Гугальтрансьлейт адвучае нас ад слова „думка“. Мо беларусы і ня хочуць яе мець? Слова „думка“ выціскаецца „меркаваньнем“. Але гэта розныя зьявы! Меркаваньне — калі разважаюць, прымяраюць. А думка — цьвёрдая пазыцыя. Маем права на ўласную думку і таму кажам: выказаць думку; на маю думку; грамадзкая думка. ВІДЭАКАРАЦЕЛЬКА:
Сьцісла:
- Няправільна казаць: „абмен меркаваньнямі“, „грамадзкае меркаваньне“. Тут мае быць слова „думка“: абмен думкамі, грамадзкая думка.
- Беларускае меркаваць значыць ‘абдумваць’, ‘разьлічваць’. Меркаваньне — найперш працэс абдумваньня.
- Ад таго ж кораня культавае слова памяркоўнасьць, якое азначае разважлівасьць.
- Памылка ідзе ад мэханічнага перакладу расейскага слова мнение беларускім меркаваньнем. Хоць у большасьці значэньняў і кантэкстаў расейскае слова мнение адпавядае беларускім думка і погляд.
- Прыклад. Суд у дэмакратычнай дзяржаве спачатку доўга мяркуе: узважвае, мерае, адмярае. І толькі потым выносіць прысуд. А ў несвабоднай дзяржаве суду не даюць самому памеркаваць, а „даносяць“ яму гатовую думку начальства.
На вачох беларускае слова думка выціскаецца іншым — меркаваньнем. Словы ж абодва важныя: яны пра ўменьне разважаць і пра здольнасьць мець уласную думку.
Якіх толькі выразаў цяпер не пачуеш — і „выказаць меркаваньне“, і „абмяняцца меркаваньнямі“, і „асобнае“, і нават „грамадзкае меркаваньне“. Ці правільна так казаць?
Нашыя продкі наўрад ці зразумелі б іх. Гэта копіі (калькі) з выразаў расейскіх: высказать мнение, обмен мнениями, общественное мнение. Расейскае мнение ўсьлед за гуглем многія татальна і сьлепа перадаюць па-беларуску як меркаваньне.
Мяркуюць доўга, загінаючы пальцы ды ўзважваючы
Беларускае слова меркаваць традыцыйна азначае ‘абдумваць’, ‘прыкідваць у галаве’, ‘рыхтавацца’, ‘разьлічваць’ (таксама і практычна — лічачы грошы, напрыклад), ‘камбінаваць’. Меркаваць часам тлумачаць па-расейску і як ‘соображаться со средствами’. Гэтыя значэньні — і ў беларускіх народных гаворках, і ў слоўніках (Насовіча 1870 году, братоў Гарэцкіх, культавым расейска-беларускім слоўніку Некрашэвіча ды Байкова 1928 году, слоўніку Яна Станкевіча).
Меркаваць — адзін з шматлікіх старых германізмаў у нашай мове (поруч з цэглай, дахам, гандлем, кірмашом...). Ад новаверхненямецкага merken ‘пазначаць, разумець, запамінаць’ (таго ж кораня, што і Marke). У нас яно паступова зьвязалася сэнсамі з сваімі словамі мераць, мерка.
А меркаваньне — гэта калі мяркуюць. Яшчэ меркаваньне, кажа нам Іван Насовіч, па-расейску азначае ‘рассчитывание, расчёт’.
І нашыя клясыкі ХІХ і ХХ стагодзьдзяў слова меркаваць ужывалі як ‘разважаць, прымяраць, плянаваць’. Мяркуе герой Багушэвіча ў паэме „Быў у чысцы“:
Ня каб залiўшы заўсiм ужо вочы,
але так у меру падвыпiўшы туга;
iду i мяркую: цi то цяпер шчасьце,
як паноў ня стала , цi то была доля?
I лiчу на пальцах: паншчызны дванасьце
а гадоў да трыццаць, як настала воля ...
Выразны прыклад у „Любе Лук’янскай“ Кузьмы Чорнага:
Ён [Шпулькевіч] разьвітаўся са Стафанковічам і пайшоў дадому, вырашаючы ў сваёй галаве нейкія пляны і меркаваньні. Адразу ён не адважыўся ісьці да Сашкі, відаць, тут быў нейкі рызыкоўны ход. Ён усё меркаваў.
Памяркоўныя
Ад кораня мерк-аваць паходзіць славутае слова памяркоўнасьць, якім любяць апісваць нацыянальны характар беларусаў. І часам — сьвядома ці несьвядома — няправільна тлумачаць яго значэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што папраўдзе значыць слова „памяркоўны“?Вось жа памяркоўны — не прыгнечаны, не занадта рахманы і цярплівы, не пакорлівы злу. А разважлівы. Можа хіба крыху запаволены. Памяркоўны — гэта і той, зь якім можна згаварыцца, г. зн. ‘дагавораздольны’, зусім станоўчая і карысная якасьць чалавека заходняй цывілізацыі. А яшчэ памеркавацца можа азначаць ‘падзяліцца з кімсьці’, а нават ‘паладзіць, памірыцца’:
Пярастаньце сварыцца! Ніяк не памяркуюцца. Бо вазьму дубца, то памяркую вас. (Запісаў Фёдар Янкоўскі на Глушчыне).
Есть мнение. Русское
Слова мнение ў расейскай мове азначае: ‘1. Взгляд на что-н., суждение о чем-н., выраженное в словах… 2. Оценка, …суждение о ценности чего-н.’ (слоўнік Ушакова). Ад ‘развагаў’ і ‘прыкідак’ — ад беларускага меркаваньня — такія значэньні даволі далёка.
Беларускія слоўнікі клясычнае пары расейскае „мнение“ перакладаюць словамі думка, погляд (Некрашэвіч і Байкоў яшчэ даюць „зданьне“, але яно, магчыма, успрымалася як палянізм і шырока не пайшло). Дый паваенныя афіцыйныя расейска-беларускія слоўнікі найперш супастаўляюць „мнению“ таксама думку і погляд.
Ёсьць думка. Беларуская
Вось жа сфармуляваная пазыцыя з ацэнкай нечага („мнение“) і ёсьць па-беларуску думка ! (Можна сказаць і погляд, і часам пазыцыя.)
У мностве ўстойлівых выразаў расейскае мнение рэгулярна адпавядае беларускай думцы, часам — погляду.
рас. МНЕНИЕ — бел. ДУМКА:
личное мнение — асабістая (або прыватная) думка, асабісты погляд
общественное мнение — грамадзкая думка
общее мнение — агульная думка, агульны погляд
по моему мнению — на маю думку, як на мяне
Запомнілася, як сьв. п. Віктар Івашкевіч, гаворачы з іншаземнымі журналістамі па-расейску, спатыкаўся на апошнім выразе і ўрэшце казаў „на мою мысль“ ;-) — калькаваў беларускую канструкцыю.
Часам расейскае мнение і не вымагае эквіваленту. Выразу „иметь о себе высокое мнение“ адпавядае беларускі высока несьцiся.
Пераклад выразу лидеры мнений як „лідэры меркаваньняў“ асабліва двухсэнсоўны. Бо працэс меркаваньня-вымяркоўваньня можа адбывацца нават за бяседным сталом — а там лідэрства можа захапіць і зусім нечаканы пэрсанаж ) Правільна казаць лідэры думак.
Лягічна паслухаць рымлян (адступленьне для цікаўных)
Беларускае меркаваньне пачалі памылкова атаесамляць з расейскім мнением раней за зьяўленьне гугля і яго трансьлейта. Відаць, не заўважыўшы нюансаў. Паспрабую патлумачыць, як гэта адбылося.
Расейскаму „мнению“ цяперашнія акадэмічныя слоўнікі ўсё ж супастаўляюць беларускае меркаваньне, калі „мнение“ = ‘суждение’. Аднак у расейскай мове тое „суждение“ ў сваю чаргу мае некалькі значэньняў, напр. працэс —„судить(-рядить)“. Сапраўды можна зблізіць зь меркаваць; толькі ў падобным значэньні і адпаведным кантэксьце магчыма супастаўляць расейскае мнение зь беларускім меркаваньнем.
Важная заўвага. Ёсьць тэрмін фармальнай лёгікі, які па-расейску „суждение“, а па-лацінску iudicium — калі сьцьвярджаюць (праўдзіва ці не) штосьці аб прадметах, зьявах, іхных дачыненьнях паводле формулы „суб’ект — прэдыкат“. Уваходзіць у трыяду формаў абстрактнага мысьленьня (лац. — ням. — анг. — рас.): conceptus, iudicium, conclusio = Konzept, Urteil, Schlussfolgerung = concept, judgement, conclusion = понятие, суждение, умозаключение.
Дык вось тое iudicium / суждение няможна перакладаць „меркаваньнем“. Традыцыйна, у штодзённай мове, па-беларуску адпаведная формула выказваньня завецца менавіта „суд“: оставляю на ваше суждение = здаюся на ваш суд; Па твайму суду гэта так, а па-мойму інак (Насовіч). Дарэчы, лацінскае iudicium таксама можа азначаць і суд, дзе судзьдзя судзіць.
Але акурат каб унікнуць у беларускай мове аманіміі з судом як інстытуцыяй, укладальнікі нашай тэрміналёгіі ў 1920-я гады прапанавалі тэрмін лёгікі суджэньне. Трыяда выглядае па-беларуску так:
паняцьце, суджэньне, выснова
Фэміда павінна меркаваць, а не трапятаць
Суд (тут ужо як інстытуцыя) у дэмакратычнай дзяржаве, перш чым вынесьці ацэнку ўчынкам, спачатку мяркуе: не сьпяшаючыся ўзважвае (таму ў Фэмідзінай руцэ вагі!), мерае, адмярае. І тады ўжо мае думку.
А ў несвабодных краінах суду не даюць самому памеркаваць, а „даносяць“ яму гатовую думку начальства праз тэлефон. Кажуць: „Ёсьць думка!“ Тэлефоннае права, ад якога Фэміда трасецца як ад ветру.