Ва ўрочышчы Курапаты, што пад Менскам, а 13-й гадзіне 3 чэрвеня пачынаецца арганізаваны КХП-БНФ і санкцыянаваны ўладамі мітынг-рэквіэм «Дзень памяці пра генацыд».
На акцыю сабралася некалькі соцень чалавек.
Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк у прамове, якую перадавалі на мітынгу, дапусьціў, што рэстарацыю, якую збудавалі ў 50 мэтрах ад мэмарыялу і якую ён называе незаконным самабудам, «застрахуюць і спаляць, зваліўшы падпал на нацыяналістаў».
Як у Курапатах ушанавалі «Дзень памяці пра генацыд». ФОТАГАЛЕРЭЯ
Ягоны намесьнік Юрась Беленькі заявіў, што курапацкая трагедыя не сышла ў мінулае і можа паўтарыцца — ён згадаў, што міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч надзявае форму НКВД (ён кажа, так «выказвае павагу»), а гэта «тое ж Гестапа і СС», кажа Беленькі.
Мітынг прысьвечаны 30-годзьдзю адкрыцьця праўды пра ўрочышча пад Менскам. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад бальшавіцкія рэпрэсіі, якія мелі масавы характар у 1917–1953 гадах, падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 да 250 тысяч чалавек.
Акцыя абдываецца на тле пратэстаў супраць адкрыцьця пад самым комплексам рэстарацыі «Поедем поедим» на тэрыторыі комплексу, што раней атрымаў назву «Бульбаш-хол».
Your browser doesn’t support HTML5