Дзяржаўная ўстанова «Апэратар другасных матэрыяльных рэсурсаў» ладзіць першае ў Беларусі сьвята «Мэта-99», прысьвечанае разьдзельнаму збору сьмецьця і яго перапрацоўцы, перадае «Менск-навіны».
«Спэцыяльна абралі летні выходны дзень, каб людзі прыйшлі сем'ямі, узялі ўдзел у нашых мерапрыемствах і далучыліся да кампаніі, — кажа дырэктар арганізацыі Натальля Грынцэвіч. — Распавядзем у гульнявой форме, для чаго і як трэба сартаваць адкіды».
Удзельнікам сьвята прапануюць спаборніцтва па хуткасьці і якасьці сартаваньня другасных матэрыяльных рэсурсаў, іншыя конкурсы і гульні з падарункамі, а таксама гутарку з «аўдыёкантэйнэрам» — адмысловым кантэйнэрам, які адказвае голасам, калі ў яго выкінуць сьмецьце.
«Мэта-99» — акцыя, якую ладзяць беларускія ўлады ад 2015 года. Яе мэта — дасягнуць сартаваньня і перапрацоўкі 99% бытавых адкідаў. То значыць, асобнага выкіданьня, збору і перапрацоўкі паперы, плястыку, шкла, мэталу, старой тэхнікі і іншага.