«Тутэйшыя» выступяць на адной сцэне з Vuraj, K3tyvana разам з Cherryvata, «Палац» падтрымае гурт «Малала», а канцэрт гурту «Heli°us» Марыі Гаўрыленкі і Аліны Казачэнкі пройдзе пры ўдзеле Дзьмітрыя Нікановіча і Мікіты Найдзёнава, пераможцаў леташняга конкурсу.
Лета фіналісты «Засьпявай 4×4» правялі на майстар-клясах, трэнінгах, кансультацыях ды на студыі. Лідэр Vuraj Сяргей Доўгушаў зладзіў сэрыю заняткаў па прыродным голасе, саўндпрадусар Андрэй Акатаў расказаў пра тонкасьці студыйнай працы.
Дызайнэрка Наста Шастак падрыхтавала лекцыю пра цэласнасьць вобразаў у музыцы і правяла практычныя заняткі. Кіраўнік лэйбла Ezhevika і лідэр гурту Cherryvata Зьміцер Літвіновіч падзяліўся ўласным досьведам продажу і распаўсюду музыкі, а музыка і выкладчык Унівэрсытэту культуры Алег Хаменка правёў лекцыі па маркетынгавых тэхналёгіях у музыцы.
Пра асаблівасьці арганізацыі канцэртаў і вулічных фэстаў фіналістам «Засьпявай 4×4» расказаў прамоўтар Антон Сіманкоў, а піяр-мэнэджэр Зьміцер Бескаравайны даў музыкам парады, як прасоўваць сваю творчасьць. Значны інтарэс выклікалі лекцыі дасьледчыка Віктара Сямашкі і кандыдата мастацтвазнаўства Аляксея Стрэльнікава. Першы расказваў пра гісторыю беларускай сучаснай музыкі, другі — паэзіі.
Фінальны этап навучальнай сэсіі — запіс конкурснай песьні на студыі Central Station пад кіраўніцтвам мэнтараў конкурсу Сяргея Доўгушава (адказны за «Тутэйшых»), Зьмітра Літвіновіча (працуе з K3tyvana), Алега Хаменкі (кансультуе «Малалу») і «Heli°us» (ім дапамагае Андрэй Акатаў). Неўзабаве музыкі прадэманструюць вынік сваёй працы.
Канцэрты фіналістаў «Засьпявай 4×4» пройдуць 25 і 26 жніўня, а таксама 1 і 2 верасьня на летняй тэрасе «Двор». Пачатак а 20-й гадзіне.
25/08 Vuraj і «Тутэйшыя»
26/08 Дзьмітры Нікановіч/Мікіта Найдзёнаў і «Heli°us»
1/09 Cherryvata і K3tyvana
2/09 «Палац» і «Малала»