У выніку пастаянных артабстрэлаў баевікамі ўкраінскага горада Дэбальцава «горад гарыць», у будынак гараддзелу міліцыі трапілі прамым ударам з установак «Град».
Пра гэта паведаміў кіраўнік абласнога ўпраўленьня МУС у Данецкай вобласьці Вячаслаў Аброськін ў Facebook’у.
«Баевікі зьнішчаюць Дэбальцава. Бесьперапынныя артабстрэлы па жылых дамах і будынках. Горад гарыць», — паведаміў ён.
Баевікі працягваюць перамяшчаць на тэрыторыю Ўкраіны дадатковыя сілы і назапашваць ваенную тэхніку і боепрыпасы, заявіў прэс-сакратар Антытэрарыстычнай апэрацыі Андрэй Лысенка.
«Пры падтрымцы рэгулярных падразьдзяленьняў РФ баевікі спрабуюць да 00:00 15 лютага вырашыць важныя для сябе тактычныя задачы па пашырэньні кантраляваных тэрыторый, перш за ўсё на дэбальцаўскім кірунку, пра што сьведчыць працяг жорсткіх баёў паблізу Дэбальцава», — цытуе Лысенку «Ўкраінская праўда».
Усяго ў ноч на 14 лютага баевікі адкрывалі агонь па пазыцыях сіл АТА 34 разы. Найбольшая колькасьць абстрэлаў зафіксавана на дэбальцаўскім кірунку. Таксама напружаная сытуацыя застаецца на луганскім і данецкім кірунках.