Дырэктарку тэатру абяцалі не звальняць за «Сьвята незалежнасьці». Проста не падоўжаць кантракт

Вулічны тэатар «Вір», архіўнае фота

Напярэдадні менскага «Сьвята незалежнасьці» кіраўніца вулічнага тэатру «Вір» Ганна Несьцерава расказала, што начальства цэнтру дадатковай адукацыі «Кантакт», на базе якога працуе тэатар, патрабавала ад яе адмовіцца ад выступу на мітынгу-канцэрце, пагражала звальненьнем.

Акторы «Віру» мелі рабіць інтэрактыўнае шоў на санкцыянаваным уладамі «Сьвяце незалежнасьці» — «хадзіць на хадулях, разыгрываць праграмкі».

Чыноўніца Ірына Барадай, якая, паводле Ганны Несьцеравай, патрабавала не выступаць, сказала Свабодзе, што тэатру можна быць на сьвяце, «усё дазволена». Барадай казала, пагрозаў звальненьнем не было. Тэатар выступіў на сьвяце 25 сакавіка.

Увечары 26 сакавіка Несьцерава расказала на Facebook, што яе сапраўды пакуль ня звольнілі, але «ўзялі на асаблівую заўвагу», патрабавалі напісаць тлумачальную пра ўдзел 13-гадовай акторкі тэатру ў сьвяце. Ганна атрымала вымову за кепска запоўнены журнал наведваньня гуртка. Тэатар цяпер перасяляюць у іншы будынак, кантракт зь Несьцеравай не падаўжаюць.

Адмова ад працягу кантракту ў Беларусі гэта фактычна «адкладзенае звальненьне»: большасьць кантрактаў у дзяржаўных установах заключаюць на год, могуць не працягнуць без тлумачэньня прычынаў (пры звальненьні фармальныя тлумачэньні патрэбныя). Незалежныя прафсаюзы, праваабаронцы і апазыцыйныя палітыкі ня раз крытыкавалі кантрактную сыстэму, называлі яе «новым прыгонным правам».