Як дурань дзьверы (цягаць, насіць):
- ‘(рабіць нешта) бессэнсоўна, недарэчна’
- ‘(рабіць нешта) зь вялікімі і марнымі фізычнымі намаганьнямі’
- ‘мець недарэчны клопат’
У Караткевічавай драме „Маці Ўрагану“ Лаўрэн адрасуе выраз стараннаму Кáту:
Кат. (зь верху сходаў, што вядуць у сутарэньне) Ды канчайце. Усю душу на шматкі падзерлі.
Лаўрэн. Гэта ты нас… На шматкі. Дзёгаць ты чорны, шыя твая як халява. Толькі цягаеш людзей, як дурань дзьверы. Узрадаваўся.
Кат. Вялікая гэта мне, думаеш, радасьць? Загад. Ня зробіш — са ўсіх маіх скуры злупяць... Вы ўжо не таіце злога, хлопцы.
Склаўся выраз, як лічыў Фёдар Янкоўскі, на аснове показкі:
Старэйшыя браты сказалі Івану-прасьцяку, каб той прынёс ім на поле полудзень ды не забыўся замкнуць дзьверы. Але Іван ня мог знайсці замка, таму зьняў дзьверы з завесаў і панёс да братоў: калі дзьверы ў яго, то ніхто ж ня зможа зайсьці ў хату! (Сюжэт запісаны ў Пустасельлі Докшыцкага р-ну).
Сынонімы: (насіць, цягаць) як дурань ступу; клясычны агульнаэўрапейскі — сызыфава праца.
Падобны выраз можа мець крыху іншую сэмантыку: насіцца як дурань / дурны зь дзьвярыма ‘неадэкватна перабольшваць значэньне нечага’.
Сынонімы: (насіцца) як дурань са ступаю; як дурань з маляванай торбай, як чорт з бубнам, як кот са здохлай мышшу, як са скулянкаю (= скулаю, нарывам).
Ужываецца выраз і ў максымальна скарочаным выглядзе — пра ня дужа разумнага, але надта актыўнага чалавека:
Маўчы ты, дурань дзьверы! (Крычаўскі раён, запісаў Ф. Янкоўскі)
Шукайма беларускія фразэмы тут:
Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне. — Менск, 1968.
Зьміцер Санько. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск, 1991.
Ян Станкевіч (пры ўчасьці Антона Адамовіча). Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / 3-е выданьне. — Менск, 1992.
Іван Лепешаў. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2-х т. — Менск, 1993.
Мікола Даніловіч. Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны. — Горадня, 2000.
Е. Боярина, В. Сивчиков. 2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний. — Минск, 2006.
Вольга Ляшчынская. Сучасная беларуская мова: фразеалогія. — Менск, 2010.