У першым пасланьні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Кангрэсу «Пра становішча краіны» ён гаварыў пераважна пра ўнутраныя праблемы ЗША, у прыватнасьці пра зьмены ў іміграцыйнай палітыцы.
«Нягледзячы на трагедыі, што спасьціглі нас летась, ад стыхійных бедзтваў да масавых забойстваў, учыненых маньякамі, сьвет зноў пераканаўся ў тым, што на Зямлі няма народу больш бясстрашнага, ініцыятыўнага і рашучага, чым амэрыканцы... Разам мы працягваем будаваць бясьпечную, моцную і гордую Амэрыку».
У той жа час «нежаданьне папярэдніх адміністрацый забясьпечваць кантроль над межамі прывяло да зьяўленьня ў нашай краіне крымінальных бандаў незаконных мігрантаў і забойства ні ў чым не вінаватых грамадзянаў», — сказаў Трамп.
Заявы прэзыдэнта ЗША, датычныя іміграцыі, выклікалі няўхвальныя воклічы дэмакратаў.
У эканоміцы Трамп адзначыў посьпехі сваёй адміністрацыі, найперш рэформу падатковага кодэксу.
«Упэўненасьць малога бізнэсу ў пэрспэктывах разьвіцьця эканомікі дасягнула беспрэцэдэнтнай вышыні. Біржа бʼе адзін рэкорд за другім, і яе капіталізацыя за мінулы пэрыяд вырасла на 8 трыльёнаў даляраў».
Падчас паўтарагадзіннага выступу прэзыдэнт прасіў Кангрэс ухваліць асыгнаваньні 1,5 трыльёна даляраў на мадэрнізацыю абʼектаў інфраструктуры.
Паводле яго, «хмарачос Empire State у Нью-Ёрку быў збудаваны ў першай палове мінулага стагодзьдзя за адзін год. Ці ня ганьба, што ў наш час 10 гадоў ідзе на тое, каб атрымаць дазвол на будаўніцтва дарогі?»
У частцы дакладу, прысьвечанай замежнай і абароннай палітыцы, Трамп нагадаў пра адмену рашэньня Барака Абамы закрыць турму Гуантанама на Кубе, дзе ўтрымліваюцца асабліва небясьпечныя тэрарысты. Ён таксама выказаўся за тое, каб вывесьці з-пад бюджэтнага сэквэстру асыгнаваньні на абарону. У палітыцы ў дачыненьні Паўночнай Карэі «акцэнт робіцца на максымальны ціск», адзначыў прэзыдэнт ЗША.
Пра Расею і Кітай Трамп сказаў, што абедзьве краіны — саперніцы Амэрыкі, «якія кідаюць выклік яе інтарэсам, яе эканоміцы і яе каштоўнасьцям».
«Сутыкнуўшыся з гэтымі небясьпекамі, мы ведаем, слабасьць — гэта непазьбежны шлях да канфлікту, а непераможная сіла — самы надзейны спосаб нашай абароны», — сказаў Трамп.