Зьявілася інфармацыя, што Іран перадаў Расеі ракеты Fath-360. Як яны выглядаюць і што пра іх вядома

На фота ракета Fath-360, запушчаная падчас вайсковых вучэньняў на поўдні Ірану ў лістападзе 2022 году.

Балістычную ракету малой далёкасьці Fath-360 упершыню прадставілі на вайсковым парадзе ў Тэгеране ў красавіку 2022 году. Fath азначае «заваяваньне» на пэрсыдзкай мове. Кожная ракета даўжынёй 5,2 мэтра можа несьці баявую частку масай 150 кіляграмаў. Гэта прыкладна ў тры разы больш, чым сумнавядомыя бесьпілётнікі іранскай распрацоўкі Shahed, якія забілі мноства ўкраінскіх мірных жыхароў з моманту іх першага ўжываньня Расеяй у 2022 годзе.

Ракетную сыстэму Fath-360 дэманструюць у Тэгеране, верасень 2022 году.

Ракетныя блёкі гэтай зброі схаваныя ўнутры прычэпа грузавіка, які выглядае як цывільны транспартны сродак, што абцяжарвае яго выяўленьне з паветра. Ракеты Fath-360 маюць адносна недакладны радыюс паражэньня каля 30 мэтраў; гэта азначае, што іх, хутчэй за ўсё, будуць выкарыстоўваць супраць буйных стацыянарных цэляў, такіх як будынкі і інфраструктура.

Іранскі бесьпілётнік Shahed, зьбіты над Кіевам у траўні 2023.

З максымальнай хуткасьцю амаль 5000 кілямэтраў за гадзіну Fath-360 значна складаней перахапіць, чым іранскія дроны Shahed. Але меншая далёкасьць палёту ракеты (120 км) азначае, што яна, хутчэй за ўсё, будзе несьці пагрозу толькі для раёнаў паблізу ад лініі фронту.

Кіраўнік іранскага вайсковага камандаваньня генэрал-маёр Махамад Багеры (справа) сустракаецца з кіраўніком Савету бясьпекі Расеі Сяргеем Шайгу ў Тэгеране 5 жніўня.

Паведамленні аб тым, што Тэгеран навучае расейскіх салдатаў выкарыстаньню іранскіх ракет, зьявіліся пасьля гэтай сустрэчы паміж вышэйшымі вайсковымі службовымі асобамі Расеі і Ірану.
 

Плякат у Тэгеране паказвае больш буйную ракету з таго ж «сямейства», што і Fath-360.

Тэгеран абверг паведамленьні пра пастаўкі сваіх ракет у Расею, але высокапастаўлены іранскі заканадавец, відаць, супярэчыў афіцыйнай лініі. 7 верасьня Ахмад Бахшаеш Ардэстані заявіў іранскім СМІ: «Нам даводзіцца займацца бартэрам для задавальненьня нашых патрэбаў, уключаючы імпарт соевых бабоў і пшаніцы. Частка бартэру ўключае адпраўку ракет, а другая частка — адпраўку вайсковых бесьпілётнікаў у Расею».
 

Іранская ракета, запушчаная ў Ірак у верасьні 2022 году.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША 9 верасьня паведаміў журналістам, што Вашынгтон «надзвычай устрывожаны» паведамленьнямі аб перадачы Расеі ракетных сыстэм Fath-360.
10 верасьня дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен пацьвердзіў перадачу іранскіх ракет Расеі. Пасьля гэтага ЗША ўвялі санкцыі супраць датычных да паставак узбраеньняў з Ірану ў Расею.