Жыхар Слаўгараду 91-гадовы Фелікс Шкірманкоў больш за 25 гадоў адпрацаваў на Калыме. У нявольніцкі край паехаў добраахвотна. Магаданскі пэрыяд свайго жыцьця ён называе школай найвышэйшага гарту. На Калыме Шкірманкоў пачаў задумвацца пра савецкую справядлівасьць, а знаёмства з «ворагамі народу» зьмяніла ягоны сьветапогляд.
Дзяржаўны трэст «Дальстрой» ліквідавалі 60 год таму. Сталін называў гэтую арганізацыю камбінатам, праца якога вымагала «асаблівай дысцыпліны і асаблівага рэжыму». Паводле зьвестак Дзяржаўнага архіву Расейскай Фэдэрацыі, за 26 гадоў дзейнасьці праз структуры «Дальстрою» і падпарадкаванага яму «Паўночна-ўсходняга папраўча-працоўнага лягеру» прайшлі больш за 880 тысяч асуджаных.
У маім тагачасным уяўленьні за дротам на Калыме сядзелі злачынцы
У 1951 годзе Фелікс Шкірманкоў прачытаў у газэце «Львовская правда» абвестку, што «Дальстрой» арганізуе курсы горных майстроў. 25-гадовага дэмабілізаванага сямейнага мужчыну прапанова зацікавіла, бо абяцалі стыпэндыю ў чатыры разы большую, чым быў у яго заробак. Высьветлілася, што навучаньне арганізоўвала Міністэрства ўнутраных спраў. Запоўніў анкету з сотняй пытаньняў, прайшоў мэдычны агляд — і падпісаў трохгадовую працоўную дамову з выездам на Калыму. Там вывучыўся на тэхніка-геоляга вузкай спэцыялізацыі. У экспэдыцыях і пабачыў гулагаўскія зоны.
«Паўсюдна былі лягерныя зоны і калючы дрот, але тады я ў гэтым ня бачыў нічога заганнага, — кажа 91-гадовы Фелікс Шкірманкоў. — Маё ж пакаленьне ў пераважнай большасьці верыла дзяржаўнай прапагандзе і прымала ўсё, што адбывалася, як адзіна слушнае, справядлівае, патрэбнае. Іншага проста для нас не магло быць. Таму, у тагачасным маім разуменьні, за калючым дротам былі злачынцы, якім месца было менавіта там».
Дзяржаўны трэст па дарожным і прамысловым будаўніцтве «Дальстрой» у раёне Верхняй Калымы стварылі ў лістападзе 1931 году. Гэтая арганізацыя мелася працаваць на тэрыторыях, дзе не было сталага насельніцтва. Каб вырашыць праблему кадраў, у 1932 годзе стварылі Паўночна-ўсходні папраўчы лягер «Севвостлаг». Зь першых 12 тысяч дастаўленых нявольнікаў ніводзін не перажыў зімы. Загінулі і ахоўнікі. У другую зіму выжыў кожны пяцідзясяты нявольнік...
Былыя нявольнікі выклікалі сымпатыю
Па словах Фелікса Шкірманкова, іншае бачаньне таго, што адбывалася на Калыме, да яго прыходзіла паволі. Яму даводзілася сустракацца з тымі, хто адседзеў у лягеры. Па яго словах, часьцей гэта былі не крымінальнікі, а асуджаныя паводле 58 артыкула за «контрарэвалюцыйную дзейнасьць». Яго тады дзівіла, што былыя нявольнікі выклікалі ў яго сымпатыю.
«Уся справа была ў тым, што нявольнікі ГУЛагу, зь якімі я сустракаўся, не былі зламаныя сыстэмай, — казаў суразмоўца. — Гэта былі людзі вышэйшага гарту. У многіх быў сьветапогляд, які нельга было ігнараваць».
«Я ня мог уцяміць, за што гэтых людзей адпраўлялі ў такі суворы край, а па вызваленьні пазбаўлялі права сяліцца ў эўрапейскай частцы краіны. І само жыцьцё давала доказы таго, што былыя вязьні — добрасумленныя людзі. Гэта было відаць па іх паводзінах і адказнасьці за тую працу, якую ім давяралі, — прыгадвае Фелікс Уладзімеравіч. — Вядома ж, я не адзін задаваў сабе пытаньне, чаму так адбываецца. Але адказы не былі тады настолькі глыбокімі, каб зразумець маштаб рэпрэсій. Гэта пазьней, ужо па сьмерці Сталіна, пасьля дакладу Хрушчова пра культ Сталіна пачала адкрывацца праўда. Але між сабою, вольнанаёмнымі, тэмы нявольніцтва ў абгароджаных калючым дротам мясьцінах мы не абмяркоўвалі. Кожны даходзіў да сваёй праўды сам. У нас жа не было іншай інфармацыі, акрамя афіцыйнай. Адпаведна, не было з чым параўноўваць».
Нявольнікі «Севвостлага» здабывалі золата і волава, вальфрам, кобальт ды ўран. Іх выкарыстоўвалі на дарожным і прамысловым будаўніцтве. Яны вялі лесанарыхтоўкі. Цягам першых сямі гадоў існаваньня лягеру на Калыме праклалі больш за тры тысячы кілямэтраў дарог. Працавалі ўручную па 12 гадзін...
Былыя нявольнікі трымаліся сваёй грамады
Бальшыня гулагаўскіх нявольнікаў, якім удалося выжыць, кажа суразмоўца, асядала ў калымскіх паселішчах. Нямала сярод іх было і тых, якія, нават калі савецкі рэжым па сьмерці Сталіна памякчэў, не маглі выехаць і паміралі ў далёкім ад родных мясьцін краі. Былі і тыя, што баяліся выяжджаць, каб не нашкодзіць сваякам на радзіме, бо кляймо «ворага народу» ў іх заставалася. Альбо ім проста не было да каго ехаць, калі ўжо нават і Сталін памёр, бо абжыліся на Калыме.
«Жылі гэтыя людзі адасоблена, сваёй калёніяй, — кажа Шкірманкоў. — Збольшага стасаваліся адзін з адным, таму што былі павязаныя адным лёсам. Паводзілі яны сябе абачліва, пазьбягалі шчыра расказваць пра сваё жыцьцё за калючым дротам, бо маглі зноў апынуцца за ім. Але былі і такія, што стараліся данесьці перажытае».
«Прыгадваю ўкраінца Грыцэнку, — кажа далей суразмоўца. — Ён быў мастаком і жыў на вольным пасяленьні. Я бачыў ягоныя малюнкі, і яны адлюстроўвалі лягерную праўду. Без душэўнага болю на іх нельга было глядзець. Грыцэнкам апекаваліся ўкраінцы-геолягі. Яны захоўвалі ягоныя малюнкі. Зразумела, што выставаў ніякіх не было, але ўкраінцы дужа даражылі тым, што маляваў іхны зямляк».
Паводле Дзяржаўнага архіву Расейскай Фэдэрацыі, з 867 тысяч асуджаных, якія адбывалі тэрмін пакараньня на Калыме, засталіся жывымі меней за 550 тысяч. 128 тысяч памерлі. Амаль 8 тысяч — лічылася, што зьбеглі...
«Наагул таго варожага стаўленьня да былых сядзельцаў ГУЛАГу я прыгадаць не магу, — казаў далей Шкірманкоў. — Калі людзі сыходзіліся характарам, то завязваліся сяброўства. На Калыме ўсё вызначалася тым, што сабой уяўляе чалавек. Палітычных тэмаў ніхто не абмяркоўваў. Гэтага проста не магло быць».
Бязь «лягерных парадкаў» калымская сыстэма давала збоі
Пасьля 1953 году колькасьць лягераў на Калыме пачала зьмяншацца. Па заснаваньні Магаданскай вобласьці вайсковае «дальстроеўскае» кіраўніцтва краю перадало адміністрацыйныя функцыі цывільнаму начальству. У 1957 годзе «Дальстрой» рэарганізавалі.
Паводле Шкірманкова, калі зьнік «Дальстрой», сыстэма пачала даваць збоі, бо не было ўжо жорсткай вайсковай дысцыпліны.
«„Дальстрой“ — гэта была дзяржава ў дзяржаве, — кажа ён. — Жорсткая дысцыпліна і парадкі, трэба адзначыць, дазвалялі выконваць даведзеныя пляны і заданьні. Пазьней гэтага ўжо не было».
Дапрацаваўшы да пэнсіі, Фелікс Шкірманкоў разам зь сямʼёй вырашыў з Калымы пераехаць на радзіму, у Слаўгарад. Жонка, казаў ён, дужа ўпадабала беларускія мясьціны.
«На Калыме не было ніякіх пэрспэктыў для нашых дзяцей. Акрамя таго, тамтэйшы клімат — не для жыцьця на пэнсіі, — кажа суразмоўца. — Жыць на Калыме было няпроста. Доўгая зіма з маразамі пад 60 градусаў. Кароткае сьпякотнае лета. І калі ў цябе ёсьць з чым параўнаць, то выбіраеш тое, што табе зручней. Для нас зручнейшым месцам стаў Слаўгарад».
Фелікс Шкірманкоў пры канцы гутаркі адзначыў, што ён хоць і разумеў, што на Калыме побач зь ягоным жыцьцём было іншае, на той момант нязьведанае, але спазнаць яго не хацеў бы.
«Пра гэтае паралельнае жыцьцё — надышоў час, і я даведаўся. Але ў мяне ніколі не было думкі, каб на сабе зьведаць жыцьцё за тым дротам. Вядома ж, я зразумеў, што тая ўлада, якая называла сябе народнай, была здольная ўтрымаць сваё панаваньне толькі рэпрэсіямі, якія цяпер спрабуюць назваць „жорсткімі мерамі“. Уся гісторыя Савецкага Саюзу гэта даказала. Вынішчаліся тыя, хто стараўся жыць іначай, чым было прынята. Яны сваім жыцьцём стваралі небясьпеку для той улады...»
Па вяртаньні ў Беларусь Фелікс Шкірманкоў заняўся грамадзкай дзейнасьцю. Дапамагаў дзецям з чарнобыльскіх раёнаў. Стаў адным з заснавальнікаў слаўгарадзкай суполкі «Дзеці Чарнобыля». Уступіў у Беларускі народны фронт. Цяпер ён адзін з найстарэйшых фронтаўцаў ды сяброў Таварыства беларускай мовы. У свой 91 год піша вершы і прозу. Ён адзін з аўтараў гімну Слаўгарадзкага раёну.