Эмануіл Ёфэ: У вайне загінулі 3 мільёны жыхароў Беларусі

Your browser doesn’t support HTML5

Колькі жыхароў Беларусі загінула ў Другой сусьветнай вайне? Колькі было партызанаў і падпольшчыкаў і якую шкоду партызаны нанесьлі акупантам? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Герой тыдня» адказвае доктар гістарычных навук, адзін з самых аўтарытэтных дасьледчыкаў Другой сусьветнай вайны ў Беларусі Эмануіл Ёфэ.

— Традыцыйна ў савецкія часы казалі, што ў Беларусі ў вайну загінуў «кожны чацьверты». Апошнімі гадамі беларускія ўлады загаварылі пра «кожнага трэцяга». Ці ёсьць нейкая ўзгодненая гісторыкамі лічба, колькі ж урэшце загінула жыхароў Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны?

— На жаль, узгодненай з усімі гісторыкамі лічбы няма, спрэчкі тут працягваюцца. Адразу пасьля вайны Сталін заявіў, што Савецкі Саюз страціў 7 мільёнаў. І першы сакратар ЦК КПБ Панамарэнка ня мог даць больш, чым ён даў — 2,2 мільёна жыхароў Беларусі. І да сёньня многія дактары навук, гісторыкі прыводзяць гэтую лічбу. Яна складалася з 1 мільёна 400 тысяч мірнага насельніцтва і 800 тысяч ваеннапалонных. Але ваеннапалонныя ў большасьці сваёй — не беларусы і не ўраджэнцы Беларусі.

Потым бяруць лічбу паўтара мільёна эвакуіраваных у тыл. І тут ёсьць тэндэнцыя зьмяншаць колькасьць тых, хто ня выжыў і загінуў.

— У адным з сваіх артыкулаў вы кажаце пра тры мільёны. З чаго складаецца гэтая лічба?

— Так, я пішу пра 3 мільёны 74 тысячы. Да вайны ў нас жыло ў сучасных межах 9 мільёнаў 183 тысячы. Я паказваю і ахвяры сярод мірнага насельніцтва, і савецкіх ваеннапалонных. Ураджэнцаў Беларусі сярод загінулых палонных было больш як 336 тысяч. Таксама ў гэтую агульную лічбу ўваходзяць жыхары Беларусі, якія загінулі ў дзейным войску. Вельмі шмат катэгорыяў раней не лічылі, не ўключалі ў агульныя страты — страты сярод партызан, калябарацыяністаў, загінулых ад бамбёжак, гастарбайтэраў (іх каля 400 тысяч было адпраўлена ў Нямеччыну).

— А колькі беларусаў загінула на франтах?

— Усяго на франтах ваявала 1 мільён 300 тысяч беларусаў. Зь іх 770 тысяч узялі на фронт пасьля вызваленьня Беларусі. Зь іх загінулі сотні тысяч, але дакладную лічбу цяжка даць, бо раней ніхто не займаўся тым, каб падлічыць менавіта ўраджэнцаў Беларусі. Даюць розныя лічбы, напрыклад, каля 600 тысяч.

— Вы адзін з дасьледчыкаў гісторыі галакосту ў Беларусі. Ці ёсьць тут пэўнасьць, колькі габрэяў загінула на тэрыторыі Беларусі?

— Паводле маіх дадзеных, на тэрыторыі Беларусі загінула 715 тысяч беларускіх габрэяў. Плюс 90 тысяч замежных габрэяў з 7 краін Эўропы. Акрамя таго, на фронт узялі 110 тысяч беларускіх габрэяў, зь іх загінула 48 тысяч. Але, натуральна, іх мы ня лічым як ахвяраў Галакосту.

У музэі Вялікай Айчыннай вайны даюцца лічбы: 2 мільёны 357 тысяч загінула. Але сюды не ўключаюцца, напрыклад, страты падпольшчыкаў. Было 70 тысяч падпольшчыкаў, сярод іх, паводле маіх дадзеных, загінула 37,5 тысячы.

— На пачатку нашай размовы вы сказалі, што ў агульную лічбу ўключаеце і страты сярод калябарацыяністаў. Раней я не сустракаў нідзе такой лічбы.

Паводле маіх дадзеных, немцаў і іхніх пасобнікаў, забітых ад дзеяньняў партызанаў, было ўсяго каля ста тысяч

— Паводле афіцыйных дадзеных, акупанты страцілі ад дзеяньняў партызанаў «500 тысяч забітых і параненых». Але паводле маіх дадзеных, немцаў і іхніх пасобнікаў, забітых ад дзеяньняў партызанаў, было ўсяго каля ста тысяч. І сярод іх уласна немцаў было забіта 45 тысяч, а 55 тысяч — гэта калябарацыяністы, сярод якіх былі ня толькі беларусы, але і латышы, украінцы. Мы адзіная краіна, якая дае лічбу «забітых і параненых».

— Але ж гэтыя вашы лічбы не адпавядаюць афіцыйнай лініі, якая схільная павялічваць эфэкт ад дзеяньняў партызанаў.

— Так, калісьці быў у нас круглы стол, і ў тэлебачаньні ўсіх далі, а майго выступу не далі.

— А колькі ж было партызан і падпольшчыкаў?

— Лічба партызан увесь час павялічваецца. Мы даем 374 тысячы партызан, 70 тысяч падпольшчыкаў і каля 400 тысяч рэзэрву. Але ж хто падлічваў гэтыя рэзэрвы, як можна іх дакладна вымераць? Мая асабістая думка — нельга казаць пра «ўсенародны характар» партызанскага руху, варта казаць пра «народны характар», які быў толькі ў 43–44 годзе. Якія тут два парамэтры, два крытэрыі? Суадносіны партызан і калябарацыяністаў, а таксама размах партызанскага руху. Як гэта ні балюча сёньня казаць, але ў 1941-м годзе калябарацыяністаў было больш, чым партызан.

— У параўнаньні зь іншымі краінамі — удзельніцамі вайны ці справядліва будзе казаць, што Беларусь панесла найбольшыя ахвяры?

— Я кіраваў групай, праектам «Дэмаграфічныя страты Беларусі», прапаноўваў яго Міністэрству адукацыі. Можна сказаць, што гэта так і ёсьць — Беларусь панесла найбольшыя ахвяры. У параўнаньні зь іншымі нашу рэспубліку можна назваць партызанскай. Ніводзін народ у сьвеце не панёс такія страты, як беларускі народ, усе жыхары Беларусі.

Youtube-вэрсія