Прадстаўнікі чатырох апазыцыйных арганізацыяў — руху «За свабоду», аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Абʼяднанай грамадзянскай партыі і Партыі БНФ — падалі 6 студзеня заяўку на правядзеньне 25 сакавіка ў Менску шэсьця з нагоды Дня Волі.
Заяўку падпісалі актывісты Аляксандар Русевіч, Дзяніс Садоўскі, Ягор Віняцкі і Зьміцер Касьпяровіч.
Арганізатары прапануюць збор на пляцоўцы каля будынку Нацыянальнай акадэміі навук і шэсьце па праспэкце Незалежнасьці да парку Янкі Купалы. Мітынг не заплянаваны. Меркаваная колькасьць удзельнікаў акцыі — 950 чалавек.
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч патлумачыў карэспандэнту Свабоды, чаму заяўка пададзена амаль за тры месяцы:
«Засталося ня так многа часу, і трэба, каб быў час падрыхтавацца, прадумаць усе акалічнасьці, таксама каб была магчымасьць у аргкамітэту пачаць падрыхтоўку. Розьніцы вялікай няма, калі казаць пра дату і тэрмін падачы, галоўнае, каб яна была не пазьней за вызначаны законам тэрмін у два тыдні. Раней гэта можа быць. Мы даем такім чынам магчымасьць і ўладзе, Менгарвыканкаму адрэагаваць і выказаць сваё стаўленьне да прапанаванага маршруту».
Маршрут шэсьця, які просяць заяўнікі, — ад Акадэміі навук да парку Янкі Купалы.
«Шэсьце плянуецца па цэнтральным праспэкце Менску. Гэта той варыянт, які заўсёды перамагае, як паказала падрыхтоўка ўсіх папярэдніх акцыяў. Дзеяньні ўладаў цяжка прагназаваць. Апошнія гадоў дзесяць мерапрыемствы на гэтую дату дазвалялі. Адзінае, што калі раней заяўнікі казалі пра сваё жаданьне правесьці мерапрыемствы не па звыклым маршруце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор, а ў цэнтры сталіцы, то адной з прычынаў адмовы было тое, што месцам правядзеньня мітынгу можа быць толькі плошча Бангалор. Маўляў, такое рашэньне Менгарвыканкаму. Таму гэтым разам мы вырашылі камбінаваць гэты варыянт падачы заяўкі, дзе заклалі толькі шэсьце і адмовіліся ад правядзеньня мітынгу. Паглядзім, якія гэтым разам будуць аргумэнты ў Менгарвыканаму», — сказаў Юрась Губарэвіч.
Дзень Волі адзначаецца штогод, ён прымеркаваны да гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.