21 лютага, у Дзень роднай мовы, а 17:30 ў офісе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны пройдзе Агульнанацыянальная дыктоўка. Правядзе яе намесьніца старшыні ТБМ, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Таксама дыктоўка пройдзе ў іншых гарадах Беларусі.
«Мы зьвяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама прыхільнікаў беларушчыны за мяжой з просьбай выказаць у гэты дзень сваю падтрымку жывому беларускаму слову.
Давайце ў гэты дзень публічна праявім сваё шанаваньне да старажытнай, тысячагадовай беларускай мовы, дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага, мовы трох Статутаў ВКЛ, мовы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзімера Караткевіча, Васіля Быкава», — гаворыцца ў апублікаваным на сайце ТБМ звароце.
Агульнанацыянальная дыктоўка сёлета адбудзецца дзясяты раз і будзе прысьвечаная творчасьці Францішка Скарыны, Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Такі выбар тлумачыцца тым, што сёлета адзначаецца 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня, а таксама 100-годзьдзе з нараджэньня Брыля і Панчанкі.
Блянк для напісаньня, а таксама тэксты твораў, выбраных для Агульнанацыянальнай дыктоўкі-2017, можна спампаваць тут.