Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч апублікаваў на Facebook фота міліцэйскага пратаколу: ягоны паход у барбэршоп «Чэкіст» 9 студзеня названы «дробным хуліганствам».
Група актывістаў на чале са Зьмітром Дашкевічам і блогерам Эдуардам Пальчысам правяла гутарку з супрацоўнікамі барбэршопа, спрабавала разьвесіць плякаты з прозьвішчамі больш як сотні беларускіх інтэлігентаў, забітых у кастрычніцкую ноч 1937 году.
Актывісты спрабавалі давесьці, што «называцца супрацоўнікам карнага органа, які спрычыніўся да масавых рэпрэсій, — гэта як мінімум дэманстраваць няведаньне гісторыі» і што «з такім жа посьпехам, можна было ўзяць назву „Гестапавец“».
Згодна зь міліцэйскім пратаколам аб адміністрацыйным парушэньні, Дашкевіч «настырна навязваў сваю прысутнасьць», «у [неразборліва] форме патрабаваў зьмяніць назву і мэблю» і «наўмысна парушаў дзейнасьць» установы, чым выявіў «непавагу да грамадзтва». Сьведкамі выступілі супрацоўнікі барбэршопа Ільля Мятліцкі і Алег Кот.
Сам Дашкевіч — заснавальнік мэблевай кампаніі «Цесьляры» — абурыўся тым, што «аддавалі [барбэршопу] мэблю па сабекошце, але чэкісты заплацілі злом за прэдабрэйшае».
Паводле артыкулу 17.1 КаАП («дробнае хуліганства») могуць прысудзіць штраф ад 2 да 30 базавых велічыняў (49–735 рублёў на момант публікацыі) або адміністрацыйны арышт.
Лукашэнку ня сорамна за злачынствы чэкістаў
Чэкістамі ў СССР называлі работнікаў Усерасейскай надзвычайнай камісіі ў барацьбе з контрарэвалюцыяй і сабатажам (скарочана па-расейску ЧК), затым слова выкарыстоўвалі і ў дачыненьні «нашчадкаў» ЧК: НКВД, МГБ, КГБ.
Аляксандар Лукашэнка неаднаразова казаў сілавікам не саромецца назвы «чэкісты» і гісторыі спэцслужбаў у Беларусі. У апошні раз ён далучыў сябе да ліку чэкістаў — маўляў, «да нас прэтэнзіі выставіць цяжка», бо «мы былі часткай сыстэмы, і тым ня менш бясчынства ў нас у Беларусі заўсёды было менш».
«Продкі» беларускага КДБ пастаянна, ад самага 1917 году, удзельнічалі ў палітычных рэпрэсіях супраць беларусаў. Пад рэпрэсіі трапілі, паводле розных ацэнак, ад 600 тысяч да 1,4 мільёна беларусаў, але колькасьць ахвяраў дакладна невядомая — архівы, зьвязаныя зь імі, дагэтуль закрытыя. Але гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч забітых у часы сталінскіх рэпрэсіяў.