Двое на пікеце: хто ў Акцябрску зьбірае подпісы за Лябедзьку

Алена Луцковіч і Юры Юкоўскі гутараць зь юнакамі

Юры Юкоўскі і Алена Луцковіч зладзілі ў райцэнтры Акцябрскі дзіва-дзіўнае — апазыцыйны пікет пад сьцягам АГП з выявай чырвонага каня. Наш рэпартаж пра тое, хто і як зьбірае подпісы за не-Лукашэнку ў колішняй Рудабелцы.

Так мы працягваем цыкль «Хто яны, рудабельцы?», які распачалі 28 ліпеня аповедам пра мясцовага праўдаруба пад назвай «Андрэй Павук як Крапіва нашага часу».

Нашы новыя героі зь легендарных мясьцінаў — тутэйшыя «апазыцыянэры», сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Юкоўскі і Алена Луцковіч.

Пад сьцягам чырвонага каня

За складным столікам з партрэтам вылучэнца і падпіснымі аркушамі звычайна двое: прывабная маладая жанчына невысокага росту, з удумлівым паглядам, і пяцідзесяцігадовы мужчына з загарэлым тварам, сетачкай дробных маршчын ля вачэй і моцнымі рукамі. Гэтыя двое і ёсьць Алена Луцковіч і Юры Юкоўскі, сябры АГП — апазыцыйнай палітычнай партыі, здаецца, адзінай зь дзясятка ў Беларусі, якая мае ў Рудабелцы сваіх прадстаўнікоў.

Рудабелец у гадах падпірае сваім роварам вулічны каштан, углядаецца ў радкі біяграфіі й сямейныя фотаздымкі вылучэнца на раскладной падстаўцы і лезе ў кішэню па цыгарэты. Доўга валтузіць цыгарэту губамі, дастае запалкі, але ўсе ня чыркае — чытае два невялічкія, на паўстаронкі, слупкі тэксту. А прачытаўшы, заводзіць са зборшчыкамі гамонку пра выбарчыя бюлетэні і фальсыфікацыю:

«На выбарчым бюлетэні якая пячатка павінна стаяць? Цэнтравыбаркаму ці раённая? Абавязкова павінна быць пячатка Цэнтральнай выбарчай камісіі на выбарчым бюлетэні, бо могуць папросту сфальшаваць».

І раіць рудабелец Юкоўскаму і Луцковіч, відаць, не ўяўляючы добра, хто й як фармуе выбарчыя камісіі, тое, чаго апазыцыя безвынікова дамагаецца ад уладаў многія гады:

«На кожным выбарчым участку ад групы Лябедзькі павінен быць чалавек у выбарчай камісіі».

Думка выбарца цалкам зразумелая: калі ёсьць кандыдат на прэзыдэнта, то ў кожнай выбарчай камісіі павінен быць і сябра ад яго.

Пяты тэрмін прэзыдэнцтва ня ўсе ўхваляюць

Юры Юкоўскі прыгадвае, што за дні збору подпісаў наслухаўся ад землякоў багата такіх парадаў — і пра склад камісіяў, і пра назіральнікаў, і пра пяты тэрмін прэзыдэнцтва, які далёка ня ўсе ўхваляюць. Пікет у ціхай Рудабелцы — нейкая такая своеасаблівая аддушына, каб адкрыта выказацца пра тое, што часамі вярэдзіць душу тутэйшага палешука.

Юры Юркоўскі

Юкоўскі: «Людзі не прывыклі да пікетаў, яны ніколі такога ня бачылі, паколькі яны забараняюцца. Толькі падчас прэзыдэнцкіх выбараў ёсьць легальная магчымасьць ставіць пікеты. Гэта магутны сродак камунікацыі, асабліва ў нашым райцэнтры. Калі тэлевізія, радыё, афіцыйныя газэты гавораць пра адно й тое ж, паказваюць толькі дзейнага прэзыдэнта, у людзей складаецца ілюзія, што й кіраваць больш няма каму. Таму й лічу, што пікеты — магутны сродак камунікацыі з насельніцтвам. Гэта альтэрнатыўны пункт гледжаньня на сытуацыю ў краіне, з альтэрнатыўнай праграмай».

Рудабельскі актывіст прызнаецца, што пабойваўся нейкага агрэсіўнага стаўленьня людзей да апазыцыйных прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў краіне, бо нярэдка ў іх бок з высокіх трыбун раздаюцца абразьлівыя характарыстыкі — яны і «адмарозкі», і «пятая калёна». Боязь аказалася перабольшанаю — у цэлым мясцовыя жыхары ляяльна ставяцца да апазыцыйнага пікету.

Здаралася, што рудабельцы й не падпісваліся, бо на іхнім прадпрыемстве дырэкцыя забараняе гэта рабіць

«Здаралася, — кажа актывіст, — што рудабельцы й не падпісваліся. Спасылаліся на тое, што на іхнім прадпрыемстве дырэкцыя забараняе гэта рабіць — ставіць подпіс за любога вылучэнца, акрамя дзейнага прэзыдэнта. Такія распараджэньні да нас даходзілі. Спрацоўвае інстынктыўны страх перад уладаю. Людзі баяцца, што подпіс стане публічным, і за гэта іх могуць пазбавіць працы ці на каго з родных націснуць. Страціў працу, застаўся без кавалка хлеба, а потым плаці яшчэ 20 базавых за тое, што беспрацоўны — дзяржаве плаці, бо яна табе працы не дае. Гэта ж нікуды ня варта. Вядома, часам людзі падыходзяць самі, без запрашэньня, і падпісваюцца: хто заўгодна, толькі не Лукашэнка. Ну, і ёсьць такі пункт гледжаньня: а што ні рабіце, усё бессэнсоўна. І такія погляды ёсьць».

Ленін-прэзыдэнт

Юкоўскі ўступіў у шэрагі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў разьняволеныя 90-я гады цяпер ужо мінулага стагодзьдзя. На той час Юры пасьпеў скончыць Беларускую сельгасакадэмію, стаць інжынэрам-мэханікам, папрацаваць па разьмеркаваньні на Далёкім Усходзе і вярнуцца да бацькоў у родныя Ламавічы — вёску паблізу Акцябрскага.

«У адну з паездак у сталіцу, — згадвае актывіст, — я вычытаў, дзе знаходзіцца офіс партыі, знайшоў яго, як памятаю, на вуліцы Судмаліса. Першым, хто адчыніў дзьверы, быў, мусіць, Аляксандар Дабравольскі — падаўся вельмі высокім хлопцам. Там і Станіслаў Багданкевіч быў, яго запомніў. Я пацікавіўся, як уступіць у партыю. Мне прапанавалі напісаць заяву, патлумачылі, што ў Гомелі ёсьць суполка, якую ачольвае іхні добры партыец Уладзімер Кацора. Так я прыйшоў у палітыку».

Зрэшты, не бяз гумару згадвае Юкоўскі, палітыкай ён стаў цікавіцца ці ня зь першай клясы, бо чытаў газэты «Правда» ды «Известия», якіх усюды хапала:

«Настаўніца задае пытаньне: „Хто такі Ленін?“ Я ўстаю й кажу: „Гэта — прэзыдэнт“. Кляса і настаўніца пападалі са сьмеху. Настаўніца пасьля тлумачыць: „Гэта не прэзыдэнт, а правадыр рабочых і сялянаў“. Адкуль я тое слова ўзяў у тыя гады, ня ведаю. Пяшком пад стол хадзіў, а газэты „Правда“ ды „Известия“ чытаў».

У райцэнтры пасьля вяртаньня з Далёкага Ўсходу Юкоўскі нейкі час вучыў школьнікаў аўтатрактарнай справе ў вытворчым камбінаце, потым уладкаваўся інжынэрам у сельгасхімію. Завочна скончыў Белдзяржунівэрсытэт па спэцыяльнасьці «правазнаўства» і стаў у сваёй сельгасхіміі яшчэ й юрысконсультам.

Няўрымсьлівы характар не дазваляў Юрыю сядзець на месцы — падаўся на курсы антыкрызісных кіраўнікоў. І неўзабаве атрымаў накіраваньне такім кіраўніком на Даманавіцкі гароднінасушыльны завод, што ў суседнім Калінкавіцкім раёне. Зразумела, на пэўны тэрмін. А калі «антыкрызісная кадэнцыя» скончылася, у былой сельгасхіміі ранейшай працы для сябра АГП не аказалася, хоць паводле закону мусіла быць.

Доўгачаканы подпіс

Нейкі час Юры быў нават беспрацоўным, пакуль не знайшоў занятак у адной кампаніі, якая гандлявала аўтазапчасткамі. Цяпер у Юкоўскага свая крама, свая справа — у той жа сфэры гандлю запчасткамі для аўтамабіляў, трактароў і сельгасмашын. Ну й, вядома ж, абавязкі перад Аб’яднанай грамадзянскай партыяй.

«Мне прыемна быць, удзельнічаць, — кажа Юры. — А калі яшчэ супраць нешта кажуць — што ты, чаго ты? — мяне гэта падбадзёрвае. Канечне, тэхналягічна працаваць тут складана, бо правінцыя ёсьць правінцыя — тут людзей менш, людзі мала цікавяцца палітыкай, яны больш кансэрватыўныя».

Аднак пры гэтым, адзначае актывіст, землякі не прамінуць задаць сакрамэнтальнае пытаньне: «А што мы атрымаем, калі, напрыклад, ваш кандыдат здабудзе перамогу на выбарах?» Адказваю: па-першае, атрымаем надзею. Апрача таго, ніхто з вас ніколі больш ня будзе баяцца паставіць подпіс за нейкага іншага кандыдата. Ніхто з вас ня будзе баяцца свой пункт гледжаньня выказаць адкрыта і ніхто вас за гэта ня будзе перасьледаваць. Ёсьць іншае жыцьцё, і гэтае жыцьцё залежыць ад нас, ад палітычнага ладу ў краіне«.

«Я ўмею варыць боршч»

Алена Луцковіч у АГП параўнальна нядаўна. Кажа, што прыйшла ў партыю, калі пабачыла фільмы «Звычайны прэзыдэнт» і «Плошча».

Заяву пэнсіянэркі Лідзіі Ярмошынай наконт месца жанчыны на кухні пры баршчы Алена ўспрымае скептычна, бо сама Ярмошына ўсё яшчэ ходзіць у Цэнтравыбаркам.

Алена Луцковіч

Луцковіч: «Я ўмею варыць боршч. І што, дзяўчына ці жанчына ўжо не чалавек і палітыкай не павінна цікавіцца? Шмат на гэта прычынаў, у тым ліку й пачуцьцё справядлівасьці. Таго, што робіцца ў нашай краіне, нельга дапускаць. Так не павінна быць, зь людзьмі так не павінны паступаць. У мяне ў сям’і заўсёды цікавіліся палітыкай, чыталі незалежную прэсу і не галасавалі за Лукашэнку».

Сям’я Луцковічаў пераехала ў Акцябрскі з Чачэрску пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ціхая Рудабелка стала прыстанішчам для многіх людзей з рэгіёну, якіх сагнала з родных мясьцінаў атамная катастрофа.

Алена скончыла ў Гомелі гандлёва-эканамічны ўнівэрсытэт, доўгі час працавала бухгальтэрам у спажывецкай каапэрацыі. Але пасьля адной з заявак на пікет у абарону палітзьняволеных, якога, дарэчы, райвыканкам не дазволіў, да маладой спэцыялісткі сталі прад’яўляць прэтэнзіі, што называецца, з нагоды і без нагоды:

«Там была доўгая гісторыя. Я спачатку не разумела нават, што адбываецца. Потым мне расказалі, што прыяжджалі зь Сьветлагорскага КДБ, выклікалі нашых начальнікаў „на дыван“. Мне зладзілі такі псыхалягічны ціск — тыдні два гэта цягнулася. А потым непасрэдная начальніца выклікала да сябе ў кабінэт і заявіла: „Альбо мы прымусім цябе спыніцца, альбо звольнім“. Правераны спосаб: выціскаць, звальняць з працы, ізаляваць ад кола камунікацыі і наагул ставіць на грань выжываньня».

З райпа Алене прыйшлося сысьці. Яна ўладкавалася бухгальтарам да прыватніка, але калі на мінулых мясцовых выбарах вылучылася кандыдатам у дэпутаты ад АГП, зноў пачаліся праблемы. Каб не падстаўляць працадаўцу, зь якім былі добрыя стасункі, жанчына звольнілася сама — і ўжо другі год бяз працы.

Хоць раз за многія гады пабачылі не аднаго вусатага, але яшчэ й іншага вусатага дзядзьку

Цяпер зьбірае подпісы:

«Гэта мой першы досьвед збору подпісаў. Я таксама думала, што будзе нейкая агрэсія, нэгатыўныя ацэнкі. І наагул, што людзі будуць абмінаць пікет ці непрыемна выказвацца на наш адрас. Аказалася, што ім цікава. Яны хоць раз за многія гады пабачылі не аднаго вусатага, але яшчэ й іншага вусатага дзядзьку. Некаторым так і кажам. І калі падыходзіць, напрыклад, бабуля і цікавіцца: „А хто гэта такі?“, кажу такой: „Паглядзіце — Анатоль Лябедзька“. Тады яна: „А я толькі за Лукашэнку“. Пытаюся: „А чаго так? Паглядзіце — наш малады, прыгожы. І таксама з вусамі“».

Па найдаўжэйшай вуліцы Рудабелкі з тыповаю назваю «Савецкая» зрэдку праходзяць мінакі, праяжджаюць раварысты. Хтосьці падрульвае да ўнівэрмагу на ўжыванай іншамарцы. Ня ўсе, але многія спыняюцца ля пікету.

Рудабельская кабета Надзея, якая толькі што паставіла подпіс за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта Анатоля Лябедзькі, жадае пераменаў, бо жыцьцё, на яе думку, стабільна мяняецца, але ня ў лепшы бок. Апошнім часам гэта асабліва заўважна:

«Заробак не падвышаюць — зьніжаюць, а кошты падвышаюць. А жыць як? У мужа майго была група інваліднасьці — усяго год пабыў інвалідам, а потым зьнялі. А цукровы дыябэт як быў, так і застаўся. Інсулін як калоў сабе, так і коле. Справядлівасьці ніякай няма. Лукашэнка распарадзіўся, каб групу інваліднасьці не давалі хворым на цукровы дыябэт».

Сярэдні набытак Алены і Юрыя — 10–15 рудабельскіх подпісаў за дзень. У «нярыбны» дзень падпісалася 7 чалавек. На пікетах падпісваюцца няшмат, бо ня кожны тутэйшы носіць з сабою пашпарт. Таму Алена і Юры неўзабаве пойдуць па хатах — зьбіраць подпісы ад дзьвярэй да дзьвярэй. Да 21 жніўня — апошняга дазволенага дня збору подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты — яшчэ ёсьць пару тыдняў.