Актывіст Аляксандар Вянгерскі, які на матчы БАТЭ з «Арсэналам» выбег на поле «Барысаў-арэны» зь бел-чырвона-белым сьцягам, адбывае 10 сутак арышту за дробнае хуліганства і нібыта непадпарадкаваньне міліцыі. Як перадае «Вясна», ён абвясьціў галадоўку.
У лісьце, які атрымаў вялейскі актывіст Аляксей Сюдак, Вянгерскі тлумачыць, што галадоўку абвяшчае празь нязгоду з абвінавачаньнем у непадпарадкаваньні міліцыі, бо «супрацоўнікі праваахоўных органаў давалі розныя паказаньні, а аднаго зь іх я ўбачыў у залі суду ўпершыню». Ён заяўляе, што зь ягонага боку не было непадпарадкаваньня ці зьнявагі да міліцыянтаў.
Таксама Вянгерскі піша, што ладзіць галадоўку ў падтрымку ўсіх палітзьняволеных, якія цяпер знаходзяцца за кратамі.
Your browser doesn’t support HTML5