У акцыянэрным таварыстве «Гомельшкло» абавязваюць працаўнікоў здаваць фізкультурныя нормы — падобныя да тых, якія існавалі ў былым СССР.
Загад на «здачу нормаў дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь працаўнікамі прадпрыемства» выдаў гендырэктар ААТ «Гомельшкло» Іван Пратура. Загад на ўмовах ананімнасьці супрацоўнік прадпрыемства даслаў на сайт gomel.today.
На тое, каб здаць фізкультурныя нормы, адводзіцца 25 дзён — да 15 кастрычніка. Арганізаваць гэта даручана выканаўцу абавязкаў намесьніка гендырэктара па ідэалёгіі і пэрсаналу Тацяне Сабко.
Мужчыны й жанчыны мусяць, сярод іншага, бегаць на тры кілямэтры, скакаць зь месца ў даўжыню, адціскацца на руках з упору лежачы, нахіляцца наперад. Мужчыны яшчэ павінны падцягвацца на перакладзіне.
Па выніках здачы нормаў пераможцы будуць уганараваныя нагрудным значкам «Фізкультурнік Беларусі» (за савецкім часам гэта быў знак «Гатовы да працы і абароны»).
Начальнікі цэхаў, аддзелаў і службаў павінны, як сказана ў загадзе, «забясьпечыць яўку, максымальна ахапіўшы працаўнікоў, якія ня маюць супрацьпаказаньняў па стану здароўя, для здачы нормаў ДФАК паводле графіку».
Само прадпрыемства ў апошнія гады стратнае.