Міністэрства адукацыі Беларусі пастанавіла скасаваць іспыты пасьля 4-й клясы для паступленьня ў гімназіі. Цяпер гэта павінны аформіць на заканадаўчым узроўні.
Ад звычайных школаў гімназіі будуць адрозьнівацца толькі праграмай пасьля 9-й клясы, а набіраць туды пачнуць паводле тэрытарыяльнай прыкметы, то бок рэгістрацыі. Свабода даведалася ў настаўнікаў ды бацькоў, што яны думаюць пра новую ідэю ўладаў.
«Усё робіцца мэтанакіравана, бо невукамі лёгка кіраваць»
«Гэта зьліквідаваньне гімназычнага навучаньня», — так ацаніла чарговыя крокі Міністэрства адукацыі намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч.
На яе перакананьне, Беларусь дэманструе крок назад ад рэформы адукацыі, якая шмат гадоў пасьпяхова праходзіць ва ўсім цывілізаваным сьвеце.
«Я маю на ўвазе адмову ад тэрытарыльнага прынцыпу набору, да якога мы вяртаемся, — кажа суразмоўніца Свабоды. — Увесь эўрапейскі сьвет, нашы суседзі адмовіліся (нядаўна Ўкраіна прыняла закон), а мы засталіся. Ёсьць такая сыстэма, якая называецца ваўчарным фінансаваньнем школ. Бацькі выбіраюць школу, і туды дзяржава пералічвае грошы, якія выдаткоўваюцца зь бюджэту на навучаньне. Такім чынам ствараецца канкурэнцыя, бо зразумела, што бацькі аддадуць перавагу школе, дзе лепшая праграма, дзе ёсьць свабода для вучняў у выбары розных профіляў, паглыбленага навучаньня, дзе лепшы мікраклімат. У тым ліку бацькі могуць выбраць і прыватную школу ці самі яе стварыць, а дзяржава мусіць пералічыць туды фінансы, бацькі толькі даплочваюць. Такім чынам стымулюецца разьвіцьцё.
Пры такой сыстэме фінансаваньня дырэктары фактычна падпарадкоўваюцца не вэртыкалі, якая ў нас цяпер трымае адукацыю як у цісках, а бацькам і дзецям, усё залежыць ад якасьці працы. І таму мне адмова ад ўступных іспытаў падаецца відавочным крокам назад, бо гімназіі фактычна ліквідуюць, хоць назву пакуль пакідаюць.
Мінадукацыі кажа бацькам: навошта выбіраць школу, калі праграма будзе адна? Як быццам справа толькі ў праграме. А якасьць настаўнікаў, а ўмовы. Мікраклімат у такіх нібыта гімназіях разбурыцца, бо тэрытарыяльны прынцып набору парушыць сыстэму, пры якой зьбіраюцца настаўнікі для спэцялізацыі па пэўным кірунку. Бо набяруць вучняў, якім гэта нецікава.
Цяпер яшчэ лепш бачна, насколькі нашае кіраўніцтва само малаадукаванае
Цяпер яшчэ лепш бачна, насколькі нашае кіраўніцтва само малаадукаванае. Яны, відаць, гэтак ненавідзелі сваю школу, што цяпер ня бачаць сэнсу ў тым, каб ствараць дадатковыя ўмовы для дзяцей, якія хочуць падвышанага узроўню навучаньня.
Гэтыя кіраўнікі бачаць патрэбу ў падвышаным навучаньні толькі ў спартовым накірунку. Вось юнаму хакеісту, паводле іх, трэба стварыць дадатковыя ўмовы, а адносна таленавітага матэматыка, біёляга, праграміста яны думаюць, што гэтага ім ня трэба. Проста паводле ўзроўню ня могуць ўявіць.
Таму я прыхожу да высновы, што ўсё робіцца мэтанакіравана — зьніжэньне ўзроўню адукацыі, каб дзеці былі аднолькавыя, каб былі невукамі, каб імі было лёгка кіраваць».
«Нельга пачынаць рамонт цягніка з апошняга вагону»
Былая дырэктарка менскай гімназіі № 23 Ніна Нікіціна так адрэагавала на апошнія ініцыятывы адукацыйнага ведамства: «Калі ідзе цягнік, нельга пачынаць рамонт з апошняга вагону».
«Тое, што зараз адбываецца, сьведчыць на адно: мы зусім забываемся пра тых, хто ў гэтым цягніку. Пра бацькоў і дзяцей. Нельга гэтак зьнянацку такое рабіць, як цяпер. Гімназіі павінны быць. Не прынцыпова, іспыт у 4-й ці 5-й клясах, але мусіць быць адбор, — адзначыла Ніна Нікіціна ў гутарцы са Свабодай. — І яшчэ пра тэрытэрыяльны прынцып: што значыць, калі блізка жывуць?
А як быць зь беларускамоўнымі гімназіямі, куды дзетак звозяць зь іншых раёнаў гораду? Галоўнае, каб рабілася па-розуму, але мяне вельмі насьцярожвае тое, што адбываецца цяпер. Як і тое, што ў сацсетках гэтую тэму актыўна абмяркоўваюць бацькі, але не настаўнікі. Чаго яны баяцца? Ніжэй жа школы не пашлюць. Чаго маўчаць?..»
«Чарговая рэформа адукацыю не паляпшае, а толькі пагаршае»
Скульптар і грамадзкі актывіст Гэнік Лойка не адзін год вядзе змаганьне з кіраўніцтвам менскай гімназіі № 4 за рэальнае, а не фармальнае выкарыстаньне беларускай мовы. На яго перакананьне, цяперашнія новаўвядзеньні перасьледуюць толькі адну мэту — апусьціць плянку да ўсё больш сьціплага ўзроўню выкладчыкаў.
«На жаль, усё робіцца дзеля таго, каб узровень не падвышаць, а зьніжаць. Але гэтаму ёсьць тлумачэньне. Як на маю думку, гэта проста штучна падагналі пад настаўнікаў. Тыя ж гімназіі выпускаюць вучняў, якія зь цяжкасьцю паступаюць у пэдагагічныя ўстановы, там ледзь цягнуць навуку і ўрэшце выпускаюцца зь мінімальным багажом ведаў. Таму нічога не застаецца, як апускаць школу пад іх узровень.
Я, дарэчы, адну такую завочніцу вучу — дзякуй Богу, яна выкладаць у дзяцей ня будзе, — кажа Свабодзе Лойка. — Па праўдзе кажучы, які цяпер узровень гімназій? Гэткі ж, як і сярэдніх школаў. Можа, гімназісты меней лаюцца матам ды ня кураць за школай, толькі і ўсяго. А веды збольшага аднолькавыя. Таксама наймаюцца рэпэтытары, каб паступіць, таксама ёсьць пытаньні да адукацыйнага працэсу. Усё выраўноўваецца...»
«Наступны крок — зраўняць вучэльню з унівэрсытэтам»
Дзіця прадусара, кіраўніка музычнага парталу TuzinFM Сяргея Будкіна, летась здавала іспыт у 5-ю гімназічную клясу — выглядае, ужо апошнім заходам. На яго думку, існуе вялікая колькасьць спосабаў, як пазбавіць малога экзамэнацыйнага стрэсу, аднак гэта не азначае, што варта ламаць сфармаваную сыстэму.
«Мяне гэта ня вельмі кранае ў тым сэнсе, што адукацыя дзяцей моцна залежыць ад бацькоў, — кажа Будкін. — Тое, што закладзена дома ў пляне жыцьцёвых арыентыраў, адчуваньня сьвету і глябальных ведаў, застанецца ў любым выпадку. Так, магчыма, трэба было падумаць, як пазбавіць 9-10-гадовых дзяцей стрэсу з іспытамі, але пры гэтым няма ніякай патрэбы прыніжаць статуснасьць установы.
„Ураўнілаўка“, якая сёньня ўсё больш выразна вымалёўваецца, абсалютна непрымальная зьява. Тым больш мы гэта некалі ўжо праходзілі. Таму жаданьне зрабіць для ўсіх аднолькава, пад шаблён, выглядае сумнеўна. Натуральна, хацелася б, калі дзіця жадае вучыцца, імкнецца да пашырэньня ведаў па прадметах, такую магчымасьць мець. Але агулам прыраўноўваць гімназію да школы — прыблізна тое ж самае, як спрабаваць зраўняць вучэльню з унівэрсытэтам. Хіба такі застаецца наступны крок...».
«Кансэрвацыя ў разьвіцьці называецца дэградацыяй»
Вядомы музыка Алесь-Францішак Мышкевіч без тэрытарыяльнай прывязкі пасьпеў аддаць сына Лявона ў 1-ю клясу — з разьлікам на адпаведны ўзровень адукацыі ў беларускамоўнай гімназіі. Аднак небясспрэчная рэформа, ды яшчэ на самым пачатку вучобы, засмучае.
«Каб побач былі беларускамоўныя школы, можа, асабліва і не выбіралі б. На жаль, іх няма. Выбіраць асабліва не даводзіцца — хіба толькі паміж 4-й і 23-й гімназіямі. Нават каб жыў на Вясьнянцы, знайшоў бы магчымасьць вучыць хлопца ў беларускай установе, — кажа Свабодзе Мышкевіч. — Узровень любой адукацыі — як дзіцячай, так і дарослай — мусіць падвышацца, а не паніжацца.
Заганяць усіх у адно стойла, як за савецкім часам, безумоўна, нельга. Нехта можа ў гімназіі вучыцца, нехта не, але гэта павінны вызначаць не чыноўнікі. Тое, што ідзе наперад і не стаіць на месцы — гэта і ёсьць эвалюцыя. А што закансэрвавалася ў сваім разьвіцьці, называецца дэградацыяй.
З другога боку, калі мы не зьбіраемся вучыцца да 10-й клясы, калі разглядаем іншыя варыянту працягу, атрымліваецца, што да гімназіі ніякага дачыненьня і ня маем? Абсурд нейкі...».