Як украінцы рыхтуюцца да суровай зімы, нягледзячы на расейскія абстрэлы і разбураную інфраструктуру. ФОТА
Жыхарка Каўшараўкі Харкаўскай вобласьці грэе свайго сабаку, 16 кастрычніка 2022
Калі тэмпэратура апускаецца ніжэй за нуль, жыхарам усходняй Украіны, якія не здолелі пазьбегнуць жорсткіх баёў, рэгулярных абстрэлаў і месяцаў расейскай акупацыі, трэба рыхтавацца да суровай зімы і наступу халадоў.
Ірына Панчанка забірае рондаль зь ежай з самаробнай печы, побач з 9-гадовым унукам Арцёмам. «Холадна і выбухі», — распавядае Арцём, дапамагаючы бабулі гатаваць ежу ў двары іх жылога дома ў Каўшараўцы.
Жыхары Каўшараўкі тры тыдні жывуць бяз газу, вады і сьвятла праз расейскія ракетныя ўдары, якія адрэзалі горад ад камунікацый.
Арцём есьць у кватэры, дзе жыве з бабуляй. «Вельмі холадна. Я сплю ў кватэры ў вопратцы», — кажа Арцём.
Для Арцёма і ягонай бабулі ежа на вуліцы — адзіны спосаб выжыць. Ірына кажа, што яны з унукам начуюць у закінутай кватэры побач, бо ў іхняй кватэры падчас расейскіх абстрэлаў выбітыя ўсе шыбы.
«Пасьля першай выбуховай хвалі вылецела адно акно, два былі пашкоджаныя. Пасьля другога выбуху вылецелі астатнія вокны, — кажа Ірына. — Тут вельмі холадна. Цяжка гатаваць ежу, бегаць паміж кватэрай і кухняй на вуліцы. Мне баляць ногі».
У суседняй вёсцы Кірылаўка Віктар Паляніца складвае ў двары свайго дома нядаўна сьпілаваныя калоды. 37-гадовы Віктар кажа, што дроваў нарыхтаваў на ўсю зіму. Ён плянуе зімаваць каля печы ў гаспадарчай пабудове, бо ў ягонай хаце ад абстрэлаў выбітыя ўсе вокны.
«Гэта нязручна. Шмат часу трацім на нарыхтоўку дроваў. Вы бачыце, у якой сытуацыі мы жывем», — кажа Віктар.
47-гадовы Антон Сеўрукоў на вогнішчы ў самаробнай печы падсмажвае сваёй маці хлеб і грэе чайнік вады.
«Сьвятла, вады і газу няма. Мы мерзьнем. — кажа Антон. — Гатую маме гарбату на вогнішчы, але яна п’е вельмі мала, каб ненадоўга сагрэцца».
У цёмнай і цеснай кватэры маці Антона (зьлева) сядзіць на канапе пад коўдрай, побач з талеркай сапсаванай ежы. Зоя Сеўрукова расказвае, што ўжо сем гадоў прыкавана да ложка і большую частку часу праводзіць сядзячы, раскладваючы пасьянс старой калодай карт. «Цяпер вельмі холадна. Калі б не сын, я б даўно замерзла».
Сеўрукоў кажа, што папрасіў сябра з Харкава купіць яму электраабагравальнік на выпадак, калі электразабесьпячэньне адновіцца: «Спадзяюся, што хутка ў нас будзе электрычнасьць, каб неяк перажыць гэтую зіму».
Жыхар Каўшараўкі праходзіць міма расейскай ракеты, якая захрасла на ходніку.
Віктар Паляніца кажа, што не чакае дапамогі ад дзяржавы і не чакае, што блізкім часам ацяпленьне адновяць, але зімой гатовы даглядаць сябе сам. «Маю рукі і ногі, не баюся зьмерзнуць, бо дровы знайду, печку растаплю»
Жыхары Каўшараўкі носяць бутлі з вадой, напоўненыя зь мясцовага калодзежа.
Улады Ўкраіны заклікалі жыхароў эвакуавацца і папярэдзілі, што газа- і водазабесьпячэньне ў многіх раёнах, хутчэй за ўсё, ня будзе адноўлена да зімы
У Кірылаўцы мясцовыя жыхары сьпілоўваюць дрэва на дровы.
Многія людзі жывуць у дамах, якія пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў. У некаторых разбураны дах і выбітыя вокны, што абцяжарвае абарону ад непагадзі і холаду.
Прэзыдэнтка Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен 19 кастрычніка заявіла, што расейскія ракетныя і бесьпілётныя ўдары па электрастанцыях і іншай грамадзянскай інфраструктуры зьяўляюцца «актамі чыстага тэрарызму», якія можна прыраўняць да ваенных злачынстваў.
Яна адзначыла, што атакі на інфраструктуру маюць «ясную мэту» пакінуць мірнае насельніцтва без ацяпленьня, вады і электрычнасьці да надыходу зімы. «Гэта акты чыстага тэрарызму, і мы павінны іх так называць».