На гэтым тыдні Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай Анатоль Лябедзька абвясьціў, што пачынае практычныя дзеньні па вылучэньні кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі ў 2015 годзе.
Гэта, вядома, ня стала сэнсацыяй, але канчаткова зафіксавала той факт, што дэмакратычная апазыцыя ня здолела дамовіцца наконт адзінага кандыдата. Навошта спадар Лябедзька ідзе ў гэтую кампанію? Ці рэальна пераадолець пэсымізм і абыякавасьць грамадзтва? Зь якой праграмай павінен ісьці на выбары дэмакратычны кандыдат?
На гэтыя ды іншыя пытаньні лідэр АГП адказвае ў перадачы Віталя Цыганкова «Герой тыдня»:
Цыганкоў: Магчыма, нехта можа сказаць, што сапраўдны «герой тыдня» — гэта Аляксандар Лукашэнка. Але, паводле такой лёгікі, гэтая асоба можа быць «героем» амаль кожнай нашай перадачы. А па-другое, нешта мне падказвае, што Аляксандар Лукашэнка наўрад ці прыйшоў бы ў студыю Свабоды. Анатоль Лябедзька ніколі не адмаўляе незалежным журналістам. Анатоль, навошта вы ідзяце ў прэзыдэнцкую кампанію?
Лябедзька: Віталь, а ў мяне хіба быў нейкі выбар?
Цыганкоў: Выбар заўсёды ёсьць — адхіліцца, адысьці, прыдумаць нейкае мудрае тлумачэньне.
Лябедзька: Я не лічу выбарам для сябе схавацца за сьпінамі іншых. У гэтай сытуацыі, калі як ніколі існуе пагроза легітымацыі вынікаў гэтай выбарчай кампаніі — не пасьці гэта азначае не паважаць самога сябе. Вядома, можна было б завярнуцца ў кокан пад назвай «байкот» і нічога не рабіць. Але я не лічу гэта для сябе выбарам.
Your browser doesn’t support HTML5
Цыганкоў: Пра сваё магчымае вылучэньне заявіў і лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін. Але ж вы, АГП, знаходзіцеся зь імі у адной кааліцыі — «Талака». Здавалася б, што ад «Талакі» павінен быў быць адзін кандыдат. Чаму гэта не так?
Лябедзька: «Талака» — гэта кааліцыя аднаго пытаньня: свабодныя і сумленныя выбары. І ў нас была дамова, што калі будзе Кангрэс, то мы будзем партнэрамі. Таму ня будзем забягаць наперад.
Цыганкоў: Што вы думаеце пра шанцы стаць кандыдатам у вылучэнкі ад «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч?
Лябедзька: Я больш думаю пра тое, чаму цяжкавагавікі не пайшлі ў гэтую кампанію. Па-першае, у гэтай кампаніі ня будзе багата рэсурсаў. Па-другое, захаваліся ўсе атрыбуты рэпрэсіўнага рэжыму. І па-трэцяе, з Эўропы ідзе дастаткова моцны трэнд — шукаць паразуменьне з Лукашэнкам. Выступаць супраць гэтага трэнду ня ўсім хочацца.
Цыганкоў: Грошай няма, падтрымкі Эўропы няма, практычных шанцаў перамагчы няма. Гэта вяртае нас да майго першага пытаньня — навошта ісьці ў гэтую кампанію?
Лябедзька: А вы хочаце, каб было як у Казахстане? Уявіце, прыедуць міжнародныя назіральнікі, і ўбачаць, што ў нас даюць усім выступіць, праводзіць пікеты, і гэтак далей. І Лукашэнка ўпершыню можа атрымаць легітымнасьць. Гэта на практыцы азначае, што ўсе міжнародныя пагадненьні, інтэграцыйныя дамовы, якія падпісваў Лукашэнка, набываюць юрыдычную сілу. Амэрыканцы колькі гадоў не прызнавалі анэксію Прыбалтыкі. Мы павінны пакінуць нашым нашчадкам магчымасьць апэляваць, што гэтыя дакумэнты ня маюць юрыдычнай сілы. Гэта самы галоўны матыў для майго удзелу.
Цыганкоў: СМІ і людзі ў сацыяльных сетках даволі скептычна адрэагавалі на абвестку пра ваша вылучэньне. Здаецца, увогуле, за апошнія 20 гадоў ніколі не было такога пэсымізму і абыякавасьці. Ці магчыма гэта пераламіць?
Лябедзька: Перамены прыносяць толькі аптымісты. Патрэбны свой сцэнар паводзінаў падчас гэтай кампаніі. Падчас мясцовай кампаніі мы часткова навязалі свой сцэнар выбараў, мы сабралі доказы, што выбары не зьяўляюцца сумленнымі і легітымнымі.
Цыганкоў: Зь якім мэсыджам павінна ісьці апазыцыя на гэтыя выбары? З чым пойдзеце вы?
Лябедзька: Новы эканамічны курс і свабодныя сумленныя выбары. Думаю, у грамадзтве ёсьць запыт на эканамічныя перамены. У пасланьні Лукашэнкі не было ніякіх адказаў на гэтыя пытаньні. Мы можам павялічыць колькасьць удзельнікаў палітычнага працэсу. Таму напрыканцы гэтай кампаніі мы здолеем падцягнуць да сябе новых людзей, і стварыць шырокі рух самаарганізацыі.
Цыганкоў: Лукашэнка ў пасланьні нават заклікаў сваіх чыноўнікаў «сябраваць» з апазыцыяй...
Лябедзька: Я не выключаю, што падзел сярод прыхільнікаў пераменаў будзе якраз пра тое, як ставіцца да ўлады. Альбо быць прынцыповымі і пасьлядоўнымі, казаць, што Лукашэнка мусіць сысьці. Ці другі падыход — неяк дамовіцца ў кулюарах з уладай, і ўзамен улада прызначыць некага з апазыцыі ў Палату прадстаўнікоў. Так што тут у Лукашэнкі ёсьць роздум пра тое, што рабіць з апазыцыяй — паспрабаваць раскалоць яе, камусьці паабяцаўшы бублік.
Your browser doesn’t support HTML5
Цыганкоў: З тых, хто ідзе на выбары, вы адзіны, хто мае турэмны досьвед. Ці гэта дапамагае палітыку, ці наадварот, страх зноў туды патрапіць можа зьвязаць па руках і нагах?
Лябедзька: Перад тым, як прымаць канчатковае рашэньне, мы сабралі ўсіх партыйных рэгіянальных лідэраў, і паказалі сытуацыю, якая ёсьць. Што будзем рабіць? І ўсе сказалі — мы павінны ісьці. Пасьля гэтага я мусіў сказаць толькі адно — «я вас не падвяду».
У гэтай кампаніі мы ўпершыню зробім усіх грамадзян Беларусі спонсарамі тых, каму яны давяраюць, мы зьвернемся да іх. Паглядзім. ці пойдуць да нас людзі — і калі мы гэта зробім, гэта будзе вялікі крок наперад.
Новая відэаперадача Беларускай Свабоды — «Герой тыдня»
Мы запрашаем у студыю чалавека, які зрабіў на гэтым тыдні нейкі крок, учынак, які сваімі дзеяньнямі ці заявамі прыцягнуў увагу людзей, выклікаў грамадзкую дыскусію, якога абмяркоўвалі ў прэсе і сацыяльных сетках.
Гэта будуць людзі самых розных прафэсій, стасусаў і перакананьяў — галоўнае, каб яны былі цікавыя аўдыторыі Свабоды.