Галоўны мытнік Магілёўшчыны загаварыў па-беларуску

Ілюстрацыйнае фота

Магілёўскай мытні ўручылі яе сьцяг. Начальнік мытні Леанід Досаў пра значнасьць падзеі гаварыў на беларускай мове. Урачыстасьць адбылася 8 студзеня на плошчы Славы ў Магілёве.

Уручаў сьцяг старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Юры Сянько. Паводле яго, мытныя органы сталі сыстэмай забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі краіны. Атрымаўшы сьцяг, Леанід Досаў адзначыў, што сьцяг — сымбаль гонару, доблесьці ды славы.

«Мець свой сьцяг — гэта вялікі гонар, але разам з тым і вялікая адказнасьць, — казаў начальнік Магілёўскай мытні. — Тым больш на палотнішчы нашага сьцяга вышытыя словы: „За намі радзіма“. І гэта сапраўды так незалежна ад таго, дзе мы працуем — на поўначы ці поўдні, на захадзе ці на ўсходзе нашай краіны».

На Магілёўшчыне кіраўнікі сілавых структураў звычайна не выказваюцца публічна на беларускай мове. На афіцыйных сайтах гэтых структураў беларускамоўнай вэрсіі няма. Напрыклад, на сайце Магілёўскай мытні беларускай мовы няма наагул. А вось на сайце Ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму па-беларуску пададзены кліч міліцыянтаў: «Служым закону! Народу! Айчыне!».

Як зазначае намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, беларуская мова з вуснаў Леаніда Досава гучыць натуральна. Гэта сьведчыць, кажа партыец, што моваю мытнік валодае няблага.

«Я мяркую, што ў некаторых прадстаўнікоў сілавых структураў нарэшце зьявілася ўсьведамленьне таго, што існуе пагроза незалежнасьці нашай краіны. Тут ёсьць і асабісты інтарэс. Калі ўявіць, што цалкам зьнікае мяжа паміж Беларусьсю і Расеяй — Беларусь уваходзіць абласьцямі ў склад Расейскай Фэдэрацыі, і магілёўская мытня будзе нікому не патрэбная. І гэты чыноўнік застанецца бяз працы разам з астатнімі сваімі калегамі. Таму праз усьведамленьне гэтага прыходзіць разуменьне, што Беларусь павінна існаваць як незалежная краіна».

Паводле Рыгора Кастусёва, бальшыня чыноўнікаў не валодае беларускай мовай настолькі, каб на ёй гаварыць. Тым ня менш Кастусёў упэўнены, што калі будзе загад, то сытуацыя радыкальна зьменіцца. Партыец спасылаецца на гутарку з адным дзяржаўным службоўцам:

«Ён асабіста сказаў мне: калі будзе загад, я перайду на беларускую мову на заўтрашні дзень, а працэнтаў дзевяноста праз тры дні загавораць па-беларуску».