Як дыскрымінуюць беларускамоўных. Пэтыцыю за роўныя правы выбіраць садок падпісалі ўжо 1600 чалавек

Ілюстрацыйнае фота

За тыдзень пэтыцыя супраць «дыскрымінацыі дзетак паводле моўнай прыкметы» набрала на Petitions.by больш як 1600 подпісаў. Паводле аўтараў звароту, у атрыманьні дзецьмі дашкольнай адукацыі па-беларуску ёсьць значныя перашкоды.

Беларускія бацькі нярэдка наракаюць на праблемы ва ўладкаваньні дзяцей у садкі: немагчыма проста прыйсьці і запісаць дзіця ў садок, трэба станавіцца ў чаргу загадзя, ці не адразу па выхадзе з радзільні. Але праблема зь беларускамоўнымі садкамі асобная, сьцьвярджае сябра ініцыятыўнай групы бацькоў, архітэктарка і дызайнэрка Аляксандра Баярына.

Аляксандра Баярына

«Калі мы ставім дзіця ў чаргу на садок, мы не выбіраем мову, проста ставім у агульную чаргу, — расказвае Баярына Свабодзе. — І ва ўсе садкі, і з расейскай, і зь беларускай мовай навучаньня дзеці трапляюць з агульнай чаргі.

Паколькі беларускамоўных мала, атрымліваецца, што па адным, па два, па тры чалавекі раскідана па садках. Безумоўна, калі камунікацыя ў групах ідзе па-расейску, яны пераходзяць на расейскую мову. Ці бацькі перастаюць вадзіць іх у садок».

Адваротная сытуацыя (калі расейскамоўныя бацькі прыводзяць расейскамоўнае дзіця ў беларускамоўны садок, а дзіця мяняе мову з расейскай на беларускую) практычна немагчымая, мяркуе Баярына. Таму выходзіць, што «адна мова на вачах паглынае другую», а беларускамоўных дзяцей не абараняюць ніяк. І для дзіцячых псыхолягаў тое, што беларускамоўнае дзіця могуць на паўдня адправіць у іншамоўны асяродак, «чамусьці не праблема», абураецца яна.

Беларускамоўных ня лічаць патрэбным нават палічыць, а беларускамоўныя групы «вандруюць» між садкамі

Баярына — маці дваіх дзяцей, сыну яшчэ няма году, а дачцэ ўжо хутка будзе тры. Дачку можна было б ужо даўно адаслаць у ясьлі. Але Баярына згадвае, што раней у Менску не было нават беларускамоўных ясьляў, яны зьявіліся толькі пасьля запытаў грамадзкасьці.

Яна запытвала пра беларускамоўныя ясьлі і да фармаваньня групаў, і ў час іх фармаваньня, але выявілася, што ў патрэбным раёне такіх няма, толькі беларускамоўныя групы на старэйшы ўзрост. На скаргі адказвалі адпіскамі, яна рыхтуе новыя скаргі.

Ілюстрацыйнае фота

Пры гэтым беларускамоўныя групы адкрываюць штогод у розных садках — адбываецца «ратацыя». Баярына сьцьвярджае, што бацькі ня ведаюць, дзе такія групы зьявяцца, аж да 1 верасьня, пакуль тыя не адкрыюцца.

Збор зьвестак аб тым, якую мову навучаньня хочуць бацькі для сваіх дзяцей, «не прадугледжаны», адказвалі Баярынай на звароты. Гэта значыць, у дзяржавы няма статыстыкі па тым, колькі патрэбна беларускамоўных садкоў і групаў. Мову навучаньня Баярынай прапанавалі пазначыць у графе з пажаданым нумарам садку.

Час казаць не пра «бацькі ня могуць», а пра «законы дыскрымінуюць»

Увосень 2017 году ў Міністэрства адукацыі ўжо накіроўвалі калектыўны зварот, у якім прасілі зьмяніць сыстэму ўліку дзяцей і дадаць магчымасьць выбару мовы навучаньня на першым кроку запісу ў дашкольныя ўстановы ー у раённай адміністрацыі. Сабралі 482 подпісы, але міністэрства ня ўбачыла праблемы.

Тады, кажа Баярына, праблема гучала так: беларускамоўныя бацькі ня могуць прыстроіць дзяцей у групы зь беларускай мовай навучаньня. Цяпер праблему фармулююць зусім іначай: гавораць менавіта пра дыскрымінацыю дзяцей паводле моўнай прыкметы і недапрацаваныя законы, якія спрыяюць дыскрымінацыі, калі права на адукацыю год за годам «адбіраюць суседзі па двары».

Ілюстрацыйнае фота

У цяперашняй пэтыцыі патрабуюць:

  • весьці адкрытую статыстыку пажаданьняў бацькоў наконт мовы навучаньня ў садках;
  • стварыць блянкі на беларускай мове;
  • сфармаваць асобную чаргу для бацькоў, якія хочуць беларускамоўнай дашкольнай адукацыі для сваіх дзяцей;
  • разьмяркоўваць дзяцей з асобнай чаргі разам;
  • увесьці і замацаваць законамі паняцьце «група зь беларускай мовай навучаньня»;
  • увесьці патрабаваньні па валоданьні беларускай мовай да пэдагагічных работнікаў;
  • укамплектаваць садкі настаўнікамі музыкі і фізкультуры, якія б валодалі беларускай мовай;
  • спыніць штогадовую ратацыю групаў зь беларускай мовай;
  • стварыць у кожным раёне Менску прынамсі адзін цалкам беларускамоўны садок;
  • стварыць рознаўзроставыя групы навучаньня.

Пэтыцыя на сайце petitions.by >>