«Я патэлефанавала па 102 і заявіла пра выкраданьне мужа», — Наста Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Наста Дашкевіч распавяла карэспандэнту Свабоды падрабязнасьці затрыманьня Зьмітра Дашкевіча.

«Зьмітра затрымалі фактычна на выхадзе з нашага дому. Ён выйшаў у суседні падʼезд, дзе ёсьць памяшканьне падвальнага тыпу, у свой падвал. Ён туды пайшоў недзе а палове на пятую. Літаральна празь некалькі хвілін мне патэлефанавала мая сяброўка, якая жыве ў доме насупраць. Яна сказала, хутчэй бяжы, нейкія людзі круцяць Зьмітра, зьбіваюць і вядуць у аўтобус.

Я выскачыла з кватэры і пасьпела ўбачыць, як Зьмітра ўжо піхалі ў гэты аўтобус. Там былі міліцыянты ў цывільным. Мне яны нічога не адказвалі, сьмяяліся, як заўсёды паводзілі сябе жудасна і нахабна. Пасьпеў высунуцца Зьміцер, твар яго быў вельмі памяты. Ён пасьпеў толькі сказаць, каб я паведаміла пра затрыманьне. Бо гэта было напярэдадні мерапрыемства. Тэлефона ў яго з сабой няма, таму я ня ведаю, дзе ён зараз можа быць.

Я патэлефанавала 102 і заявіла пра выкраданьне мужа. І цяпер чакаю міліцыі. Я ж ня ведаю, куды яго павезьлі. У мяне ёсьць фатаздымак буса, нумара. Няхай мне скажуць. Бо ніякіх жа гарантыяў няма, што яго ціха-мірна адвязуць у Першамайскі РУУС і ён там будзе сядзець».

Наста Дашкевіч, архіўнае фота

— Як рэагавалі суседзі на затрыманьне Зьмітра?

— Некаторыя не хавалі сьлёз. Яны проста ў шоку. Яны добра ведаюць Зьмітра, ведаюць, чым ён займаецца, але самі па сабе вельмі апалітычныя. Наагул, Зьмітра тут любяць. Суседзі казалі, што Зьмітра зьбівалі, з гэтым і было зьвязана іх абурэньне. Маўляў, хоць ён іншай думкі, але як можна зьбіваць чалавека? Таму было шмат сьведак затрыманьня. Суседзі павылазілі з вокнаў і бальконаў, шмат хто павыходзіў, і нават крычалі наўздагон аўтобусу. Таму міліцыі давядзецца тут пахадзіць і паслухаць, што пра яе думаюць. Суседзі былі ў непрыхаваным шоку ад таго, што адбывалася. Таму я думаю, што кола прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў, прынамсі ў маім двары, павялічылася.

— Чым жа можа быць выклікана затрыманьне Зьмітра?

— Гэта зьвязана зь сёньняшнім мерапрыемствам «Маладога фронту» ля расейскай амбасады. Зьдзіўляе фармат такога брутальнага затрыманьня. Як некаторыя кажуць, выбары яшчэ ня скончыліся, а нэрвы ўжо здаюць. Відаць, Зьміцер асабіста дапёк сваімі досыць яркімі акцыямі, якія адбываліся цягам апошняга часу. І яны вырашылі пэўным чынам адпомсьціць. Таму нельга спадзявацца на законнасьць гэтага затрыманьня. Але хочацца яго ўбачыць праз тры гадзіны дома.