Сьцісла:
- Беларуская Майстроўня (1980–1984) вярнула на вуліцы Менску жывыя беларускія народныя сьвяты і беларускую мову.
- У горадзе даўно не было беларускіх школаў. Віктар Івашкевіч прапанаваў ісьці да людзей, каб разам дамагацца беларускае адукацыі для іхных дзяцей.
- У выніку ў менскім раёне Сьляпянцы было сабрана каля тысячы подпісаў. Збор спынілі спэцслужбы.
- Але ўлады былі змушаныя зважаць на настроі людзей і абвясьцілі набор у беларускія клясы ў 108-й школе. Гэта быў пачатак вяртаньня беларускае мовы ў гарадзкія школы.
Калі Віктар Івашкевіч (1959–2013) прыйшоў у Беларускую Майстроўню — „нефармальнае“ згуртаваньне маладых беларускіх патрыётаў, створанае ў пачатку 1980-х, ён запатрабаваў ня толькі сьпеваў і адраджэньня беларускіх сьвятаў на менскіх вуліцах. Спаслаўся на досьвед незалежнікаў у міжваеннай Заходняй Беларусі, чыё Таварыства беларускай школы было магутным чыньнікам барацьбы за нацыянальную тоеснасьць:
„...Давайце створым Таварыства беларускай школы і пойдзем у народ зьбіраць подпісы за навучаньне на беларускай мове. Да маёй ідэйкі спачатку паставіліся крытычна. І Сокалаў-Воюш кажа: ты выйшаў з ідэяй, дык ідзі і паспрабуй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя аднаго цуду: Як Віктар Івашкевіч прыйшоў у палітыкуЯ ўзяў сшытачак школьны, разьлінаваў, зрабіў тэкст: патрабуем, каб беларускіх школаў было гэтулькі, колькі беларусаў паводле перапісу, гэта значыць 76%. І пайшоў на вуліцу Сталетава, там высокі дом, і пачаў абыходзіць кватэру за кватэрай. [Пісьменьнік] Васіль Сёмуха адчыніў дзьверы, а я ня ведаў, хто гэта, і кажу: вось Таварыства беларускай школы пры Майстроўні праводзіць збор подпісаў. І Васіль Сёмуха сказаў: о, няўжо Майстроўня ў народ пайшла?
Атрымалася, што працэнтаў 80 падпісалі. Кажу: я правёў экспэрымэнт, апытаў сто кватэраў, эфэкт татальнай падтрымкі, давайце ўсе разам. І тады было вырашана стварыць пры Майстроўні аб’яднаньне ТБШ. Гэта 1983 год“.
(з кнігі С. Дубаўца „Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду“)
Паход па школу падрыхтавалі. Разьмеркавалі дамы ў менскім раёне Сьляпянцы (усходняя частка гораду, за Батанічным садам). Я аддрукаваў на машынцы на „папяроснай паперы“ (прабіваецца праз капірку да 10 асобнікаў!) блянкі з падстрахоўкай — спасылкай на савецкую канстытуцыю, дзе сказана пра „магчымасьць навучаньня ў школе на роднай мове“.
І нечакана нават для сябе майстроўцы-ТБШоўцы сабралі больш за тысячу подпісаў за беларускую школу або беларускі садок звычайных жыхароў звычайнага менскага мікрараёну Сьляпянкі — рабочых, інжынераў, хатніх гаспадыняў. Адмоўныя адказы калі і былі, то ад савецкіх чыноўнікаў і так званых „прафэсійных беларусаў“, пра што Сяржук Сокалаў-Воюш напісаў песьню — драматычны абразок з натуры:
— Добры дзень у хату! Мы да Вас са школы.
Просім прабачэньня, як прыйшлі ня ў час...
Ах, якія ж дзеткі ў Вас — чыстыя анёлы!
Можа б Вы іх аддалі ў беларускі клас?
— Вот яшчо прыдумалі! Мы не панімаем
І рабёнка порціць вам не аддадзім.
Мы ж яму навекі жызьнь эцім паламаем,
Мы ж такіх прапяцьсьцьвіеў тут нагарадзім...
— Значыт, намякаеце на маю зарплату?
Толька зра стараецесь: ўсё ў мене акей.
Тут у нас ня Грузія, не Літва, рыбяты,
Не прайці паліціке тут у нас такей!
Урэшце міліцыя і спэцслужбы пасьля званкоў „неабыякавых людзей“ пачалі затрымліваць майстроўцаў падчас апытаньня. Аднак подпісы былі ўжо сабраныя, іх перадалі ў газэту «Літаратура і Мастацтва», якая акурат пачала была дыскусію пра лёс беларускае мовы. Улада, нават камуністычная, мусіла зважаць на так яўна выказаныя настроі людзей.
У выніку ўлады пайшлі на стварэньне першай за шмат гадоў у Менску беларускай школы — № 108 на вуліцы Сталетава. Майстроўцы нават спрабавалі „шэфстваваць“, як тады казалі, над ёй, нават насуперак волі дырэктаркі: ладзілі Каляды і вандроўкі для дзяцей, дапамагалі настаўнікам пачатковай школы матэрыяламі па-беларуску. Гэта і быў пачатак вялікай хвалі адраджэньня адукацыі па-беларуску ў сталіцы і наагул беларускае мовы, якая працягвалася да 1995 году, да сумнавядомага „рэфэрэндуму“ пра вяртаньне дзяржаўнасьці расейскай мове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таварыства беларускай школы зьліквідавалі на ягонае 100-годзьдзеТак Таварыства беларускай школы, забароненае польскай уладай у 1936 годзе, адрадзілі канкрэтнаю справаю у 1983-м, у застойна-камуністычнай БССР, маладыя сьведамыя беларусы — зь відавочнаю народнаю падтрымкаю. А ў 1996-м было другое, ужо інстытуцыянальнае, адраджэньне ТБШ як агульнанацыянальнай арганізацыі. У 2021 годзе Таварыства зьліквідавалі ўлады Рэспублікі Беларусі — прычым сымбалічна, выбраўшы для гэтага дату 17 верасьня.