Пуцін і Лукашэнка перадаручылі міністрам энэргетыкі дамовіцца пра цану на газ

Фота: Mikhail Metzel/TASS

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка даручылі міністрам энэргетыкі самастойна дамовіцца пра цэнаўтварэньне на газ, «не выносячы наяўныя нязгоды на найвышэйшы ўзровень», перадае «Московский комсомолец».

«Беларусы, натуральна, лічаць, што яны павінны разьлічваць на больш нізкую цану, — казаў Пяскоў перад пасадкай на самалёт, які не ўзьляцеў (наступны расейскія госьці чакалі тры гадзіны). — Мы лічым, што правы зьніжкі такой няма. Гэта чыста камэрцыйная спрэчка. Пакуль ня варта перабольшваць значэньне гэтай спрэчкі».

Раней прэмʼер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што Менск і Масква не прыйшлі да пэўных дамоўленасьцяў пра цану на расейскі газ для Беларусі падчас сустрэчы 8 чэрвеня Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна.

Беларускія ўлады лічаць справядлівай цану на расейскі газ для Беларусі ў 80 даляраў за тысячу кубамэтраў замест цяперашніх 142 даляраў. У траўні кіраўнік Мінэнэрга Расеі Аляксандар Новак заявіў, што Беларусь за студзень-красавік 2016 года ўжо вінаватая расейскаму «Газпрому» больш за 125 мільёнаў даляраў. Паводле міністра энэргетыкі Беларусі Уладзімера Патупчыка, Менск не прызнае гэты доўг.