Наступствы ўдару расейскай ракеты С-300 у цэнтар Запарожжа. Сярод пацярпелых дзеці. Фотасьведчаньні
У выніку расейскіх абстрэлаў у ноч на 16 студзеня ў Запарожжы пацярпелі 5 чалавек. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Старух.
«У выніку ўдару ракеты С-300 у жылы дом у цэнтры гораду Запарожжа выбуховай хваляй пашкоджаны пяціпавярховы дом: выбітыя вокны і дзьверы, пашкоджана сыстэма ацяпленьня будынку», — напісаў Старух у Тэлеграме.
«Пацярпелі пяць чалавек, у тым ліку двое дзяцей 9 і 15 гадоў», — дадаў ён.
Дом, пашкоджаны выбуховай хваляй у цэнтры Запарожжа, 16 студзеня 2023 году.
Па словах Аляксандра Старуха, ліквідацыяй наступстваў займаюцца ўсе адпаведныя службы.
Старух дадаў, што яшчэ адна расейская ракета С-300 трапіла на тэрыторыю аднаго з прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці пасёлку Кушугум. «Пажар узьнік у ангары, дзе захоўвалася гатовая да рэалізацыі прадукцыя. На шчасьце, людзі засталіся цэлыя. Страты ад дзеяньняў тэрарыстаў устанаўліваюцца», — дадаў ён.
Сакратар Запароскай гарадзкой рады ўдакладніў, што ў выніку начнога ўдару ў горадзе пашкоджана каля 15 будынкаў.
Запарожжа і вобласьць рэгулярна зазнаюць расейскія абстрэлы.