Беларускі прыватны правайдэр «Дзелавая сетка» паведаміў аб запуску у тэставым рэжыме праекту Free Wi-Fi Minsk для бясплатнага доступу ў інтэрнэт у больш як сотні месцаў Менску. Дзяржава ў праекце ўдзелу не бярэ.
Лімітаў на час падключэньня або аб’ёмы трафіку для карыстальнікаў няма. Пункты доступу разьмешчаныя ў гандлёвых цэнтрах, кавярнях, запраўках, лякарнях, гатэлях, банках і іншых месцах — цяпер такіх пунктаў 115, праект абяцаюць пашырыць. Для падключэньня абанэнт мае ўвесьці нумар тэлефону і атрымаць праз SMS пароль доступу да сеткі (далей падключэньне мае адбыцца аўтаматычна).
Раней «Дзелавая сетка» таксама агучвала пляны запусьціць на станцыях «Купалаўская» і «Кастрычніцкая», а таксама ў пераходзе між імі, бясплатную публічную Wi-Fi-сетку – насуперак заяве дырэктара менскага мэтро, які казаў, што пасажырам гэта ня трэба і нават небясьпечна.
Менскія ўлады тым часам абяцаюць, што да ІІ Эўразійскіх гульняў бясплатны Wi-Fi зьявіцца на менскіх аўтобусных маршрутах № 1 (ідзе ад чыгуначнага вакзалу праспэктам Пераможцаў да Вясьнянкі) і № 100 (ідзе ад былога аэрапорту «Менск-1» па праспэкце Незалежнасьці да вуліцы Славінскага).
***
Легальна скарыстацца бясплатным публічным Wi-Fi у Беларусі можна, толькі даўшы пашпартныя зьвесткі (або паказаць пашпарт упаўнаважанаму чалавеку, каб атрымаць пароль, або атрымаць пароль праз SMS, бо пашпартнымі зьвесткамі тады падзеліцца апэратар). Да красавіка 2016 году для запуску Wi-Fi на транспарце быў патрэбен адмысловы дазвол.
«Пашпартнае» патрабаваньне называюць адной з прычынаў малога распаўсюду «вулічнага» інтэрнэту ў Беларусі, якім маглі б скарыстацца турысты і які распаўсюджаны ва ўсіх суседніх краінах. У Эўразьвязе цяпер заплянавалі зрабіць бясплатныя пункты доступу Wi-Fi нават у малых населеных пунктах.