У Беларусі 21 і 22 красавіка пройдзе штогадовы Фэст экскурсаводаў у шэрагу гарадоў Беларусі і за яе межамі. Поўная праграма фэсту мае быць апублікаваная на наступным тыдні, 18 красавіка.
Як сказаў Свабодзе каардынатар Фэсту экскурсаводаў Павал Каралёў, арганізатары штогод прапануюць нешта новае, але сёлета нейкіх радыкальных зьменаў не чакаецца. У 2018 годзе да фэсту намагаюцца дадаць усялякія імпрэзы і майстар-клясы, 23 красавіка будзе праведзеная інтэлектуальная квіз-гульня на тэму беларускай гісторыка-культурнай спадчыны.
Таксама Фэсту экскурсаводаў удалося значна пашырыць праграму за мяжой: будзе па дзьве, калі ня болей, экскурсіі ў Празе, Варшаве, Вільні, таксама будуць экскурсіі ў Львове, Беластоку, Мадрыдзе...
У Беларусі экскурсіі будуць праводзіцца ў Менску, абласных цэнтрах і шмат якіх іншых гарадах і мястэчках, нават у невялікіх вёсках. Але сёлета ў буйных гарадах колькасьць наведнікаў абмяжуюць — на экскурсіі трэба будзе загадзя зарэгістравацца праз інтэрнэт цягам серады-пятніцы. Досьвед мінулых гадоў паказаў, што на экскурсіі можа прыйсьці зашмат людзей, тады бывае некамфортна і экскурсаводам, і слухачам. Экскурсіі пры гэтым застануцца бясплатнымі.
Сярод экскурсіяў будзе некалькі прысьвечаных падзеям 100-гадовай даўніны, кажа Каралёў: так, адна зь іх, «Менск рэвалюцыйны», будзе пра падзеі 1917–1918 году, яшчэ адна — «Беларусь нарадзілася» — прысьвечаная Беларускай Народнай Рэспубліцы.
Your browser doesn’t support HTML5
Каралёў кажа, ёсьць шмат экскурсіяў, на якія б ён параіў схадзіць нават тым, хто думае, што ўсё ведае. Але ён мае адну ўнівэрсальную параду:
«Я параіў бы перш за ўсё пайсьці на экскурсію, якая будзе набліжэй да месца пражываньня людзей, — кажа Каралёў. — Калі чалавек жыве на ўсходзе Менску, будзе некалькі экскурсіяў па Ўруччы. Калі ў Курасоўшчыне — экскурсія па дуброве Чапскіх. Калі ў Каменнай Горцы — экскурсія па экасьцяжынцы ля храма Мікалая Японскага. Калі ў раёне Лошыцы — на экскурсіі па Лошыцы...
На нашае перакананьне, калі людзі глядзяць штосьці вельмі звыклае, што яны бачаць ледзь ня кожны дзень, гэтыя аб’екты па-новаму адкрыюцца. Гэта можа быць найбольшы такі „культурны шок“ — чалавек прачынаецца на наступны дзень пасьля фэсту і кажа сябрам: аказваецца, у нас тут у двары такая цікавая рэч, такая гісторыя!»
Рэгістрацыя экскурсаводаў на фэст скончылася яшчэ тыдзень таму, але арганізатары яшчэ заклікаюць далучацца да экскурсіяў валянтэраў для дапамогі экскурсаводам. Фэст не камэрцыйны — усё ладзіцца бясплатна і дабрачынна, з уласнай ініцыятывы ўдзельнікаў. Але ёсьць пэўныя арганізацыйныя выдаткі, якія спадзяюцца пакрыць пры дапамозе спонсараў, якім абяцаюць разнастайную рэкляму і падзяку.