Нумары замест імёнаў. Як выглядаюць цяпер Марыюпальскія могілкі
Шэрагі новых магіл на Старакрымскіх могілках у Марыюпалі, сфатаграфаваныя ў траўні. Могілкі моцна разрасьліся пасьля захопу гораду Расеяй: у асноўным гэта магілы, на якіх няма надпісу аб тым, хто пахаваны, толькі нумары.
Ірына Арфіняк плача на магіле сваёй унучкі Веранікі на Старакрымсікх могілках на паўночным захадзе Марыюпалю. 9 лістапада 2022 году дзяўчынка загінула разам з бацькам, калі мінамётны снарад упаў на людзей, якія гатавалі на вуліцы падчас аблогі гораду расейцамі.
Тады загінулі 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, кажа Ірына Арфіняк. Вераніку «адштурхнулі да дзьвярэй пад’езду. Яна была параненая і памерла, пакуль мы дастаўлялі яе ў бальніцу», – расказалі агенцтву Reuters бабуля і маці. Сын Ірыны Арфіняк «адразу загінуў на месцы».
Людзі наведваюць магілы на Марыюпальскіх могілках 9 лістапада 2022 году. Мяркуецца, што дзясяткі тысяч людзей загінулі падчас амаль трохмесячнай аблогі Марыюпалю расейскай арміяй, калі цывільныя асобы жылі пад пастаяннымі бамбёжкамі без электрычнасьці і вады, доступу да мэдычнай дапамогі і ежы.
Паведамляецца, што ад 24 лютага, калі Расея пачала маштабную вайну супраць Украіны, на Старакрымскіх могілках у Марыюпалі зьявілася больш за 4600 магіл.
Травень 2022-га.
Экскаватар разьбірае руіны разбуранага абстрэлам жылога дома ў Марыюпалі 9 лістапада. Па словах украінскага чыноўніка, у падвале аднаго з абваленых шматпавярховых дамоў у Марыюпалі знойдзены целы 200 чалавек. Падчас аблогі гораду мірныя жыхары і дзеці хаваліся ад бамбардаваньняў і абстрэлаў з расейскай авіяцыі ў падвалах сваіх дамоў і розных устаноў.
Дзяўчынка сядзіць каля магілы, выкапанай на ўзбочыне. Красавік 2022 году.
Магіла з годам сьмерці — 2022 — на Старакрымскіх могілках у Марыюпалі, 9 лістапада.
Жыхар Марыюпалю Альберт Носаў расказаў Reuters, што прыйшоў на могілкі, каб наведаць магілу свайго сына-інваліда Валерыя, які памёр ад пераахаладжэньня падчас расейскай блякады гораду. «Ні вады, ні цяпла, нічога не было. Мы не маглі яго належным чынам даглядаць», — сказаў 85-гадовы мужчына. «Спачатку яго пахавалі каля нашага жылога дома — бо ішлі баі, – а потым перапахавалі тут».