«Гэта Амэрыка вінаватая, што даляр расьце», — апытаньне ў Берасьці

За апошнія шэсьць гадоў у Беларусі адбыліся тры дэвальвацыі — такога не было ні ў адной іншай краіне Ўсходняй Эўропы. Як вы лічыце, што зьяўляецца галоўнай прычынай гэтага? На такое пытаньне карэспандэнта Свабоды адказвалі жыхары Берасьця.

Your browser doesn’t support HTML5

«Гэта Амэрыка вінаватая, што даляр расьце», — апытаньне ў Берасьці


Пэнсіянэрка: «А што, гэта беларусы вінаватыя, што даляр столькі каштуе? Ну то гэта ж нехта там гэтым кіруе, каб аслабла эканоміка... Што, Беларусь вінаватая, што даляр расьце? Ну, канечне, гэта Амэрыка вінаватая, што даляр расьце. Яны ўсё Расею „гнабяць“, душаць, у іх падае іх расейкі рубель, падымаецца даляр. І, адпаведна, і ў нас падымаецца. Ну яны ніяк ня могуць падзяліць, што яны там дзеляць — нафту, ці Ўкраіну... А мы ўвесь час цярпім».

Маладая спадарыня: «Ну, калі тры разы за шэсьць гадоў, то, значыць, недзе ўлады не даглядзелі. Значыць, трэба мяняць палітыку, мірыцца, сябраваць зь іншымі краінамі. Відаць, зьвяз з Расеяй нам не дае ніякіх гарантый. У іх саміх зараз рубель падае, то і цягнуць нас у гэтую яму. Трэба мірыцца з Захадам неяк».

Спадарыня: «Няма ў кіраўніцтве дзяржавы добрай каманды, адукаванай, думаючай, прагрэсіўнай. Прывязваюцца да Расеі, у якой зараз праблемы, адпаведна і яна нас за сабой цягне ўніз».

Спадар: «Хутчэй за ўсё, гэта з-за тых, хто сядзіць на высокіх пасадах. Можа, у нас няма эканамістаў добрых. Можа, дурні кіруюць».

Спадарыня сярэдняга веку: «Неадукаванае кіраўніцтва, якое ня ўмее, не разьбіраецца. Адзінае, што навучыліся — гэта крэдыты браць, у даўгі ўлазіць ды прывязацца да Расеі і падпарадкоўвацца ёй, каб тая давала танныя нафту і газ. Але гэта заканчваецца для Расеі трагедыяй, і яма чакае такая ж і нас. Таму што ня лепшы за Пуціна кіруе і Беларусьсю».