Генэральная пракуратура Беларусі адмяніла пастанову аб спыненьні расьсьледаваньня справы аб сьмерці ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага менчука Ігара Пцічкіна і накіравала яе на новае расьсьледаваньне ў Сьледчы камітэт Беларусі. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла маці памерлага Жанна Пцічкіна, якая 4 чэрвеня атрымала адпаведны ліст.
«Генэральнай пракуратурай па выніках вашых зваротаў і вывучэньня крымінальнай справы пастанова аб прыпыненьні папярэдняга расьсьледаваньня ад 29.12.2014 г. адмененая. Крымінальная справа накіраваная для далейшага расьсьледаваньня ў Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Вашы звароты таксама накіраваныя ў Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь для далучэньня да матэрыялаў крымінальнай справы і праверкі прыведзеных у іх аргумэнтаў», — працытавала ліст з пракуратуры Жанна Пцічкіна.
Ігар Пцічкін памёр на «Валадарцы» 4 жніўня 2013 году. Папярэдняе сьледзтва вырашыла, што гэта была сьмерць у выніку хваробы сэрца, якую нібыта выклікала сталае ўжываньне наркотыкаў. У выніку з супрацоўніка мэдычнай часьці «Валадаркі» былі зьнятыя падазрэньні ў службовай халатнасьці і неаказаньні дапамогі.
Сваякі памерлага з вэрсіяй сьледзтва не пагадзіліся. Яны спасылаліся на сьляды зьбіцьця на целе Ігара Пцічкіна і на вынікі экспэртызы, паводле якой сьлядоў наркотыкаў у яго крыві не знайшлі. Сваякі не выключаюць, што Ігар Пцічкін памёр ад зьбіцьця ахоўнікамі ізалятара.
Амаль два гады маці ды іншыя сваякі Ігара Пцічкіна змагаюцца за правядзеньне больш пільнага расьсьледаваньня і прыцягненьне вінаватых да адказнасьці. Больш за месяц таму справу закрылі, і ў Сьледчым камітэце Жанну Пцічкіну пачалі знаёміць зь яе матэрыяламі. Пасьля азнаямленьня з матэрыяламі Жанна Пцічкіна заявіла, што ня згодная з высновамі сьледчых і будзе іх абскарджваць. Як цяпер Жанна Пцічкіна камэнтуе рашэньне пракуратуры аб аднаўленьня расьсьледаваньня?
«Вядома, я задаволеная, што справу канчаткова не „пахавалі“, а будзе новае расьсьледаваньне. І што ў мяне зьявіўся шанец дамагчыся таго, чаго я хачу. А хачу я, каб вінаватых у сьмерці майго сына пакаралі. Я перакананая, што майго сына забілі, і хачу, каб гэта было даказана. Што ён памёр не ад наркаманіі і алькаголю, а што яго забілі».
У 2013 годзе праз 40 дзён пасьля сьмерці Ігара Пцічкіна ягоныя сябры, сваякі і праваабаронцы спрабавалі ўскласьці кветкі да муроў «Валадаркі», дзе здарылася трагедыя. Акцыю жорстка разагналі супрацоўнікі міліцыі, некалькіх яе ўдзельнікаў, у тым ліку сястру нябожчыка, затрымалі. Пазьней затрыманым прысудзілі штрафы і адміністрацыйныя арышты.