Дзе мяжа паміж пакараньнем і зьдзекамі са зьняволеных? І калі, наадварот, сядзець у турме становіцца лепш, чым жыць на волі? Ці дастаткова дзеля пакараньня проста ізаляваць чалавека, утрымліваючы яго ў нармальных умовах? Або скандынаўскі турэмны стандарт, які лічыцца ўзорам для астатняй Эўропы — аднамесцавая камэра з прыбіральняй ды душам, сьціплае, але якаснае трохразовае харчаваньне, належная мэдычная дапамога, магчымасьць атрымаць адукацыю рознага ўзроўню — залішняя раскоша для злачынцы, які прынёс пакуты іншым людзям? Адназначных адказаў на гэтыя пытаньні няма, прычым ня толькі ў Беларусі, але і ў тых краінах, дзе сытуацыя з турмамі выглядае нашмат лепшай.
Пасьля развалу СССР турэмная сыстэма Літвы як новага сябра ЭЗ, паводле ацэнак міжнародных арганізацыяў, рэфармуецца паводле так званай «швэдзкай мадэлі» Як прызнаюцца ў літоўскім Дэпартамэнце турмаў, гэта няпроста, бо ў транзытнай краіне Літве кантынгент турэмных насельнікаў у апошнія два дзесяцігодзьдзі істотна павялічыўся. Пераважна праз колькасьць замежных арыштантаў — удзельнікаў наркатычнага ды іншага нелегальнага трафіку.
Зэкі Лукішак пішуць скаргі, ім плацяць кампэнсацыю
Турма Лукішкі, што ў самым цэнтры Вільні — адна з найстарэйшых і найбольш праблемных пэнітэнцыярных установаў сучаснай Літвы. Празь яе на пачатку мінулага стагодзьдзя прайшло нямала дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэньня. Беларусы сядзелі тут і пры Саветах, сустракаюцца і цяпер. Вязьніца пастаянна перапоўненая — недзе чалавек на сто супраць нормаў ЭЗ. Цяпер тут прыкладна каля 1000 зьняволеных. Але паколькі лукіскі комплекс прылічаны да аб’ектаў архітэктурнай спадчыны, то будынкі не падлягаюць ні рэканструкцыі, ні пашырэньню. Уся надзея — што турму перанясуць на віленскую ўскраіну. Гэта меркавалі зрабіць яшчэ летась, але, як заўсёды, адтэрмінавалі з прычыны недахопу грошай.
Прэзыдэнт краіны Даля Грыбаўскайце, якая нярэдка наведвае літоўскія турэмныя ўстановы, неяк заявіла, што «сёньня Лукішкі — гэта адкрытая рана на сэрцы Вільні», а ўмовы ўтрыманьня ў гэтай установе назвала «жахлівымі».
Паводле колішняга менчука, а цяпер віленчука Валера Савянкова, «сёньня беларусаў у Лукішках шмат. У асноўным гэта цыгарэтныя або гарэлкавыя кантрабандысты. Іх як дробных парушальнікаў селяць у вялікую камэру на другім паверсе. У асноўным іх трымаюць да суду, каб штраф даць і адпусьціць».
Сам Валер Савянкоў, які зазнаў савецкія, беларускія ды літоўскія турмы, утрымліваўся ў Лукішках пры канцы 1990-х — на пачатку 2000-х. Напісаў адсюль у літоўскі Мін’юст каля сотні (!) скаргаў на тое, што не захоўваюцца правы вязьняў. Аднак інспэктары не знайшлі парушэньняў. У 2008-м ён нарэшце выйграў справу супраць Літвы ў Страсбурскім судзе па правах чалавека. Страсбурскі суд прыраўняў умовы Лукішак да катаваньня. Прадстаўніца літоўскага ўраду ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека Эльвіра Балтуціце назвала Савянкова адным з найбольш актыўных аўтараў скаргаў зь Літвы.
Савянкоў: «Выйграўшы справу ў Страсбуры, я атрымаў кампэнсацыю — пяць тысяч эўра. Пасьля гэтага паціху зэкі пачалі зьвяртацца ў нашы суды. Бо калі ёсьць вырак эўрапейскага суду, то нашы суды павінны яго выконваць. І вось цяпер Міністэрства юстыцыі паведамляе: у 2010 годзе толькі адзін вязень падаў скаргу і атрымаў у якасьці кампэнсацыі адну тысячу літаў. А ўжо ў наступным годзе скаргі падалі дзесяць вязьняў, яны атрымалі 9900 літаў. У 2012-м дваццаць пяць зьвярнуліся ў суды, і ім павінны былі выплаціць кампэнсацыю 83 000 літаў. На наступны год 142 з турмы лукіскай падалі свае скаргі ў суды, і ім павінны былі выплаціць хоць і мінімальна кожнаму, але 187 000 літаў. У 2014 годзе, гэта былі няпоўныя зьвесткі, яшчэ не да канца году, дзьвесьце дваццаць шэсьць чалавек зьвярнуліся ў суды, атрымалі 307 000 літаў. І гэта расьце як сьнежны ком. Больш за палову скаргаў тычыцца турэмнага харчаваньня».
Харчовыя перадачы забароненыя
Свабода ў турмах: «Вы кажаце пра скаргі на харчаваньне, але ня так даўно ў рэпартажы з Лукішак карэспандэнткі tut.by было зьмешчанае мэню турэмнай сталоўкі. Можна было даведацца, чым кормяць зьняволеных: на сьняданак два вараныя яйкі, тварог (100 г), белы хлеб (150 г), маргарын ды сыр (30 г), гарбата з цукрам (200 г), на абед — суп гарохавы (500 г), ячная каша зь мясам (300 г), салата з буракоў (200 г), чорны хлеб, кісель, на вячэру — вараная бульба са скваркамі, кефір, чорны хлеб, маргарын, вараная каўбаса, чай з цукрам. Гэта і для волі зусім някепска...»
Савянкоў: «Так, апошнім часам усё гэта сталі даваць. Раней было ўсяго дзесяць найменьняў у турэмным мэню, прычым уключна з сольлю, перцам, ляўровым лістом. Цяпер — і яйкі, і тварог. Але паводле эўрапейскіх нормаў дзённы рацыён літоўскага вязьня павінен утрымліваць дзьве тысячы калёрыяў. Насамрэч такога не бывае. (У мясцовых СМІ шмат пішуць пра карупцыю ў турэмных установах.) У выніку ўсё нібыта якаснае, але вельмі мала, і зэкі заўсёды галодныя. Гэта пагоршылася праз тое, што ўжо некалькі гадоў як зьняволеным забаронена атрымліваць харчовыя перадачы і пасылкі. Прычына — каб зь ежай не перадаваліся наркотыкі. А то, бывае, „забадзяжаць“ у варэньне нешта — і тая, што перадавала, на палец узяла, пакаштавала — і прытомнасьць страціла. Вельмі цяжка разгледзець наркату».
Зразумела, прадукты можна набываць у турэмным шапіку, але большасьць зэкаў, — працягвае Валер Савянкоў, — бедныя людзі, і купляць.ім няма за што.
Савянкоў: «Для такіх дзяржава, праўда, устанавіла сацыяльную кампэнсацыю — трыццаць літаў у месяц, то бок менш за дзесяць эўра. Але ж пасылку яны маглі атрымаць і на сто эўра. Кампэнсацыю даюць, калі ў цябе добрыя паводзіны. А калі ты нешта парушыў, ты яе не атрымаеш ніколі, цябе яе пазбаўляюць. І таму зэкі заўсёды галодныя. І ўсе просяцца ў тую камэру, дзе сядзіць які-небудзь буржуй, якому хапае грошай, каб набываць нешта ў турэмнай крамцы.
«Ніякага параўнаньня з узорам ЭЗ літоўскія турмы не вытрымліваюць»
«Усе даўно чакаюць, каб Лукіская турма пераехала і яе комплекс аддалі пад музэі, культурныя цэнтры, — кажа Валер Савянкоў. — У Лукішках сядзела палова нашых беларускіх культурных дзеячаў у даваенныя гады: пісьменьнікі, паэты, адраджэнцы. І можна было б там нешта і беларусам зрабіць. Але ў дзяржавы вечна не хапае грошай, і ніяк ня могуць гэтае пытаньне вырашыць. Вось і вымушаныя чыноўнікі плаціць кампэнсацыі вязьням. Гэта добра яшчэ, што зэкі не зьвяртаюцца ў эўрапейскі суд, бо там чарга, трэба чакаць пяць гадоў. Таму нашы суды хоць нейкую костку кінуць, таму што яны прайгра́юць справу, калі зэкі калі напішуць вышэй. У літоўскіх турмах і перапоўненасьць, і ўмовы не эўрапейскія, а, хутчэй, як і ў Беларусі. Вядома, рамонт касмэтычны, чыста. Але ж няма ніякага параўнаньня з узорам ЭЗ, які павінен быць».
Паводле нашага суразмоўцы, «летась Вялікабрытанія выдала Літве 115 затрыманых парушальнікаў. Але ж многія з тых літоўцаў не хацелі той экстрадыцыі. Пачаліся выпадкі, калі сталі накладаць на сябе рукі. Бо прыехаць адтуль і сядзець тут — гэта ўсё роўна што вярнуцца ў савецкі лягер. Пра гэта ўжо пачала пісаць літоўская прэса», — кажа Валер Савянкоў.
Турэмны душ, жаночыя праблемы, чалавечая годнасьць
Чэскі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся да дэпутатаў парлямэнту з просьбай унесьці дапаўненьні ў дзяржаўную канцэпцыю сыстэмы турмаў і іншых папраўчых устаноў, якая рыхтуецца да прыняцьця. На думку праваабаронцаў, зьняволеныя ў краіне жывуць у жахлівых умовах і пакідаюць турмы такімі, якімі туды «прыйшлі», а ніяк не гатовымі да жыцьця ў цывілізаваным грамадзтве. Менавіта таму статыстыка рэцыдыўнай злачыннасьці ў Чэхіі складае 59%.
Як перадае Чэскае радыё, адным зь першых, хто загаварыў пра парушэньне правоў зьняволеных, быў Давід Рат, былы дэпутат і гетман (кіраўнік краявой адміністрацыі) Цэнтральначэскага краю. Кампанію ў абарону зьняволеных ён пачаў «выпадкова». Проста таму, што яго абвінавацілі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу, уключна з хабарніцтвам, і зьмясьцілі ў СІЗА. Давід Рат быў шакаваны і абураны тым, наколькі невыносныя ўмовы ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары. Як высьветлілася, нават такія ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА, дзе знаходзяцца абвінавачаныя, а не асуджаныя, у параўнаньні з турмой выглядаюць санаторнымі.
Галоўныя прэтэнзіі, якія маюць зьняволеныя чэскіх турмаў, прыкладна такія ж, што і ў літоўскіх зэкаў: якасьць харчаваньня ды ўмовы гігіены. У душ — толькі два разы на тыдзень. А на трохдзённае харчаваньне дзяржава выдзяляе ў суткі на чалавека 50 крон (менш за 2 эўра). У турмах ёсьць крамы, але для гэтага зьняволеным патрэбныя грошы. А яны ёсьць далёка не ўва ўсіх. Дый правілы ў крамах адносна жорсткія.
«Вязьні турмы Ўшэгрды могуць набываць тавары ў мясцовай краме. Закупы ім дазволена рабіць два разы на тыдзень, за свае ўласныя сродкі, з разьліку ад 400 да 800 крон», — кажа Браніслава Ветэшнікава з адміністрацыі турмы Ўшэгрды.
Многія палітыкі, дый простыя грамадзяне лічаць, што зьняволеныя і цяпер жывуць нядрэнна. Скардзіцца ім на нешта,маўляў, проста непрыстойна. Аднак у чэскім Хэльсынскім камітэце думаюць інакш. Слова Луцыі Рыбавай:
«Мы лічым, што ў зьняволеных — цалкам абгрунтаваныя і законныя скаргі. Таму што магчымасьць прыняць душ, я ўдакладняю — душ, а ня ванну, — гэта мінімальныя патрабаваньні да турмаў, якія вызначаныя Радай Эўропы для самых бедных краін. Я мяркую, што Чэская Рэспубліка ўсё ж не настолькі бедная, каб эканоміць на душы для людзей. І, да ўсяго іншага, па сутнасьці, адвучваць зьняволеных ад правілаў і нормаў гігіены. Асабліва гэта тычыцца такой спэцыфічнай сытуацыі, як мэнструацыя ў жанчын.. Калі жанчыны ня могуць трапіць у душ, то такое стаўленьне да іх — ужо на мяжы прыніжэньня чалавечай годнасьці».
«Задача турмы — каб вязень стаў чалавекам, а ня зьверам»
«Пытаньні гігіены — гэта адно, а харчаваньне — крыху іншае. Усё ж турма — гэта не гатэль», — можна нярэдка пачуць ад прадстаўнікоў чэскай грамадзкасьці. Але ў праваабаронцы Луцыі Рыбавай ёсьць свае аргумэнты супраць гэтай пазыцыі.
— Недапушчальна, каб празь недахоп ежы ці нізкую яе якасьць пагаршалася здароўе зьняволеных. Асабліва гэта тычыцца моладзі і людзей, якія маюць праблемы са здароўем і якім патрэбнае дыетычнае харчаваньне.
— Але людзі апынуліся ў турмах таму, што зьдзейсьнілі тыя ці іншыя злачынствы, можа нават самыя страшныя. Магчыма, дрэнная ежа і немагчымасьць рэгулярна наведваць душ — гэта ў нейкай ступені частка пакараньня? Дзе мяжа паміж пакараньнем і зьдзекам з чалавека?
— Гэтае пытаньне зьвязанае з тым, як павінна выглядаць пазбаўленьне волі, як да яго ставіцца. Мы ў Хэльсынскім камітэце лічым, што ўжо сам факт пазбаўленьня волі — дастатковае пакараньне. А знаходжаньне ў турме павінна паўплываць на вязьня такім чынам, каб ён стаў чалавекам, а ня зьверам.
— Ну, а такая рэч, як тэлевізар? Гэта ўжо раскоша?
— Што тычыцца радыё і тэлебачаньня, то цяпер дзейнічаюць правілы, паводле якіх яны ў стандартны набор не ўваходзяць. Але калі ў зьняволенага ёсьць грошы, калі ён аплачвае электрычнасьць, у некаторых выпадках яму дазваляюць мець радыё і тэлевізар у камэры.
Ці ёсьць у Хэльсынскага камітэту зьвесткі пра нейкія іншыя выпадкі парушэньня правоў зьняволеных і беззаконьня ў турмах? Маюцца на ўвазе тыя рэчы, на якія людзі баяцца скардзіцца — або проста ня хочуць рабіць гэта зь нейкіх сваіх прычын. Адказвае Луцыя Рыбава з Хэльсынскага камітэту.
— У нас ёсьць дадзеныя, што ў турмах пачаў адбывацца гвалт, дзедаўшчына, агрэсіўныя паводзіны адных зьняволеных у дачыненьні да іншых. З боку наглядчыкаў адносна асуджаных такога, дарэчы, няма. Мы лічым, што пытаньне гвалту трэба вырашаць. Неабходныя прэвэнтыўныя захады. Гэта зьнізіць колькасьць самагубстваў у турмах.
Сядзець у ізраільскіх турмах становіцца выгадным
Тым часам у Ізраілі шмат хто перакананы, што ані палітыкі, ані праваабаронцы не павінны ўмешвацца ў справы так званага ШАБАС — ведамства, якое адказвае за ўтрыманьне вязьняў у турмах. Тыя, каго закон пакараў зьняволеньнем, павінны пастаянна адчуваць на сабе ціск турэмнай адміністрацыі, інакш, як сьведчыць практыка, яны проста пачынаюць нахабнічаць. Падобныя высновы гучаць усё часьцей асабліва пасьля нядаўняга бунту тысячы палестынскіх вязьняў у турме «Кецыёт», што ў пустыні Нэгеў. Зьняволеныя напалі на ахову, сама меней 30 чалавек былі параненыя.
Сярод грамадзкасьці чуюцца галасы, што пэнітэнцыярыі не павінны рэагаваць нават на пратэстныя галадоўкі тых жа палестынцаў, а такія галадоўкі апошнім часам сталі ледзь ня нормай у ізраільскіх турмах. Як мяркуюць адвакат Машэ Фрыдман і журналіст Пётар Лукімсон, сядзець у ізраільскай турме, асабліва для пэўнай катэгорыі вязьняў, становіцца вельмі выгадным. Адзіная праблема — жанчыны, дый ёй даюць рады.