Урэгуляваньне энэргетычнай спрэчкі з Расеяй «памяншае, але ня цалкам ліквідуе нявызначанасьць адносна здольнасьці Беларусі пасьпяхова рэалізаваць плян фінансаваньня на 2017 год», мяркуюць экспэрты Fitch.
Яны зьвяртаюць увагу на высокую ступень залежнасьці Беларусі ад Расеі «ў пляне гандлю і падтрымкі зьнешняга фінансаваньня».
«Пазьбяганьне больш працяглых спрэчак у энэргетычнай сфэры скарачае рызыкі для плацёжнага балянсу, дзяржаўных прыбыткаў ад мытных пошлін і агульнай эканамічнай актыўнасьці (у выніку зьніжэньня паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ), хоць мы па-ранейшаму чакаем, што эканоміка застанецца ў рэцэсіі ў 2017 годзе», — цытуе Fitch Ratings БелаПАН.
Па ацэнцы аналітыкаў агенцтва, у фінансавай сфэры Беларусі захоўваюцца значныя рызыкі.
«Уразьлівасьць у частцы зьнешняга фінансаваньня, абумоўленая нізкімі міжнароднымі рэзэрвамі і высокім чыстым зьнешнім доўгам, зьяўляецца доўгатэрміновым недахопам для крэдытаздольнасьці і адлюстроўваецца ў нізкім сувэрэнным рэйтынгу Беларусі», — падкрэсьліваецца ў камэнтары.
Тым ня менш, удакладняюць экспэрты, нядаўнія дамоўленасьці паміж Масквой і Менскам «адпавядаюць нашаму дапушчэньню, што Расея можа прадставіць фінансавую падтрымку пры неабходнасьці». Пры гэтым аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва не закладаюць у свой прагноз адносна Беларусі той факт, што беларускія ўлады заключаць крэдытную праграму з МВФ і атрымаюць у выніку гэтага заходняе фінансаваньне.
«Урад Беларусі згадаў, што можа зьвярнуцца па дапамогу ў МВФ, але нашы прагнозы ня ўлічваюць дадзены момант, паколькі тэрміны якога-небудзь пагадненьня зьяўляюцца ў высокай ступені нявызначанымі», — гаворыцца ў камэнтары Fitch Rationgs.