Сэнат Канады ўхваліў 1 лютага зьмены ў тэкст дзяржаўнага гімну, закон набудзе сілу пасьля падпісаньня генэрал-губэрнатарам краіны.
У ангельскім варыянце гімну «O Canada» (тэкст гімну быў напісаны па-француску ў 1880 годзе і перакладзены на ангельскую ў 1908-м) у радку «Сапраўдная любоў патрыётаў кіруе тваімі сынамі» словы «тваімі сынамі» («thy sons») маюць замяніць на «ўсімі намі» («of us») — тэкст зробяць «гендэрна нэўтральным».
Францускі варыянт зьмены не закранаюць, бо там адпаведны радок і так «гендэрна нэўтральны: «Ton front est ceint de fleurons glorieux!»
Што ў Беларусі
У Беларусі, як і ў Канадзе, жанчын у насельніцтве крыху больш за мужчын: жанчын 50,4% у Канадзе, 53,4% у Беларусі.
«Мы, беларусы» — дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь на словы Ўладзіміра Карызны, перароблены з гімну БССР на словы Міхася Клімовіча, — амаль ня мае гендэрна афарбаваных словаў. У тэксьце «беларусы» ўжываецца без дадатку «і беларускі», але жанчыны «не выключаюцца» зь ліку беларусаў. Ды ў другім куплеце «баранілі родны парог» «разам з братамі» — але ня «сёстрамі». І рабілі гэта «мужна».
Што за «браты» ў другім куплеце і дружба якіх народаў у трэцім маюцца на ўвазе, цяперашні тэкст не ўдакладняе. Гімн БССР жа пачынаўся са словаў «Мы, беларусы, з братняю Русьсю» — цяпер «братняя Русь» замененая на «мірныя людзі». Таксама з «савецкага» тэксту прынялі згадкі пра Леніна. Яшчэ ў 1956 годзе ў гімне замянілі «ваяўнічыя» радкі трэцяга куплету («Нашы граніцы ў сталь закуём. Ворагаў хмары грозным ударам з нашых прастораў прэч мы зьмяцём») на «нэўтральна-мірныя» пра «сонечны шлях» і «радасьці сьцяг».
Ад абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе Беларусь больш за 10 гадоў жыла са «старым» гімнам, але бяз словаў. У 2002 годзе новы тэкст гімну быў зацьверджаны Аляксандрам Лукашэнкам, рэфэрэндумаў або іншых народных галасаваньняў наконт гімну не праводзілася.
У 1990-я разглядаліся розныя варыянты гімну на замену БССР-аўскаму.
Сярод іх быў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» на словы Макара Краўцова, які быў папулярны сярод беларускай эміграцыі. У трэцім і пятым куплетах там зьвяртаюцца да «братоў», але ня «сёстраў» («Браты, цярпелі мы даволі. На бой — усе да аднаго!» і «Браты, да шчасьця мы падходзім»).
Таксама як варыянт называўся гімн «Пагоня» на верш Максіма Багдановіча. У ім «гендэрна афарбаваная» хіба толькі краіна — «маці родная». Тое самае ў гімне «Жыве Беларусь» на словы Леаніда Пранчака, «гендэрную афарбоўку» мае зноў жа «краіна-маці».
Амаль цалкам «гендэрна нэўтральны» тэкст Сяржука Сокалава-Воюша на палянэз Агінскага «Разьвітаньне з Радзімай» — за выключэньнем закліку на «мужны бой».
Цалкам «гендэрна-нэўтральны» (але не нэўтральны паводле рэлігійнасьці) хрысьціянскі гімн «Магутны Божа» на словы Натальлі Арсеньневай. «У гушчарах» на яе ж словы таксама няма «гендэрна афарбаваных» словаў.