20 нечаканых фактаў пра Натальлю Арсеньневу

Сёньня – 25 ліпеня – 19 год са дня сьмерці Натальлі Арсеньневай.

  • Яе талент высока цаніў самы строгі крытык беларускай літаратуры Максім Гарэцкі.
  • Максім Танк маральна падтрымліваў і пісаў ёй лісты ў Казахстан, куды паэтку выслалі ў красавіку 1940 г.
  • У 20-ыя гады яе вершы з аднолькавым імпэтам прыцягвалі ўвагу пісьменьнікаў як Заходняй, так і Усходняй Беларусі.
  • Яе твор – «Малітва» («Магутны Божа»), многімі сьвядомымі беларусамі ўспрымаецца як неафіцыйны гімн нашай краіны.

Сёньня гераіня 20 нечаканых фактаў – паэтка, празаік, перакладчык, рэдактар, актрыса, лібрэтыст – Натальля Арсеньнева.



1) Не любіла вучыцца ў Першай Віленскай Беларускай гімназіі, пра што неаднаразова пісала ў раньніх вершах.

У дэбютным зборніку «Пад сінім небам» знаходзім такія радкі:
«Шумна у клясе, шумна і нудна,
Сьцены шырокія душаць мяне.
Словы вучыцеля ціха, марудна
Льлюцца, іх слухаць ня хочацца мне (...)
Дыхае сьвежасьцяй сад пажаўцелы,
Ў салі «Ад веку мы спалі« пяюць...
Нудна сядзець мне ў клясе дзень цэлы,
Як цераз вокны нячутна, нясьмела,
Восені гукі плывуць...»
(верш «У клясе», 1921 г.)
«Нудна, нудна у клясе сягоньня,
Неяк цёмна і ціха зусім.
Імжыць дождж, а ў вакно аднатонна
Ясакор лісьцем б’ецца сухім»
(верш «У клясе», 1921 г.)

2) Сваім духоўным настаўнікам лічыла Максіма Гарэцкага

«Вершы пачала ізноў пісаць я ў Першай Віленскай Беларускай гімназіі. Маім духоўным настаўнікам стаўся блізу з першых дзён навукі ў гімназіі настаўнік беларускае мовы і літаратуры, аўтар «Руні« і «Патаёмнага« – Максім Гарэцкі. Памятаю, калі я пабачыла яго ўпершыню на лекцыі ў нашай 7-й клясе, мяне самперш уразілі ягонныя вочы – вялікія, цёмныя, гарачыя, быццам два чорныя зьнічы (...) на худаватым, аскетычным, крыху татарскага складу твары (...). Зразумела я тады таксама й тое, што мушу цяпер як найхутчэй дасканала апанаваць беларускую мову й заўсёды найлепей за ўсіх у клясе, ведаць задаваныя нам Гарэцкім лекцыі зь беларускае літаратуры».

Максім Гарэцкі. 1920-ыя гг.

3) Максім Гарэцкі лічыў паэтычны талент Арсеньневай больш яркім чым у Цёткі ці Канстанцыі Буйло

Па ўспамінах паэткі: «...Гэтага памятнага для мяне вечара першым выйшаў на сцэну Гарэцкі. Памаўчаўшы, ён абвясьціў прысутным, што мае для іх добрую навіну. «У нас зьявілася новая Буйлянка, – сказаў ён, – новая паэтка, якая ўжо сёньня ці не перавышае і Цётку і Канстанцыю Буйлу сваім талентам. Вось паслухайце...« І Гарэцкі пачаў чытаць...»

4) Да яе твораў скептычна ставіўся Максім Танк

У дзёньнікавым запісе ад 21 студзеня 1937 г. ён піша пра творчасьць Натальлі Арсеньневай: «Агулам, я – не прыхільнік яе паэзіі, хоць некаторыя яе вершы... мне спадабаліся сваім лірызмам, вобразнасьцю. Трэба прызнаць, што са сваіх інтымных пачуцьцяў яна ўмее вязаць прыгожыя карункі»; у запісах за 28 сьнежня 1992 г., Максім Танк, разважаючы пра творчасьць нашых паэтэс (і ў тым ліку Арсеньневай) адзначаў, што: «...як бы мы іх [творчасьць – В. Дэ Эм] ня ўздымалі, ні ўзьвялічвалі, вельмі абмежаваны тэматычны абсяг іх паэзіі».

Наталлья Арсеньнева і Максім Танк. Вільня. 1937

5) Яе любімы колер – сіні

У дзяцінстве любіла маляваць толькі сінім алоўкам. Першую кнігу паэзіі назвала «Пад сінім небам», дзе вобраз (менавіта!) сіняга неба, сініх даляглядаў, сініх ценяў займае адно з галоўных месцаў.

Першая кніга паэткі "Пад сінім небам". 1927 г.

6) У юнацтве хацела стаць прафэсійнай мастачкай і скульптаркай

«Мае малюнкі з гіпсавых галоваў і маскаў былі найлепшыя ў клясе. У мяне былі вялікія здольнасьці да перадачы падабенства. Памятаю, у 5-й клясе гімназіі, я намалявала вуглём партрэты ўсіх маіх сябровак, як казалі, вельмі падобныя. Мне вельмі хацелася маляваць (...) і ляпіць. Я проста плакала і прасіла маці дастаць мне гліны. Уначы сьніла яе пад рукамі, мяккую, паслухмяную».

7) Нягледзячы на хісткасьць беларускай палітыкі, заўсёды заставалася адданай Антону Луцкевічу – свайму настаўніку

Калі ў траўні 1928 года Антона Луцкевіча па справе «Грамады» апраўдалі і выпусьцілі з турмы, паэтэса пісала (разам з мужам) з Хэлмны ў Вільню: «Дужа-Паважаны Пане Луцкевіч! Пасылаем Вам гарачае прывітаньне з прычыны звальненьня Вас з вастрогу (...) Запэўняем Вас, Пане Луцкевіч, што душой заўсёды былі й будзем з Вамі і нашым лятуценьнем – гэта хоць у будучыне прынесьці магчыма найболей карысьці нашаму многапакутнаму народу...» (LCVA фонд 281, вопіс 2, справа 32, с. с. 99, 100.)

8) Злавалася на сябе за сваю нясьмеласьць

«...праз усё маё жыцьцё я была вельмі нясьмелая. Як ні намагалася гэтага не паказаць. Перамагчы. Яна, гэтая нясьмеласьць, спрычыніла мне ў жыцьці ці мала прыкрасьцяў і шкоды. Азіраючыся назад, я магу цяпер прызнацца, што, каб не гэтая пракудная рыса майго характару, я магла б шмат больш зрабіць у жыцьці, асабліва навонкі, стацца калі не лепшай, дык шмат больш вядомай сьвету паэткай».

Натальля Арсеньнева. 1927 г. wikimedia.org

9) Была прыхільніцай «тарашкевіцы»

«Я за тое, каб мяккі знак у беларускай мове застаўся. Гэта недапушчальна, калі ў адной мове паралельна існуюць дзьве школы правапісу. Павінна застацца адна. Тая, якая найбольш поўна і дакладна перадае беларускасьць нашай мовы».

10) За свае вершы ніколі не атрымлівала грошай

Паводле словаў паэткі, паэзія ніколі не была для яе заробкам: «У Амэрыцы я не атрымала ні цэнта. Калі выходзіў мой зборнік «Між берагамі«, я сама дала на яго выданьне тысячу даляраў».

11) Яна адзначала, што да пачатку Другой сусьветнай вайны сапраўднага жыцьця ня ведала

«Нагледзелася я тады на розныя жахі... Я ўжо не магла пісаць так, як раней (...) Бо ж сапраўды, я раней сапраўднага жыцьця ня ведала. Жыла ў параўнаўча добрых умовах, мела мужа, двое дзяцей, ніколі раней не была ні галоднай, ні бяздомнай».


12) Лічыла, што савецкія партызаны нічым ня лепшыя за акупацыйныя ўлады

«Па ўсёй Беларусі ішло змаганьне між немцамі і савецкімі партызанамі, а цярпеў ад гэтага наш народ. Потым пачалі гарэць нашы вёскі...»; «...Мне здаецца, аднак, што савецкая партызанка ані лепш ставілася да беларускага жыхарства, чымся нямецкія ўлады. Нішчылі нас і з аднаго боку, і з другога...»

13) У старасьці ня муж, а яна забясьпечвала сям’ю.

У лісьце да Масея Сяднёва (11 жніўня 1966 г.) чытаем: «Трэба зарабляць на кавалак хлеба. Муж ужо год як на пэнсыі. Пэнсыя «Сошыял Сэкюрыты« вельмі малая, дык зарабляю на нашае жыцьцё я адна. І аб паэзіі думаць няма калі».

Натальля Арсеньнева. svaboda.org

14) Крытыкавала пераклад «Песьні пра зубра», які зрабіў Язэп Семяжон

Называла гэты пераклад «немагчымым»: «...у Семяжона раз-пораз гэткія выразы, як «нагой у азадак«, «здрэйфіў«, «адвальваў не скупа« (гэта Вітаўт – сьвятарству!). Гэтаксама ў яго поўная супярэчнасьць з аўтарам у паглядзе на князя Вітаўта. Для Гусоўскага Вітаўт – ідэал, якім ён захоплены, а ў Семяжона Вітаўт – «князь-вар’ят« (...) Калі я скончыла чытаць, у мяне застаўся вялікі нясмак, ну й пратэст».

15) Лічыла, што часы нямецкай акупацыі, нягледзячы на ўсе жахі вайны, спрыялі нацыянальнаму адраджэньню

«Гэтыя жахлівыя, нялюдзкія гады, якія каштавалі нашай Бацькаўшчыне і ўсім тым, што іх перажылі, безліч ахвяраў, як гэта ня дзіўна, а спрычыніліся ў вялікай меры да адраджэньня беларускае нацыянальнае сьведамасьці, нішчанае і душанае і на ўсходзе й на захадзе (і ў Польшчы і ў СССР). Немцы ж ані не цікавіліся, якой мовай паняволеныя імі людзі гавораць, чытаюць, пішуць, нікога за гэта не каралі, і таму беларускія патрыёты адразу з гэтага скарысталіся й ўзяліся за працу (...) колькі ж было зроблена за гэтыя гады ў галіне нацыянальнае сьведамасьці, культуры!»

Вокладка кнігі "Песьня пра Зубра" (мастак – Арлен Кашкурэвіч)

16) У дзень, калі адбылася Чарнобыльская трагедыя, Натальлі Арсеньневай прысьнілася чорная карова з адламаным рогам

«...якраз калі ў Чарнобылі здарылася бяда, мне прысьніўся дзіўны сон: сьнілася сенажаць, мокрая, але ўжо зялёная, босы хлопчык, пастушок, які адганяў пужкай худую чорную кароўку з адным адламаным рогам. я, у сьне, хацела крыкнуць, каб ён кароўку ня біў, але тут зрабілася цёмна, і я прачнулася...»

17) Стала пісаць вершы па-беларуску, дзякуючы свайму акторскаму посьпеху ў «Паўлінцы»

«Я ўжо так добра апанавала беларускую мову, што прымала ўдзел у «Паўлінцы« Янкі Купалы, якую ставілі на адчыненьне заняткаў, гуляючы ролю Агаты, і, як кажуць, няблага. Заахвочаная ўдачаю, я спрабавала пісаць па-беларуску вершы. І як ні дзіўна, у мяне адразу пайшло вельмі гладка».

18) За яе гонар заступаліся Максім Танк і Міхась Машара

Пасьля ўзьяднаньня Заходняй Беларусі Натальля Арсеньнева, Максім Танк і Міхась Машара наведалі Менск, дзе да паэткі заляцаўся крытык Алесь Кучар: «...Алесь Кучар здаўся мне не такім ужо благім, як аб ім я чула, хоць Танк і Машара ўрачыста заявілі мне аднаго вечара, што спусьцяць яго са сходаў, бо ён занадта пачаў быў «ухажываць« за мною».

19) Ёй вельмі не падабаўся Менск

«Калі я ўпершыню пабачыла Менск, (...) ён мне зусім не спадабаўся. Было тут, праўда, колькі зусім новых, вялікіх, прыгожых будынкаў, як Дом ураду, гатэль «Беларусь«... Але побач зь імі, прытуліўшыся да іх, стаялі старыя, шэрыя хаткі. Паркаў і наагул дрэваў у цэнтры горада было мала... вуліцы былі не ў парадку, вулічны натоўп па-савецку шэры.»

20) У юнацтве ёй быў духоўна блізкі вобраз Тацяны з паэмы Аляксандра Пушкіна «Яўген Анегін»

«...я чулася найлепей, калі магла быць сама (...) Асабліва блізкай была мне Пушкінава Таццяна (...):
Тиха, печальна, молчалива,
Как лань лесная, боязлива,
Она в семье своей родной
Казалась девочкой чужой...»

Пры падрыхтоўцы да матэрыялу былі выкарыстаны наступныя крыніцы:

1. Арсеньнева Н. Выбранныя творы. Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2002
2. Арсеньева Н. Пад сінім небам. Вільня. 1927 г.
Ліст Натальлі Арсеньевай да Антона Луцкевіча, знойдзены Леанідам Дранько-Майсюком (LCVA фонд 281, вопіс 2, справа 32, с. с. 99, 100.)
3. Петрушкевіч А. «Наталля Арсеннева і Ларыса Геніюш: жыццёвыя і творчыя перазовы». «Дзеяслоў», № 12/24/2013 г.
4. Петрушкевіч А. «Наталля Арсеннева: Шлях да Беларусі», Мн, 2013 г.
5. Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі. Мн., 1990 г.
6. Танк Максім. т 9-10 са Збору твораў, Мн. 2009/2010 гг.