Кіраўніцтва Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі атрымала з Генэральнай пракуратуры ліст, у якім паведамляецца, што ведамства прыняло да разгляду зварот Паўла Севярынца, Віталя Рымашэўскага і Дзяніса Садоўскага ў дачыненьні да аўтараў фільму «Обратная сторона милосердия брата Луиджи», паказанага па Беларускім тэлебачаньні сёлета ў ліпені.
Сустаршыні БХД зьвярнуліся ў пракуратуру, бо амаль 20-хвілінны сюжэт утрымліваў відавочныя паклёпы на адрас Аляксея Шчадрова і сябраў БХД, якія дапамагаюць прытулку для бяздомных.
Рэжым відавочна баіцца росту ўплыву хрысьціянскіх дэмакратаў у беларускім грамадзтве
«Мы штотыдня фіксуем новыя і новыя паклёпніцкія матэрыялы пра БХД, — сказаў з гэтай нагоды Павал Севярынец. — Відавочна, што пасьля пратэставай вясны супраць нас разьвязаная поўнамаштабная прапагандысцкая кампанія. Рэжым відавочна баіцца росту ўплыву хрысьціянскіх дэмакратаў у беларускім грамадзтве».