягаў усё, што было назапашана раней маім жыцьцёвым досьведам. Цяпер гэтыя найлепшыя праявы чалавечай натуры, якія ўвасабляе валянтэрскі рух, дапамагаюць выстаяць у вайне на Ўсходзе. І, без сумневу, Украіна пераможа, бо вораг проста не валодае гэтым стратэгічным рэсурсам.
— Як вы ацэньваеце тое, што адбываецца пасьля Эўрамайдану?
— Мяркую, што Ўкраіне за першы год Рэвалюцыі ўдалося шмат што зрабіць. Значна ўмацавалася грамадзянская супольнасьць Украіны, якую ўжо не застрашыш нават пагрозай сьмерці. Гэта непасрэдным чынам прымушае ўлады баяцца і ўпершыню несьці рэальную адказнасьць перад сваім народам. Наноў вучыцца працаваць новаабраная Вярхоўная Рада, у якой кааліцыйны прынцып прыняцьця рашэньняў паступова пачынае перамагаць сыстэму «кнопкацісканьня». На нашых вачох нараджаецца сапраўдны мэханізм выпрацоўкі Народнага Кансэнсусу. Досыць хуткімі тэмпамі адраджаецца баяздатнае войска, якое ўжо пасьпяхова супрацьдзейнічае элітным падразьдзяленьням збройных сілаў Расеі. Назапашваецца баявы досьвед, якога раней не было. Вельмі марудна, спакваля пачалася барацьба з карупцыйнай гідрай, а гэта ня менш небясьпечны нутраны вораг, чым зьнешні. Зьяўляецца яснае ўсьведамленьне таго, што рэформы ў краіне сьлед праводзіць і за кошт фінансаў алігархаў. І, самае галоўнае, значна нівэляваная пагроза аднаўленьня новай імпэрыі праз недалучэньне Ўкраіны да Мытнага саюзу і Эўразійскага эканамічнага саюзу, што зрабіла гэтыя «арганізацыі» простым наборам літараў, збольшага як і ўсе ранейшыя крамлёўскія геапалітычныя праекты.
Я перакананы, што антыімпэрская, антыалігархічная рэвалюцыя толькфі распачалася. У нашай геапалітычнай прасторы наперадзе багата выпрабаваньняў і розных вызначальных падзеяў, якія канчаткова выкінуць на сьметнік гісторыі клептакратычныя рэжымы, як у Расеі, гэтак і ў Беларусі, бо мінулае заўжды прайграе будучыні.
Я стаў прыхільнікам больш рашучых дзеяньняў
Алег Аўчыньнікаў — актывіст руху салідарнасьці «Разам». Пасьля Майдана эміграваў ва Ўкраіну.
— Распавядзіце пра свой удзел у падзеях на Майдане падчас Рэвалюцыі Годнасьці.
— Я рваўся на Майдан, калі толькі пачаліся пратэсты ў Кіеве і было абвешчана пра пачатак Эўрамайдана. У памяці яшчэ былі падзеі Памаранчавай рэвалюцыі, на якую я тады таксама хацеў трапіць, але ў сілу аб’ектыўных прычын (яшчэ ў школе вучыўся) тады на Майдан ня трапіў.
Пасьля разгону студэнтаў 29 лістапада жаданьне прыехаць на дапамогу ўкраінцам яшчэ больш узмацнілася. У выніку ўдалося вырвацца на Майдан толькі на Новы год. Прыехаў 31 сьнежня, а зьехаў 2 студзеня. Той Новы год я запомніў на ўсё жыцьцё, бо зь ім былі павязаныя самыя лепшыя ўспаміны, там я пабачыў адкрытых, добрых людзей.
Потым, па вяртаньні ў Беларусь, вельмі сумаваў па паветры свабоды, якая там панавала, па тых людзях, зь якімі пазнаёміўся. А потым у сеціве пабачыў анонс веча, якое павінна было адбыцца на Майдане 19 студзеня. Так і паехаў ізноў. Дзень 19 студзеня для мяне пачаўся з ходу на вуліцу Банкавую, мы паразмаўлялі з байцамі ўнутраных войскаў, якія перагарадзілі падыход да Адміністрацыі прэзыдэнта, і падаравалі ім мяккія цацкі. Потым было веча. Але ў атмасфэры ўжо адчувалася нейкая напруга, незадаволенасьць людзей доўгім чаканьнем, калі людзі чакаюць, а нічога не мяняецца, а ўлада ў гэты ж момант прымае «дыктатарскія законы». А потым была вуліца Грушэўскага, на якой я зразумеў, што пачынаецца сапраўдная рэвалюцыя. У выніку мая паездка, якая плянавалася ўсяго на адзін дзень, зацягнулася на даўжэйшы тэрмін. Наконт майго ўдзелу ў Майдане скажу адно — стараўся, вельмі стараўся, дапамагаў як мог. А калі больш дакладна, то браў актыўны ўдзел у падзеях на вуліцы Грушэўскага вечарам і ноччу 19 студзеня, днём 20, у ноч з 20 на 21 студзеня.
22 студзеня: умацоўваў барыкады на Храшчаціку, дапамагаў цягаць шыны на вогненную барыкаду каля стадыёна імя Лабаноўскага (на вул. Грушэўскага), будаваў новыя барыкады на вуліцы Грушэўскага і каля Ўкраінскага Дома, потым удзел у начных падзеях на Грушэўскага 22 студзеня (на тэрыторыі стадыёну «Дынама» за калённым уваходам). Удзел у падзеях раніцай і днём 23 на Грушэўскага. Удзельнічаў у захопе Ўкраінскага Дома ў ноч з 25 на 26 студзеня.
Быў валянтэрам у КМДА з 25 студзеня па 10 лютага. Удзельнічаў у начных дзяжурствах на вуліцы Грушэўскага з 5 па 9 лютага.
Разам з байцамі 5-й сотні самаабароны ўдзельнічаў у адгоне цітушак ад барыкадаў каля ЦУМа.
— Што зьмянілася ў тваёй сьвядомасьці пасьля ўдзелу ў падзеях на Майдане?
— Зьмянілася, напэўна тое, што з прыхільніка толькі мірнага пратэсту я ператварыўся ў прыхільніка больш рашучых дзеяньняў і, калі гэта патрэбна, больш радыкальных дзеяньняў. Больш правільна, напэўна, будзе сказаць, што з рэвалюцыянэра-рамантыка я ператварыўся ў рэвалюцыянэра-рэаліста.
Майдан мне паказаў, што дыктатура здольная на злачынства і ня спыніцца ні перад чым, каб захаваць сваю ўладу
Майдан мне паказаў тое, пра што я і раней ня раз думаў і пра што я здагадваўся, а менавіта — што дыктатура здольная на злачынства і ня спыніцца ні перад чым, каб захаваць сваю ўладу. Дык што ўжо казаць пра дыктатуру, якая трымаецца ўжо 20 гадоў! Маю на ўвазе Беларусь. Майдан паказаў мне, што дыктатарскі рэжым у Беларусі сам ня сыдзе і будзе трымацца, чапляцца сваімі кіпцюрамі да апошняга. Рэжым рана ці позна пралье кроў і, на вялікі жаль, загінулых будзе значна больш, чым было ва Ўкраіне.
— А ўвогуле, як зьмянілася тваё жыцьцё пасьля гэтых падзеяў?
— Маё жыцьцё пасьля ўдзелу ў Майдане зьмянілася, калі можна так сказаць, радыкальным чынам: па вяртаньні ў Беларусь праз мой удзел у Майдане ў мяне ўзьніклі праблемы зь беларускімі міліцыяй і спэцслужбамі, у выніку чаго я быў вымушаны зьехаць зь Беларусі і папрасіць палітычнага прытулку ва Ўкраіне.
— Ці жыве памяць там пра Міхася Жызьнеўскага?
— Вядома, жыве. Людзі памятаюць пра яго, шануюць яго памяць. На помніках Міхасю ў Кіеве заўсёды можна пабачыць запаленыя лямпадкі і сьвежыя кветкі.
— Што, на тваю думку, самае важнае, чаго ўкраінцы дамагліся Майданам?
— Самае важнае, на маю думку, — гэта тое, што людзі, якія раней проста жылі ва Ўкраіне, цяпер сталі сапраўднай Нацыяй, згуртаванай і загартаванай. Досьвед Майдану, а асабліва гэта бачна ў валянтэрстве, ім спатрэбіўся цяпер, калі Ўкраіна вымушана змагацца супраць тэрарыстаў на ўсходзе.
Эўрамайдан ва Ўкраіне працягваецца
Алена Літвінава, журналістка з Кіева, якая ў часе самых гарачых падзеяў у Кіеве вяла для Свабоды рэпартажы з Эўрамайдана.
— Ці былі беларусы актыўныя на Майдане?
— Асабіста я ня брала ўдзелу ў Майдане. Толькі назірала, як журналіст. Увогуле лічу, што ані беларусы, ані грамадзяне іншых краінаў ня маюць права вырашаць лёс краіны, нават сымпатызуючы працэсам, якія адбываюцца ва Ўкраіне. У той жа час я не асуджаю нікога зь беларусаў, хто стаяў побач з украінцамі кожны дзень, тыдзень, месяцы... Гэта іх права выбару і іхнае рашэньне. Урэшце, кожны — гаспадар уласнай долі. Дарэчы, чамусьці здаецца, што на Майдане было шмат беларусаў, але ня кожны гэта афішуе і ня кожны ставіў сабе за мэту абавязкова ідэнтыфікавацца. Дакладна ведаю, што на Майдане былі і прадстаўнікі некаторых партыяў, якія ў Беларусі лічаць маргінальнымі і такімі, якія не ўплываюць на грамадзка-палітычны працэс унутры краіны.
— Што зьмянілася ў вашай сьвядомасьці пасьля Майдана?
— Складанае пытаньне. Напэўна, яшчэ зарана рабіць нейкія высновы. На працягу ўсіх дзесяці гадоў, што я працую ва Ўкраіне, я заўсёды намагалася дыстанцыявацца ад падзеяў, успрымаць іх на адлегласьці і ад улады, і ад апазыцыі. Але тады, год таму, усе мае эмоцыі, сымпатыі і падтрымка былі выключна на баку грамадзян. Менавіта грамадзян, а не насельніцтва, як звычайна журналісты называюць масы людзей у сваіх матэрыялах. Я захаплялася мужнасьцю, стойкасьцю, бясстрашнасьцю і вытрымкай кожнага, хто кінуў сваю працу, бізнэс, сем’і, хто разам зь сябрамі арганізоўваў харчаваньне, абагрэў і ахову людзей, нягледзячы на штодзённае запалохваньне, якое лілося з экранаў тэлебачаньня, нягледзячы на выкраданьне актывістаў або іх увязьненьне... І ўсё гэта — дзеля лепшай долі для сябе, сваіх дзяцей і сваёй краіны і супраць хлусьні і бяспраўя. А ня дзеля голасных словаў і дэмагогіі. Я захаплялася неверагоднай самаарганізацыяй і сілай духу ўкраінцаў, але адчувала, зыходзячы са сваіх асабістых ацэнак пэрсоны Януковіча, што такое паўстаньне ня можа завяршыцца мірна, без ахвяраў і крыві. На жаль, так і сталася. Я пакуль не магу асэнсаваць хаця б тое, што кожная новая ахвяра выводзіла на вуліцу ўсё больш і больш грамадзян. Гэта вельмі ўразіла. І яшчэ ўразіла салідарнасьць, гатовасьць кожнага дапамагчы бліжняму, нягледзячы на грамадзянства... Можа, вам здаецца, што гэта агульныя і банальныя словы, але ўпершыню, напэўна, для мяне яны маюць досыць канкрэтнае сэнсавае напаўненьне. Найбольш памятаю 19 студзеня. Пасьля традыцыйнага нядзельнага веча людзі накіраваліся на вуліцу Грушэўскага. Тады ўпершыню ў натоўп з боку міліцыі паляцелі святлошумавыя гранаты. Менавіта тады стала зразумела, што ўлада будзе выкарыстоўваць усе сілы, каб утрымацца. У наступныя дні ўсё панеслася вельмі хутка... А 22 студзеня загінуў першы замежны грамадзянін. Ім выявіўся беларус Міхал Жызьнеўскі. Паўдня я высьвятляла ягонае прозьвішча. Здавалася, што перапалохаліся ўсе палітычныя сілы... Ня ведалі, як рэагаваць, што рабіць і ці варта паведамляць ягонае прозьвішча.
Я пакуль не магу асэнсаваць хаця б тое, што кожная новая ахвяра выводзіла на вуліцу ўсё больш і больш грамадзян
— Ці жыве ў Кіеве памяць пра Міхала Жызьнеўскага?
— Памяць жыве. Дагэтуль пасярэдзіне вуліцы Грушэўскага на месцы яго гібелі стаіць памятны знак, усталяваны ў першыя дні пасьля ягонай сьмерці. Улады ўсталявалі і дарожны знак, каб аўтамабілі аб’яжджалі гэтае месца. Кожны дзень там жывыя кветкі і бел-чырвона-белы сьцяг. А літаральна за некалькі дзясяткаў мэтраў — новы помнік. Раней, калі ва Ўкраіне трывала жвавая дыскусія пра ўзнагароджаньне ўсіх герояў Нябеснай сотні званьнем Героя Ўкраіны і замежныя грамадзяне не ўвайшлі ў пералік узнагароджаных пасьмяротна, мне ўсе знаёмыя казалі: «Жызьнеўскі цяпер наш, а ня ваш герой, незалежна ад званьня». Вельмі ўзрушыла, калі падчас Маршу міру ў мінулую нядзелю шматтысячная калёна спынілася на гэтым месцы, каб ушанаваць усіх, хто загінуў падчас Майдану, і пачалі хваляй, адзін за адным станавіцца на калені... У памяць і пра Міхася Жызьнеўскага, у тым ліку. Памятаеце, што падчас Майдану загінулі больш за 100 украінцаў? Іх прозьвішчы і імёны, як гэта ні цынічна гучыць, ведаюць пераважна родныя, сябры і знаёмыя, а імя Міхася Жызьнеўскага ведаюць усе ўкраінцы.
— Што, на вашу думку, самае важнае з таго, чаго ўкраінцы дамагліся Майданам?
— Магчыма, глябальная перамога яшчэ наперадзе, і я ўпэўнена, што яна дасягальная для ўкраінцаў. Але галоўнае, што грамадзяне прадэманстравалі ўладзе, што яна абіраецца не для пасад і недатыкальнасці, мае лічыцца з народам, разьвіваць краіну, а не набіваць уласныя кішэні. На жаль, пакуль ня ўсе палітыкі зразумелі, наколькі зьмянілася грамадзтва і наколькі далёка яно гатова ісьці далей. Часам здаецца, што новая ўлада паўтарае памылкі і Юшчанкі, і Януковіча адначасова і ўсе яшчэ спадзяецца на абсалютнае гаспадараваньне ў краіне. Вось калі ўлада зразумее, што грамадзяне ўжо іншыя, на галаву вышэйшыя за яе, і пачне падцягвацца да іх і адпавядаць іхнім патрабаваньням, — гэта і будзе сапраўдным дасягненьнем Майдану. А пакуль Майдан працягваецца.