Куратара стрыт-арт-супольнасці Signal Алега Ларычава суд пакараў штрафам у 50 базавых (1150 рублёў) за калючы дрот на мурале, які сымбалізуе сяброўства сталіц Беларусі і Расеі.
Такі самы штраф атрымаў яшчэ адзін малады чалавек.
У кастрычніку мінулага году быў дамаляваны мурал на сьцяне дому па Магілёўскай вуліцы, 32 у Менску, вядомы як «Масква — Менск».
У букеце «беларускага хлопчыка» і ў вянку «расейскай дзяўчынкі» зьявіўся калючы дрот.
Праваахоўныя органы ўбачылі ў гэтым адміністрацыйнае правапарушэньне.
«Суд разглядаў справу 24 сакавіка. У суд выклікалі за дзень СМС- паведамленьнем, я нават позвы не атрымаў. Ні я, ні другі хлопец не хадзілі на пасяджэньне. Таму што тады быў хапун і такі падазроны выклік у суд. Я ў суд не хадзіў», — сказаў карэспандэнту Свабоды Алег Ларычаў.
Алег Ларычаў кажа, што ў час, пазначаны ў пратаколе, якраз ехаў у маршрутцы і ў яго ёсьць дакумэнт.
4 красавіка Алег Ларычаў быў зьбіты двума невядомымі ў падʼезьдзе свайго дому. Ці знайшлі нападнікаў?
«Абсалютна глуха. Зь міліцыі не тэлефануюць, нічога ня кажуць», — сказаў Алег Ларычаў.