Кандыдат на пасаду старшыні Руху «За свабоду» Алесь Лагвінец выступіў з прапановай увесьці сустаршынства ў арганізацыі, каб цалкам выключыць магчымасьць расколу.
Лагвінец адзначыў, што цяпер у руху «За свабоду» адбываецца дыскусія, якая «збольшага праходзіць у цывілізаваных рамках». Але ў некаторых сябраў руху ёсьць асьцярогі наконт будучыні арганізацыі:
«Рух – гэта каштоўнасьць для нас усіх. Усё ж такі ёсьць розныя размовы пра тое, што ён можа разваліцца. Каб пазьбегнуць пагрозы развалу (у якую я, дарэчы, ня веру), каб паспрабаваць будаваць тое, дзеля чаго шмат хто з нас стаяў на Плошчы, я прапаноўваю, каб мы ўнесьлі зьмены ў статут. Я прапаноўваю, каб на пераходны пэрыяд цягам двух гадоў мы ўвялі сустаршынства, дзе Юрась Губарэвіч і я зьяўляемся сустаршынямі», – заявіў Алесь Лагвінец на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.
Лагвінец пры гэтым папярэдзіў, што ягоная прапанова не азначае, што ён здымае сваю кандыдатуру з выбараў старшыні руху «За свабоду».
Юрась Губарэвіч у камэнтары Свабодзе заявіў, што ня бачыць падставаў падтрымаць прапанову Лагвінца аб сустаршынстве:
«Я лічу, што гэта слабая прапанова перадусім для самой арганізацыі. Яна ня дасьць карысьці руху, бо так ці інакш будзе прадаўжацца перацягваньне канату. На сёньняшні дзень мы абодва заявілі пра свой намер выйграць, і ня бачу сэнсу, чаму нехта павінен саступаць. Тым больш што і Алесь, і я адназначна заяўлялі, што будзем заставацца ў руху. Я веру, што кожны стрымае свае словы і ніякага расколу можна не баяцца», – кажа Губарэвіч.
Выбары старшыні руху «За свабоду» адбудуцца на справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі арганізацыі, якая адбудзецца 16 кастрычніка ў Менску.