Сям’я Фэлікса Варашыльскага, пэнсіянэра зь нямецкага Гамбурга, выехала з Горадні ў 1945 годзе. Ён ніколі ня жыў у «каралеўскім горадзе», аднак наведвае яго штогод і мае адну з самых вялікіх у сьвеце калекцый паштовак і здымкаў з выявай Горадні.
Сям’я ў вайну жыла ў горадзенскім гета
Фэліксу Варашыльскаму 69. Па прафэсіі ён кардыёанэстэзіёляг — рабіў абязбольваньне пацыентам падчас апэрацый на сэрцы. Ужо два гады як на пэнсіі.
Больш як 20 гадоў Фэлікс зьбірае паштоўкі і фатаздымкі з горадам, дзе жылі тры пакаленьні ягоных продкаў.
Ягоны прадзед Якуб працаваў на тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага ў Горадні. Дзядулю, які меў у Горадні жаночую клініку, звалі па-рознаму ў залежнасьці ад часу: Герш, Грыгорый, Гжэгож, Грыша.
Падчас апошняга свайго візыту ў Горадню Фэлікс наняў кватэру на Замкавай вуліцы. Побач у вайну было гета, дзе жылі ягоныя продкі.
«Я маю габрэйскае паходжаньне. Але апошнім рэлігійным габрэем быў мой прадзед. Мой дзед хадзіў у сынагогу ўжо раз на год, мой бацька — зусім не, я таксама. Я выхаваны як паляк, на польскай літаратуры, ня ведаю габрэйскай мовы», — кажа Фэлікс.
Пасьля вайны ягоная сям’я пераехала з Горадні ў Лодзь, бо Варшава была зруйнаваная. Праўда, ужо амаль 40 гадоў Фэлікс жыве ў нямецкім Гамбургу.
«Нехта разьмясьціў на фэйсбуку фота першых горадзенскіх выпускнікоў пасьля вайны. Там быў подпіс, што на здымку няма Віктара Варашыльскага, то бок майго бацькі. Экзамэны былі ў траўні-чэрвені, а сям’я выехала ў сакавіку», — кажа Фэлікс.
У Горадні жылі тры пакаленьні Варашыльскіх
Пасьля сьмерці бацькі ў 1996 годзе Фэліксу прыйшла думка зьбіраць рэчы, зьвязаныя з Горадняй. Яго натхніў сябар-гісторык. Параіў зьбіраць старыя паштоўкі, бо на іх горад не зьмяніўся.
«Чаму Горадня? Бо я зьвязаны з Горадняй эмацыйна. Тут жылі тры пакаленьні Варашыльскіх. Мяне зацікавіла, як гэта было, калі яны тут жылі ад пачатку XX стагодзьдзя», — тлумачыць Фэлікс.
Тады ён пайшоў у бліжэйшую антыкварную краму ў Варшаве і знайшоў там некалькі паштовак з выявамі гораду сваіх продкаў амаль задарма. Падумаў, што калекцыянаваньне — добрае хобі, якое не патрабуе вялікіх выдаткаў. Тады ён не падазраваў, колькі яшчэ ў сьвеце можа быць старых выяваў Горадні — 40, 50 ці 100. За кароткі час яму ўдалося сабраць каля 600 горадзенскіх паштовак.
«Памятаю, як 20 гадоў таму мяне хацелі пазнаёміць з галоўным горадзенскім калекцыянэрам паштовак Алесем Госьцевым. У яго было 400 паштовак, якія ён зьбіраў гадамі, а я толькі быў пачаўшы».
Цяпер у калекцыі нямецкага лекара 2500–3000 паштовак. Усе пра Горадню. Толькі на адной зь іх — санаторый у Друскеніках, які трымаў сябар дзядулі Варашыльскага.
«Цікава, што адбываецца на паштоўцы або што стала з паштоўкай. Хто рабіў здымак, што на гэтым здымку, што стала з гэтым домам, аб’ектам, пэйзажам, як ён выглядае цяпер і чаму? Цяпер гэта самыя цікавыя аспэкты майго калекцыянаваньня», — кажа суразмоўца.
Так, ён паехаў за 30 кілямэтраў ад Горадні ў вёску Парэчча, каб пашукаць інфармацыю пра адзін са сваіх здымкаў. Перад драўляным будынкам стаіць група дзяцей і група важных у міжваеннай Горадні асобаў, у тым ліку пробашч касьцёла. Дакладнае імя сьвятара Эдмунда Хлявіньскага са здымку Варашыльскі адшукаў на мясцовых могілках. Што гэта за будынак і што зь ім стала, магчыма, ён даведаецца, прыехаўшы іншым разам.
Зьбірае чужыя кнігі і піша сваю
Здымкі і паштоўкі Варашыльскі называе найбольш прымітыўнай часткай сваёй калекцыі. Ён мае шмат кніг пра Горадню, у тым ліку выдадзеных у Эўропе. Гэта пераважна ўспаміны людзей, якія нарадзіліся або жылі тут, уратаваліся ў вайну і разьехаліся па сьвеце.
Горадзенскім гісторыкам Фэлікс дазваляе выкарыстоўваць выявы са сваіх паштовак, звычайна задарма, толькі просіць падпісваць, што ўзята зь ягонай калекцыі.
Фэлікс чытае на польскай, ангельскай, расейскай, нямецкай, гішпанскай мовах. Са швэдзкай і нарвэскай моваў фрагмэнты, якія тычацца Горадні, дапамагаюць перакладаць сябры.
Паралельна лекар піша ўласную кнігу пра сваю сям’ю. Імкнецца, каб усе гісторыі былі задакумэнтаваныя, а не прыдуманыя.
Да таго ж у ягонай калекцыі ёсьць рэчы, зьвязаныя з Бацькаўшчынай — бутэлька, зробленая на горадзенскай фабрыцы, або ўпакоўка ад горадзенскіх цыгарэт з часу Першай усясьветнай вайны.
Калекцыя ўвесь час даражэе
Вяртаючыся да паштовак, калекцыянэр тлумачыць, што важная ня колькасьць, а якасьць здымкаў, рэдкасьць экзэмпляраў. Банальныя паштоўкі можна купіць па нізкіх коштах, прыкладам, па 1 эўра, але потым іх цяжка прадаць.
Кошт залежыць і ад попыту. Да прыкладу, калі на здымку ёсьць выява горадзенскага моста, па якім ідзе цягнік, а на фоне відаць сынагога і рака, то прэтэндаваць на яго будуць тыя, хто цікавіцца Горадняй, мастамі, чыгункай, юдаікай і рэкамі.
«Кошт калекцыі нельга ацаніць. Можна толькі сказаць, колькі я за яе аддаў. Але я гэтага ня памятаю або не скажу», — усьміхаецца Фэлікс.
Кошт калекцыі ўвесь час расьце. Здымкі, якія ён набываў некалькі гадоў таму па 2–3 даляры, сёньня каштуюць па 20 даляраў і болей.
«Калі я пачынаў зьбіраць, то не разумеў, што паштовак нашмат больш, чым я ўяўляў, і што цягам кароткага часу яны страшна падаражэюць, бо ў пэўны момант пайшла мода на калекцыянаваньне».
Раней, калі на eBay зьяўлялася паштоўка, мала хто хацеў яе набыць. Тады за яе можна было аддаць 1 нямецкую марку. Перасылка магла каштаваць больш, чым сама паштоўка. Амаль задарма можна было купляць цэлыя скрыні паштовак. Гэта зьмянілася гадоў 5 таму.
Калі на рынак увайшлі калекцыянэры зь Беларусі і Расеі «зь вялізнымі грашыма», цэны пайшлі ўгару. У гэтых краінах, па ацэнцы Варашыльскага, паштоўкі даражэйшыя, чым на Захадзе. Таму некаторыя робяць на гэтым бізнэс.
Калекцыянэр зь Менску набыў 2 паштоўкі з Горадняй за 1000 даляраў
Фэлікс прызнаецца, што ў яго ёсьць і вельмі дарагія паштоўкі. Некалі ён аддаў за паштоўку вялікія грошы ў той час, калі шпіталь, дзе ён працаваў, быў блізкі да банкруцтва.
«Я сядзеў дома і думаў, ці добра я зрабіў, што аддаў такія грошы за паперку, калі ня маю пэўнасьці, ці атрымаю наступны заробак. Што я тады жонцы скажу?» — успамінае лекар.
У гэты момант пазваніў прадавец і ўдакладніў, ці сапраўды яму патрэбная тая паштоўка, бо знайшоўся кліент, які гатовы заплаціць удвая болей.
«Я тады падумаў, што нават калі сытуацыя пагоршыцца, то ёсьць нехта, хто гатовы набыць маю паштоўку ў два разы даражэй», — кажа Фэлікс.
Як правіла, ён не набывае шмат вельмі дарагіх паштовак, бо думае, што гэта псуе рынак. На ягоную думку, трэба мець адчуваньне, якая паштоўка больш ня зьявіцца на рынку і якую трэба набываць адразу.
«Я не магу сказаць, колькі я гатовы заплаціць за паштоўку, бо гэта мая калекцыянэрская таямніца. Гэтая інфармацыя зьявіцца ў мэдыя, а потым калекцыянэр з Горадні, замест таго каб сказаць: „У мяне паштоўка за 10 даляраў“, скажа, напрыклад, што мае паштоўку за 50. Я магу толькі сказаць, што адзін калекцыянэр зь Менску набыў дзьве паштоўкі з Горадняй за 1000 даляраў», — кажа Варашыльскі.
З жонкай ён дамовіўся так, што калекцыя павінна сама сябе ўтрымліваць. То бок Варашыльскі набывае непатрэбныя яму паштоўкі па нізкім кошце і перапрадае з прыбыткам. За гэтыя грошы ён набывае новыя экзэмпляры ў свой збор.
«Найменей паштовак з Горадняй — у Горадні»
Найстарэйшая паштоўка ў калекцыі Варашыльскага — каля 1870 году, яшчэ без малюнка, а найноўшая — 1945, пазьнейшых ён не зьбірае. Немцы ў вайну выдалі толькі дзьве кароткія сэрыі — перадрукі старых паштовак.
Геаграфія шырокая: Эўропа, Аўстралія, Афрыка, Амэрыка. Гэта зьвязана з тым, куды даехалі гарадзенцы. Туды ім і пісалі крэўныя.
«Найменей паштовак з Горадняй — у Горадні», — кажа Фэлікс.
У ягонай калекцыі каля 40 паштовак спадара Наркевіча, калекцыянэра пачатку XX стагодзьдзя, які працаваў у банку. Наркевіч рассылаў горадзенскія паштоўкі па ўсім сьвеце ўзамен на карткі з тых мясьцін.
Варашыльскі мяркуе, што ў яго адна зь дзьвюх самых вялікіх калекцый з гарадзенскімі паштоўкамі. Другая — у менскага калекцыянэра. Розьніца калекцый у тым, што ў Фэлікса болей нямецкіх паштовак, а ў менчука — царскіх часоў.
Калекцыю перадаў сыну
Паштоўкі захоўваюцца ў плястыкавых кашульках у скрынях па 600. Кожная мае свой нумар. Існуе электронная база, якая дапамагае хутчэй знайсьці патрэбную. Напрыклад, тыя, нумары якіх пачынаюцца на «18», належаць канкрэтнаму выдавецтву.
Амаль усю сваю калекцыю пэнсіянэр ужо перадаў сыну Якубу, але працягвае зьбіраць. Кажа, што траціць на пошук новых экзэмпляраў усяго паўгадзіны ранкам. Пра цікавыя знаходкі паведамляюць і сябры-калекцыянэры.
Варашыльскі прызнаецца, што зь дзяцінства нешта калекцыянаваў: каменьчыкі, ракавінкі, значкі, вінныя бутэлькі. Але ранейшыя калекцыі не былі такімі важнымі.
На пытаньне, навошта яму гэта ўсё, Фэлікс адказвае словамі зь фільму пра аднаго калекцыянэра: «Каб не забыцца. Каб замацаваць рэчы зь мінулага, каб дробязі з калекцыі пакінулі памяць пра тое, што было».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь 100 гадоў таму вачыма нямецкага мастака з акупацыйнага войска. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта была наша „ўнутраная эміграцыя“». Як за 40 год сабраць калекцыю з 3000 вінілавых кружэлак ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі, сьвіньні, паразыты. Архаіка беларускай вёскі на 100-гадовых малюнках