На лініі сутыкненьня, там, куды патэнцыйна штохвілінна можа прыляцець куля або снарад — за 10 кілямэтраў ад фронту, — жыве каля 100 000 дзяцей. Пра тое, як вайна ўплывае на псыхіку дзяцей, як адбіваецца на іх успрыманьні сьвету — рэпартаж ваеннага карэспандэнта Радыё Свабода Андрэя Дубчака.
Зрабіць рэпартаж пра дзяцей на лініі фронту я задумаў даўно. Як да гэтай тэмы падступіцца, ня ведаў — занадта цяжка гэта... Але так здарылася, што ў пачатку камандзіроўкі — ужо ў першым інтэрвію — псыхоляг з Папаснай Людміла Раманенка пачала пра гэта гаварыць. Паводле яе назіраньняў, наступствам вайны і баявых дзеяньняў стала «замарожанасьць» дзяцей, бацькоў, ды і ўсяго грамадзтва ў цэлым.
Калі коратка, то «замарожанасьць» — гэта псыхалягічнае ўхіленьне ад наяўнай праблемы на падсьвядомым узроўні. Такое ўхіленьне, паводле псыхоляга, ёсьць адной з асноўных прыкмет посттраўматычнага стрэсавага разладу (ПТСР).
Гэты стан надзвычай моцна ўплывае на псыхасаматыку і здароўе ў цэлым. Мэдыкі ў Папаснай апошнім часам рэгіструюць рэзкі ўсплёск онказахворваньняў і псыхасаматычных разладаў, як у дзяцей, так і ў дарослых.
«Замарожанасьць» таксама характарызуецца адсутнасьцю эмоцый, як у дзяцей, так і ў бацькоў. У такім стане бацькі ня могуць паўнавартасна даваць дзецям любоў, цяпло і адчуваньне абароненасьці, а дзеці ня могуць напоўніцу радавацца, гуляць, адчуваць сябе ў бясьпецы. Усё гэта адбіваецца і будзе адбівацца ў далейшым на псыхіцы і здароўі дзяцей ня толькі ў прыфрантавых зонах, але і ў рэшце краіны.
З размовы зь Людмілай Раманенка:
Your browser doesn’t support HTML5
Назіраючы за дзецьмі, якія жывуць каля лініі фронту, я для сябе адзначыў, што старэйшыя дзеці, якія засьпелі баявыя дзеяньні ўжо ў сьвядомым узросьце, успрымаюць вайну больш траўматычна, чым дзеці, якія нарадзіліся або ўсьвядомілі сябе ўжо падчас вайны.
У старэйшых адны стрэсы і страхі, у малодшых іншыя.
Вось толькі некалькі гісторый дзяцей, якія жывуць каля лініі канфлікту. Пра некаторых зь іх мы зробім больш разгорнутыя матэрыялы. Гэта вельмі вялікая і важная тэма, якая патрабуе шырокага асьвятленьня.
Залатое-4. Жора
Жору — 4 гады. Яго разам з маці я сустрэў каля крамы ў цэнтры пасёлку Залатое-4 — патэнцыйным пункце разьвядзеньня войскаў. За рогам гэтай крамы відаць «дом Паўлава», а гэта ўжо перадавая.
Жораў дом — на ўскраіне пасёлку. Лес за агародамі замінаваны. Маці расказала, што ў тым лесе на «расьцяжках» часам падрываюцца сабакі, і іх вантробы потым доўга вісяць на галінах дрэваў і кустоў.
Жора — засяроджаны. Яго вочы не ўсьміхаюцца. Ён глядзіць так, быццам ацэньвае.
Непасрэдна са мною гаварыць ён не захацеў. Сказаў некалькі словаў і ўсё. Таму яго мама была паміж намі «перамоўніцай»:
— Жорык, а як у сабачку нашага патрапілі два асколкі, памятаеш?
— Так.
— Ня выжыў собачка, — кажа маці, — тры месяцы пажыў і памёр... Жора, а раскажы дзядзю, калі стралялі. Раскажы.
— Калі было цёмна, яны стралялі.
— А з чаго стралялі?
Жора засяроджана і дакладна імітуе гукі, якія суправаджаюць «выхады», палёт і «прыходы» ад розных відаў зброі.
Your browser doesn’t support HTML5
Луганскае. Давід Вова, Сьцяпан
Сям’я жыве тут з самага пачатку канфлікту. Падчас найгарачэйшых баёў 2015 году яны ненадоўга выяжджалі ў Харкаў, але потым вярнуліся, бо тут усё — камбайн, трактар, палі, гаспадарка, сабакі, каты. Іх хата стаіць проста на ўскраіне пасёлку, далей блёкпост, і за ім ужо перадавыя пазыцыі Узброеных сілаў Украіны.
Страляюць тут рэгулярна. Часам «прылятае» проста побач.
Хлопцы вельмі рухавыя і няўрымсьлівыя. Увесь час бегалі, лавілі то сабаку, то ката, або каталіся на квадрацыкле. Старэйшыя шмат дапамагаюць бацькам па гаспадарцы. Нават водзяць камбайн і трактар.
Разгаварыліся. Пытаемся ў Давіда, што тут цікавага ў сяле:
— Часам, вечарам, калі мы ямо кавун, чуць, як страляюць і з таго боку, і з другога. Адны страляюць з БМП, а іншыя зь мінамёта.
— А ты адрозьніваеш зброю?
— Крыху. Калi страляе БМП, снарад свішча і свеціцца. А зь мінамёта моцна страляе, трохі прасьвістала і яго не відаць.
— Страшна?
— Не. Ужо прызвычаіліся. А было такое, што мы дзевяць месяцаў безь сьвятла сядзелі. Хатняе заданьне пад сьвечкай рабіў. У склеп хаваліся.
З размовы з Вовам:
— Калі стралялі — мы беглі ў падвал. Нават у трусах. Таму што баяліся, проста капец. Я хачу, каб вайна скончылася і ніколі не было яе.
Хлопцы вельмі камунікабэльныя і дапытлівыя. Вайну ўспрымаюць як звычайную частку навакольнага сьвету.
Краснагораўка. Соня
У чэрвені 2015 году падчас артылерыйскага абстрэлу Краснагораўкі выбуховай хваляй у Сафійчынай кватэры вынесла вокны. Бабуля, якая хутка зьбірала рэчы, каб спусьціцца ў склеп, не дагледзела, і двухгадовае дзіця выпала з акна пятага паверху. Пералом сьцягна, пералом перадплечча, траўмы галавы.
На шчасьце, у той момант побач ехалі вайсковыя мэдыкі, які даставілі дзіця ў шпіталь, дзе ёй зрабілі тэрміновыя апэрацыі. Больш за год доўжылася лячэньне. Аднаўленьне працягваецца да гэтага часу.
У Соні затрымка маўленьня, зьніжэньне зроку, слабая імунная сыстэма. Калі мы прыйшлі, дзяўчынка чарговы раз хварэла.
Пра вайну Соня гаварыць ня хоча. Пагаварылі пра мульцікі і пра яе ката. Падзякавалі яе бабулі Сьвятлане за гасьціннасьць і паехалі далей.
Уразіла апатычнасьць і безэмацыйнасьць дзяўчынкі. Як кажа бабуля, большасьць часу яна праводзіць дома і ня любіць гуляць. Хоць тут, у зоне каля перадавой, асабліва і не пагуляеш. Усюды разьбітыя дамы і кучы сьмецьця.
Мар’інка. Тома
У ліпені 2017 году расейскія гібрыдныя ўзброеныя фармаваньні абстралялі Мар’інку зь мінамётаў. Міны падалі і ў жылым сэктары. У той дзень падчас абстрэлу раненьні атрымалі трое дзяцей.
Старэйшыя Іван і Лена ішлі на суседзкі двор зачыняць коз. Міна выбухнула за плотам.
Іван быў паранены асколкамі міны ў нагу і плячо, і яшчэ шмат шыфэрных абломкаў ударылі па ўсім целе. Лена «атрымала» асколак у нагу.
Трохгадовую Тому параніла ў жывот асколкам іншы міны на парозе ўласнага дома.
«„Тата, у мяне жывоцік“ — паглядзелі, а там кроў», — расказвае бацька дзяўчынкі.
Асколак ледзь не прабіў мачавы пухір. Некалькі тыдняў дзяўчынка правяла ў бальніцы. Тома той момант памятае і расказвае пра яго так:
Your browser doesn’t support HTML5
Перадавыя пазыцыі ўкраінскай арміі — за некалькі соцень мэтраў ад іх будынка. Лена, старэйшая сястра Томы, называе аўтаматныя чэргі, які чуць тут часта, «поп-корнам», каб малодшай сястрычцы было ня так страшна.
«А што гэта такое? А гэта поп-корн смажаць. Кажу так, каб ня страшна было», — тлумачыць Лена.
Паводле дзяцей і бацькоў, цяпер значна «цішэй», чым у мінулыя гады. Страляюць у асноўным па пазыцыях вайскоўцаў. Да іх жытла амаль не далятае.
Успаміналі, што ня так даўно нешта моцна «бахнула». Магчыма, гэта быў удар расейскай сыстэмы «Гарыныч» па пазыцыях украінскай арміі, разьмешчаных побач:
Уразіла тое, што і Тома, і дарослыя настолькі «прызвычаіліся» да баявых дзеяньняў навокал, што ўспрымаюць іх як звыклую частку свайго штодзённага побыту.
Гранітнае. Міша і Станіслаў
Сяло Гранітнае. Проста празь сяло па рацэ Кальміюс праходзіць лінія сутыкненьня. Уздоўж ракі разьмешчаны баявыя пазыцы ўкраінскай арміі. Паводле мясцовых, па самым сяле цяпер амаль не страляюць. «Амаль» — гэта паняцьце адноснае, бо дырэктарка мясцовай школы спакойна расказвае пра выбух снарада 20 верасьня на ўскраіне сяла — як раз на дарозе, па якой яна штодня едзе дадому.
«Крышку затрымалася тады. А так хто яго ведае, што было б...» — расказвае Леся Сьцяпанаўна.
Да школы ў Гранітным зь непадкантрольнай Кіеву Старамар’еўкі, штодня чатыры кілямэтры пешшу адольваюць дзевяць дзяцей і настаўніца ўкраінскай мовы Тацяна Віктараўна. Разам зь ёй лінію сутыкненьня пешшу перасякаюць два яе пляменьнікі Міша і Станіслаў. Міша вучыцца ў шостай клясе, Станіслаў пайшоў у другую.
Мы сустрэлі іх пасьля заканчэньня ўрокаў і пагаварыць шмат не змаглі, бо яны сьпяшаліся дадому. Праводзячы іх да мастка праз раку, за якой ужо тэрыторыя, кантраляваная групоўкай «ДНР», мы распытвалі дзяцей пра іх жыцьцё.
Вядома, хлопцам страшна. Часам па дарозе ў школу чуць, як страляюць, тады яны хаваюцца і спрабуюць вызначыць, наколькі небясьпечна і ці можна ісьці далей.
Старэйшы Міша, калі сказаў нам пра свае мары, панурыўся, і ў на яго вачах зьявіліся сьлёзы:
— Хачу, каб вайна скончылася. Каб мост быў. І каб у людзей была праца.
Тацяна Віктараўна папрасіла нас далей не распытваць, бо «зараз расплачацца». І патлумачыла: пасьля пачатку баявых дзеяньняў бацька хлопчыка страціў працу. Вайна для гэтай сям’і — гэта ня толькі абстрэлы і дарога паўз байніцы дотаў і праз замінаваныя палі, але і беднасьць і галеча.
Цяжка нават уявіць, што адбываецца з псыхікай дзяцей, якія штодня вымушаныя жыць ва ўмовах непасрэднай пагрозы жыцьцю. Аднак небясьпека пагражае і іх душам. Да ўсяго яшчэ дадаецца магутны ідэалэгічны прэсінг расейскай прапаганды.
Паўлопаль. Сабрына
Сям’я сямігадовай Сабрыны жыве ў франтавым Паўлопалі. За агародамі поле, за полем перадавыя пазыцыі ўкраінскай арміі. Страляюць «празь дзень».
У сям’і трое дачок. Старэйшая ўжо дарослая і жыве асобна, а дзьве малодшыя — з бацькамі. Трымаюць гаспадарку — сьвіней, качак, курэй, нутрый. Тым і жывуць. Бацькі працы ня маюць. Паводле мамы Сабрыны Марыі Чумак, дзяржава не дапамагае нічым.
Бацька на нэрвовай глебе захварэў на цукровы дыябэт. З прычыны прагрэсаваньня хваробы адслаілася сятчатка на абодвух вачах, і ён амаль страціў зрок. Сям’і патрэбныя грошы на апэрацыю, а дзе іх узяць, невядома. Дзяржава, кажуць яны, нават не дала ім субсыдыі.
Ужо некалькі гадоў кожны вечар Сабрына чытае на ноч малітву, якая, як яна верыць, мае зьберагчы іх дом ад снарадаў.
Your browser doesn’t support HTML5
Калі табе сямігадовая дзяўчынка чытае малітву, што мае «абараніць на ноч ад злога снарада», — робіцца жудасна.
«ПТСР грамадзтва»?
Пазьней у размове з калегамі мы неяк прыйшлі да высновы, што «замарожаныя» ня толькі дарослыя і дзеці ў прыфрантавой зоне, але і ўся краіна.
Кажуць, што грамадзтва «стамілася» ад вайны і таму не гаворыць пра яе. Часткова гэты стан можна патлумачыць сапраўды «стомаю» ад вайны, стомаю ад нестабільнасьці і няўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Часткова — гібрыднымі ўплывамі Расеі зь яе спробамі «пацыфікаваць» і «дэпалітызаваць» усё насельніцтва, каб зьнішчыць магчымасьць супраціву. Часткова глябальным «ПТСРам» грамадзтва, якое наогул не чакала такога павароту падзеяў.
Калі паглядзець на факты, то «дзяцей вайны» цяпер значна больш, чым тых, хто падпадае пад гэтую вызначаную заканадаўствам катэгорыю. З 2014 году ва Ўкраіне ёсьць дзеці, якія жывуць у вайне: параненыя, напалоханыя, асірацелыя. Дзеці, якія жывуць у дэфармаваным гібрыдным сьвеце квазі-«рэспублік». Сотні тысяч дзяцей, якія разам з бацькамі сталі вымушанымі перасяленцамі, страцілі свой дом, сваю малую радзіму, сваіх сяброў.
Зрэшты, гэта ўсё дзеці краіны, зараз дакладна ведаюць: вайна і сьмерць — гэта штодзённая рэальнасьць.
Працяг будзе.